Га́рды ’горды, ганарысты, недаступны’ (Нас.), ’горды’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж га́рда ’горда’ (Нас., Касп.), га́рдасць ’гордасць’ (Нас.). Ст.-бел. гардый, гардо, гардость (Булыка, Запазыч.). Укр. га́рдий (ст.-укр. гардый). Запазычанне з польск. hardy ’тс’ (таксама gardy), hardość (gardość). Гл. Слаўскі, 1, 405; Булыка, Запазыч., 79; Цімчанка, I, 509; Рудніцкі, 1, 571. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 440.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЭФЕ́С (ням. Gefäss),

частка клінковай халоднай зброі (шаблі, шашкі, шпагі), якая складаецца з рукаяткі, крыжавіны, гарды (дужкі), хваставіка, аковак і інш.

Эфес клінковай зброі: 1 — гарда; 2 — дзяржанне; 3 — крыжавіна.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯТАГА́Н (тур. yatagan),

сякуча-колючая халодная зброя. Вядома з 16 ст. Асаблівасць Я. — лязо знаходзіцца на ўвагнутым баку клінка, эфес без гарды, рукаятка з пашырэннем, ножны з дрэва, абцягнутыя скурай або абліцаваныя металам. Агульная даўж. Я. 80 см, даўж. клінка 65 см, маса з ножнамі 1200 г, без ножан да 800 г. Акрамя Турцыі Я. выкарыстоўваўся ў арміях краін Б. Усходу, Балканскага п-ва і Паўд. Каўказа.

Ятаган.

т. 18, кн. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПІ́РА (ням. Rapir ад франц. rapiére),

колючая, радзей колюча-сякучая зброя. Вядома з 2-й пал. 17 ст. Уяўляла сабой прамы плоскі або гранёны стальны клінок з завостраным (у дуэльных Р.), затупленым або забяспечаным засцерагальным патаўшчэннем (у фехтавальных Р.) канцом і эфес. У канцы 19 ст. на аснове фехтавальнай Р. ўзнікла спартыўная колючая зброя, якая складаецца з лёгкага стальнога эластычнага клінка, эфеса (засцерагальнай чашападобнай гарды і рукаяткі). У звычайных (трэніровачных) Р. наканечнік на клінку нерухомы, у электрыфікаваных (выкарыстоўваюцца ў афіц. спаборніцтвах па фехтаванні з 1954) — з рухомым электракантактным устройствам.

Іспанская рапіра 17 ст.

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ШКА (ад кабардзіна-чэркескага са’-шхо, літар. — доўгі нож),

1) сякуча-колючая халодная зброя; адналязовы клінок невялікай крывізны (меншай, чым у шаблі) з 2-баковавострым пярэднім канцом, эфесам (без гарды) і ножнамі. Маса Ш. 1200 г, даўж. клінка 700—900 мм, шыр. 40 мм. Знаходзілася на ўзбраенні ў арміях і паліцыі шэрагу краін да сярэдзіны 20 ст. У Расіі — зброя ірэгулярнай (казацкай; у 18 ст.), рэгулярнай (у 19 ст.) кавалерыі, коннай артылерыі, афіцэраў усіх родаў войск (з канца 19 ст.), жандармерыі, коннай і пешай паліцыі. З ліквідацыяй кавалерыі і коннай артылерыі выкарыстоўвалася як парадная зброя. У 1940 уведзена парадная Ш. для агульнавайсковых генералаў і генералаў артылерыі (у 1949 заменена корцікам); з 1968 у СССР — ганаровая ўзнагародная халодная зброя.

2) Дымавая Ш. — сродак для дымапуску; метал. скрынка з адтулінамі ў верхняй частцы, запаламі і дымавой сумессю.

3) Падрыўная Ш. — спец. форма з прэсаванага выбуховага рэчыва. Выкарыстоўваецца для правядзення падрыўных работ.

Шашкі: 1 — азіяцка-каўказскага ўзору; 2 — афіцэрская ўзору 1909; 3 — кавалерыйская ўзору 1927.

т. 17, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́БЛЯ (венг. szablya ад szabni рэзаць),

від сякучай або сякуча-колючай халоднай зброі. Складаецца са стальнога клінка з выгнутым лязом, увагнутай спінкай, вастрыём на канцы і эфеса (рукаятка з цемляком і крыжавіны з перакрыжаваннем ва ўсх. Ш., або рукаяткі і гарды ў еўрап. Ш.); укладваецца ў ножны. Даўжыня 800—900 мм, шырыня 3—3,5 см. Першапачаткова вядома ў Персіі, Асірыі, Егіпце. У 9 ст. ад хазараў, полаўцаў і печанегаў трапіла на ўсх.-слав. землі; у рус. летапісах згадваецца з 10 ст. На Беларусі пад уплывам польскага і венг. ваен. мастацтва Ш. шырока выкарыстоўвалася з канца 16 ст., калі стала часткай баявога рыштунку лёгкай кавалерыі і ўлюбёнай зброяй шляхты. У 17 ст. шабельнікі ВКЛ сканструявалі «фурдумент» — спец. шчыток, які закрываў кісць рукі. Ш. бел. майстроў, у прыватнасці магілёўскіх, у 17 ст. карысталіся попытам у Польшчы і Расіі. З 18 ст. ў Еўропе і Расіі Ш. была на ўзбраенні лёгкай конніцы і каманднага складу ўсіх родаў войск. У 1881 у рас. арміі заменена шашкай і захавалася толькі ў гвардыі як парадная зброя. У СССР у 1940 уведзена парадная Ш. для генералаў, у 1949 заменена корцікам. Ш. эспадрон (франц. espadon ад ісп. espada шпага), колючая і сякучая зброя ў спарт. фехтаванні.

Гусарскія шаблі ўзору 16 ст. Венгрыя.

т. 17, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)