ША́ШКА (ад кабардзіна-чэркескага са’-шхо, літар. — доўгі нож),
1) сякуча-колючая халодная зброя; адналязовы клінок невялікай крывізны (меншай, чым у шаблі) з 2-баковавострым пярэднім канцом, эфесам (без гарды) і ножнамі. Маса Ш. 1200 г, даўж. клінка 700—900 мм, шыр. 40 мм. Знаходзілася на ўзбраенні ў арміях і паліцыі шэрагу краін да сярэдзіны 20 ст. У Расіі — зброя ірэгулярнай (казацкай; у 18 ст.), рэгулярнай (у 19 ст.) кавалерыі, коннай артылерыі, афіцэраў усіх родаў войск (з канца 19 ст.), жандармерыі, коннай і пешай паліцыі. З ліквідацыяй кавалерыі і коннай артылерыі выкарыстоўвалася як парадная зброя. У 1940 уведзена парадная Ш. для агульнавайсковых генералаў і генералаў артылерыі (у 1949 заменена корцікам); з 1968 у СССР — ганаровая ўзнагародная халодная зброя.
2) Дымавая Ш. — сродак для дымапуску; метал. скрынка з адтулінамі ў верхняй частцы, запаламі і дымавой сумессю.
3) Падрыўная Ш. — спец. форма з прэсаванага выбуховага рэчыва. Выкарыстоўваецца для правядзення падрыўных работ.