гарача...
Першая састаўная частка складаных слоў са знач. гарачы (у 1 знач.), напр.: гарачатрываласць, гарачаўстойлівы.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ВАРАШНІ́Н Леанід Рыгоравіч
(н. 20.2.1936, в. Альхоўка Курганскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1978). Скончыў Чэлябінскі політэхн. ін-т (1959). З 1962 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па хіміка-тэрмічнай апрацоўцы металаў і сплаваў. Прапанаваў металатэрмічны метад атрымання дыфузійных пакрыццяў шматмэтавага прызначэння (зноса-, гарача-, кавітацыйнаўстойлівых і інш.).
Тв.:
Антикоррозионные диффузионные покрытия. Мн., 1981.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ДЫ,
злучэнні металаў з борам. Маюць розную структуру, найб. пашыраны дыбарыды (МВ2) і гексабарыды (МВ6). Крышталічныя, утвараюць жорсткія падрашоткі ў выглядзе сетак, каркасаў. Барыдам уласцівы высокая цвёрдасць, металічная або паўправадніковая электраправоднасць, тугаплаўкасць, гарача- і зносаўстойлівасць, каразійная ўстойлівасць. Атрымліваюць з элементаў спяканнем ці сплаўліваннем у вакууме або аднаўленчым асяроддзі, аднаўленнем аксідаў металаў борам, сумессю бору з сажай ці карбідам бору. Выкарыстоўваюць у цвёрдых і гарачатрывалых сплавах, матэрыялах, як катоды магутных электронных прылад, абразівы, паглынальныя матэрыялы ў ядз. рэактарах, каталізатары, рэзістары.
т. 2, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАДЗІ́РАВАННЕ,
утварэнне плёнкі вокісу электрахімічным спосабам (электролізам) на паверхні метал, вырабаў. Пры анадзіраванні вырабы, апушчаныя ў электраліт, злучаюць з анодам крыніцы току. Вокісныя плёнкі (таўшчынёй 1—200 мкм) маюць павышаную цвёрдасць, гарача- і зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці, моцна злучаюцца з металам, з’яўляюцца добрай асновай для лакафарбавых пакрыццяў. Анадзіруюць пераважна алюміній і яго сплавы. Анадзіраванне выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для аховы вырабаў ад карозіі), прыладабудаванні (для аховы прылад ад мех. і хім. уздзеянняў і дэкар. ўпрыгажэння), самалётабудаванні і радыёэлектроніцы.
т. 1, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАСТВО́РЫ.
Выкарыстоўваюць для каменнай муроўкі, мантажу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый, аховы метал. канструкцый і закладных дэталяў ад карозіі, для гідра-, цепла- і гукаізаляцыі будынкаў і збудаванняў. Атрымліваюць з сумесі вяжучага рэчыва (з вадой, часам без яе), дробнага запаўняльніку і дабавак (пры неабходнасці). Яны здольныя зацвердзяваць, склейваць каменныя матэрыялы і ўтвараць ахоўныя слаі буд. канструкцый.
Адрозніваюць будаўнічыя растворы: муравальныя, аддзелачныя (тынкавальныя, дэкаратыўныя) і спецыяльныя (ін’екцыйныя, тампанажныя, гарача- і кіслотаўстойлівыя, рэнтгенаахоўныя, акустычныя); цяжкія (шчыльнасць больш за 1500 кг/м³) і лёгкія (менш за 1500 кг/м³); цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя і мяшаныя (цэментна-гліняныя, цэментна-вапнавыя, вапнава-гіпсавыя, палімерцэментныя, цэментна-перхлорвінілавыя). Будаўнічыя растворы рыхтуюць звычайна на аўтаматызаваных растворных з-дах і вузлах, дастаўляюць на буд. аб’екты ў спец. аўтацыстэрнах або аўтамабілях-самазвалах. Для зімовай муроўкі і тынкоўкі ў сумесь уводзяць процімарозныя дабаўкі, для павышэння тэхнал. якасцей і тэхн. характарыстык — пластыфікавальныя і паветраўцягвальныя дабаўкі. У дэкар. Будаўнічыя растворы дабаўляюць святло-, шчолача- і кіслотаўстойлівыя пігменты, спец. запаўняльнікі.
І.І.Леановіч.
т. 3, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)