Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Гандлёвыя збудаванні 3/335—336, 597; 6/490
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
тып гандлёвых збудаванняў, якія складаюцца з шэрагу крам, злучаных у суцэльны корпус. У Зах. Еўропе пашыраны з часоў сталага сярэднявечча (Брэмен, Кракаў, Прага), у Расіі — у 17—19 ст. (Кастрама, Яраслаўль) у стылі класіцызму. На Беларусі вядомыя з 16 ст. Будавалі з цэглы, радзей з дрэва, пераважна ў гарадах і мястэчках. Замкнёныя гандлёвыя рады ўтваралі прамавугольную ці квадратную ў плане гандлёвую плошчу (у Полацку, Шклове, Брэсце, Антопалі, Паставах), П-падобныя аб’ядноўваліся з ратушамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У гэтым выявіліся рысы архітэктуры барока. У 2-й пал. 18—19 ст. сфарміраваліся гандлёвыя рады, вырашаныя аднарадным пагонам у цэнтры плошчы, з двухбаковай арыентацыяй крам (у Пружанах), Т-падобныя і двухрадковыя, якія ўтваралі гандлёвую вуліцу (у Пінску). Іх фасады часта аздаблялі галерэямі і аркадамі. Найбольшыя манум.гандлёвыя рады, якія апроч гандл. і складскіх уключалі адм.-грамадскія памяшканні і пабудовы, названыя гасцінымі дварамі.
Ю.А.Якімовіч.
Гандлёвыя рады ў Кракаве (Польшча).Гандлёвыя рады ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. 1896.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
прафесійныя навуч. ўстановы, якія рыхтуюць прадаўцоў, кандытараў, афіцыянтаў і інш. работнікаў для сістэмы дзярж.гандлю, грамадскага харчавання і спажывецкай кааперацыі. Прымаюць асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 1—3 гады. У 1996/97 навуч.г. на Беларусі падрыхтоўку спецыялістаў гэтага профілю ажыццяўлялі: Баранавіцкі, Гомельскі, Гродзенскі, Маладзечанскі, Мінскі, Полацкі вучэбна-вытв. комплексы (ПТВ-тэхнікумы) Магілёўскае і Нарачанскае каап.прафес.-тэхн. вучылішчы, гандл. вучылішчы ў Бабруйску, Брэсце, Гомелі, Гродне, Мінску, а таксама Мінскае вышэйшае прафесійнае вучылішча гандлю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІЯ ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1812 у цэнтры горада на гандл. плошчы (цяпер вул. Мінская). Выцягнуты прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжаных фасадаў. Гал. фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Вакол будынка абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. У 1953 зменена планіроўка будынка, гал. фасад абліцаваны керамічнай пліткай. Выкарыстоўваюцца пад гандл. прадпрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ РА́ТУША І ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
помнікі архітэктуры 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл.Ратуша ўзведзена каля 1596 з цэглы на б. Рыначнай пл. Перабудавана ў 1752 у стылі позняга барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з 6-яруснай вежай (4 ніжнія чацверыкі, 2 верхнія васьмерыкі), завершанай гранёным купалам з ліхтаром. У 1836 пажарам знішчана завяршэнне вежы. У сярэдзіне 19 ст. чацверыкі накрыты пакатым шатровым дахам; асн. аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўд. тарцы. У 1990-я г. адноўлена ў першапач. выглядзе паводле праектнага плана канца 16 ст. і гравюры Т.Макоўскага 17 ст. Фасады амаль пазбаўлены дэкору. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаны драўлянымі ўсходамі. Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынка. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрыты праёмамі ў бок праездаў; частка гандл. памяшканняў знаходзілася ў 1-м ярусе ратушы. У сярэдзіне 18 ст.гандл. рады перабудаваны: прадоўжаны за будынак ратушы, абкружылі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутр. замкнёны дворык; ячэйкі-крамы пераарыентаваны праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандл. радоў накрыты 1-схільнымі дахамі (са схілам у бок унутр. двара). Вулічныя фасады вырашаны ў выглядзе аркады, завершаны высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы.