вадаспад на Пд Францыі, у Пірэнеях, у вярхоўях р. Гаўдэ-По (бас.р. Адур). Выш. 422 м (адзін з самых высокіх у свеце). Спадае 12 патокамі са схілаў найб. ў Еўропе ледавіковага цырка Гаварні. ГЭС. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВАРНІ́ (Gavarni) Поль [сапр.Шэвалье
(Chevalier) Іпаліт Гіём Сюльпіс; 13.1.1804, Парыж — 23.11.1866], французскі графік. Працаваў карыкатурыстам і ілюстратарам парыжскіх часопісаў. Жывыя, выразныя, часта поўныя гумару літаграфіі, малюнкі, акварэлі на тэмы з жыцця мяшчан, гар. беднаты, студэнтаў, маст. багемы: серыі «Жаночыя хітрыкі», «Студэнты і ларэткі», «Актрысы», «Акцёры», «Кулісы», «Фізіяноміі спевакоў» (усе 1837—47),
«Маскі і твары» (1852—53). У 1847—51 працаваў у Вялікабрытаніі, рабіў для лонданскіх выданняў малюнкі з гар. жыцця. Ілюстраваў творы А.Бальзака, В.Гюго, Э.Сю; намаляваў партрэты А.Мюсэ і А.Мюржэ; пісаў навелы і эсэ.
П.Гаварні. Літаграфія з серыі «Фізіяноміі спевакоў» 1844.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гаварні П. 5/468; 6/390
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫКАТУ́РА (італьян. caricatura ад caricare нагружаць, перабольшваць),
спосаб маст. тыпізацыі, выкарыстанне сродкаў шаржу і гратэску для крытычна накіраванага, тэндэнцыйнага перабольшвання і падкрэслівання негатыўных бакоў жыццёвых з’яў або асоб з мэтай іх выкрыцця і высмейвання; спецыфічная галіна праяўлення камічнага ў выяўл. мастацтве праз сатыр. ці гумарыстычную выяву. У шырокім сэнсе К. — усякі вобраз, дзе свядома ствараецца камічны эфект, спалучаюцца рэальнае і фантастычнае, перабольшваюцца і завастраюцца характэрныя рысы фігуры, твару, адзення, паводзін людзей, змяняюцца іх суадносіны з навакольным асяроддзем, выкарыстоўваюцца незвычайныя супастаўленні і інш. У вузкім сэнсе К. — асобны жанр выяўл. мастацтва (пераважна графікі), форма сатыры. Росквіт К. звычайна звязаны з перыядамі буйных грамадскіх канфліктаў паліт. нестабільнасці, войнамі і інш.
Элементы К. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта, ант. свету, сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Зараджэнне К. як жанру звязана з Сялянскай вайной 1524—26 у Германіі, Рэфармацыяй, першымі бурж. рэвалюцыямі 16-18 ст. у Нідэрландах, Англіі, Францыі. Была пашырана і ў форме лубка (Расія, Кітай). Самастойная эстэт. значнасць К. тэарэтычна асэнсавана ў пач. 19 ст. рамантыкамі. Вял. роля ў развіцці сусв. К. належыць У.Хогарту, Дж.Гілрэю (Англія), Ж.Гросу (Германія), Ф.Гоі (Іспанія), А.Дам’е, П.Гаварні (Францыя), Х.Бідструпу (Данія), І.Церабянёву, А.Венецыянаву, П.Баклеўскаму, Кукрыніксам (Расія).
У бел. мастацтве сатыр. накіраванасць, шаржыраванне вядомы з эпох сярэдневякоўя і Адраджэння (асобныя мініяцюры рукапісаў, шарж на С.Буднага і інш.). Як асобны жанр выяўл. мастацтва К. вызначылася ў 19 — пач. 20 ст. ў графічных работах А.Баргэльса, К.Бахматовіча, Я.Дамеля, М.Мікешына. У пач. 20 ст. развіццё К. звязана з рэв. рухам (К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.). У час грамадз. вайны К. пашырылася ў «Вокнах РОСТА», якія існавалі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і інш. Да яе звярталіся А.Быхоўскі, П.Гуткоўскі, Я.Целішэўскі. Вострай сатыр. накіраванасцю вылучаліся К. зах.бел. час. «Маланка» (мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, В.Сідаровіч). У Вял.Айч. вайну антыфаш. К. друкаваліся ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка» (мастакі В.Букаты, В.Козак, Г.Вальк, М.Гуціеў, Дз.Красільнікаў і інш.). Пасля вайны найб. інтэнсіўна К. развіваецца ў час. «Вожык». Сярод мастакоў: М.Лісоўскі, Я.Бусел, Р.Грамыка, М.Гурло, В.Ждан, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.
Літ.:
Ефимов Б.Е. Основы понимания карикатуры. М., 1961;
Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971;
Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;
Полевой В.М. Двадцать лет французской графики. М., 1981.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Карыкатура. П.Лепяшынскі. Паліцэйскі ўчастак. 1905.Да арт.Карыкатура. Кукрыніксы. «Згубіла я пярсцёнак...» (а ў пярсцёнку 22 дывізіі). 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАГРА́ФІЯ (ад літа... + ...графія),
від тыражнай графікі; спосаб плоскага друку, твор, выкананы літаграфскім спосабам. Друкарскай формай у Л. з’яўляецца гладкая (для ўзнаўлення пёравай графікі) або зярністая (для ўзнаўлення алоўкавага малюнка) паверхня літаграфскага каменю, часам цынкавай ці алюм. пласцінкі, на якую нанесена выява тлустай тушшу (пяром або пэндзлем) ці літаграфскім алоўкам. Часам выяву пераносяць на камень з малюнка, выкананага на спец. пераводнай паперы — корнпапіры. Пасля спец.хім. апрацоўкі каменю, паслядоўнага нанясення на яго паверхню вады і фарбы праводзяць друкаванне. Л. ўласцівы вял. свабода аўтарскага выканання, разнастайнасць маст. сродкаў пры вял. дакладнасці ўзнаўлення, параўнальная прастата тэхнікі. Мадыфікацыі Л.аўталітаграфія, амаграфія, хромалітаграфія і інш.
Вынайдзена А.Зенефельдэрам у Германіі ў 1798. У 19—20 ст.Л. адыграла важную ролю ў развіцці карыкатуры, ілюстрацыі, плаката, прыкладной графікі. Сярод вядучых майстроў 19 ст. П.Гаварні, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Ф.Гоя, Т.Жэрыко. Новыя маст. магчымасці Л. былі адкрыты майстрамі імпрэсіянізму (Э.Манэ, А.Рэнуар, Э.Дэга, К.Пісаро), ням. экспрэсіяністамі (М.Ліберман), мастакамі ЗША (Дж.Уістлер). У канцы 19 — пач. 20 ст. асаблівую вастрыню. драматызм і адначасова дэкар. выразнасць прыўнеслі ў Л. Э.Вюяр, П.Пікасо, А.Рэдон, А. дэ Тулуз-Латрэк у Францыі, Ф.Ропс у Бельгіі, Э.Мунк у Нарвегіі, Р.Кент у ЗША, Я.Кібрык, П.Кузняцоў, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, М.Радзіёнаў у Расіі.
На Беларусі Л. існуе з 1-й пал. 19 ст. У яе развіцці значную ролю адыграла Віленская літаграфская майстэрня, засн. ў 1819—21. Сярод першых літографаў Ф.Славецкі, Я.Рустэм, К.Кукевіч. Да Л., у т. л. каляровай, звярталіся Ю.Азямблоўскі, К.Бахматовіч, А.Бартэльс, Я.Дамель, М.Кулеша, Н.Орда, І.Хруцкі і інш. У 1920-я г. літаграфская майстэрня ўзнікла пры Віцебскім маст.-практычным ін-це (з 1923 маст. тэхнікум). У 1920—40-я г. ў тэхніцы Л. працавалі Я.Горыд, Н.Галоўчанка, П.Гуткоўскі, М.Малевіч, Н.Сасноўская, М.Філіповіч, Ф.Фогг, М.Чураба. Вял. значэнне для развіцця бел.Л. мела стварэнне эстампных майстэрняў пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1953) і Маст. фондзе Беларусі (1956). Літаграфічныя станковыя серыі, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, партрэты, краявіды, ілюстрацыі, экслібрысы і інш. выкананы бел. мастакамі В.Александровічам, Л.Асецкім, У. і М.Басалыгамі, С.Волкавым, Ю.Выхадцавым, С.Герусам, П.Дурчыным, Ю.Зайцавым, А.Кашкурэвічам, А.Лось, Г. і Н. Паплаўскімі, А.Паслядовіч, У.Пашчасцевым, У.Піменавым, С.Раманавым, І.Раманоўскім, У.Савічам, У.Сакаловым, М.Селяшчуком, Ю.Тышкевічам, В.Шаранговічам і інш.Л. — адна з гал. форм бел.эстампа. Іл.гл. таксама да арт.Графіка.
Літ.:
Суворов П.И. Искусство литографии. 4 изд. М., 1964;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979.
В.Я.Буйвал, І.Л.Чэбан.
Да арт.Літаграфія. Я.Кібрык. Ласачка. Ілюстрацыя да рамана Р.Ралана «Кала Бруньён». 1934—36.Да арт.Літаграфія. А. дэ Тулуз-Латрэк. Японская канапа. 1893.Да арт.Літаграфія. Р. Кент. Вяршыня.Да арт.Літаграфія. Н.Паплаўская. Нядзеля. 1993.