ВІТА́ЧАК (Яўген Францавіч) (29.4.1880, г. Скленаржыцы, Чэхія — 16.11.1946),

расійскі скрыпічны майстар. Засл. майстар Рэспублікі (1924). Засл. дзеяч маст. Расіі (1932). Адзін з арганізатараў 1-й Дзярж. школы скрыпічных майстроў (1918). З 1919 хавальнік і эксперт Дзярж. калекцыі унікальных муз. інструментаў. Стварыў уласную мадэль скрыпкі, заснаваную на распрацаваным ім метадзе т.зв. гарманічнай настройкі дэк. Інструменты Вітачака адметныя якасцю гуку, вытанчанасцю формы, прыгажосцю аддзелкі. Лаўрэат усерас. конкурсаў струнных інструментаў (1913, 1926). Вітачаку прысвечаны раман чэш. пісьменніцы М.​Кацяткавай «Скрыпічны майстар пайшоў на Усход» (1954).

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (20.4.1881, г. Модлін, цяпер Новы-Двор-Мазавецкі, Польшча — 8.8.1950),

расійскі кампазітар, педагог, муз. крытык. Нар. арт. СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911), вучань А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава, Я.Вітала. З 1921 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Удзельнічаў у арганізацыі Дзярж. муз. выд-ва. Адзін з найб. значных сімфаністаў 20 ст. Яго творчасці ўласцівы самабытнае ўвасабленне класічных традыцый, шырокія абагульненні, разнастайнасць тэм і вобразаў, зварот да муз. фальклору пры даволі свабоднай яго інтэрпрэтацыі, пошукі новага. Сярод твораў: 27 сімфоній (1908—49), 3 сімфаньеты (2 для стр. арк.), сімф. прытча «Маўчанне» паводле Э.​По (1910), сімф. паэма «Аластар» паводле П.​Б.​Шэлі (1913), уверцюры (1939, 1947); «Славянская рапсодыя» (1946), канцэрты для скрыпкі (1938), віяланчэлі (1944) з арк., творы для духавога арк., камерна-інстр., у т. л. 13 стр. квартэтаў (1930—49); санаты для скрыпкі і фп. (1947), 2 для віяланчэлі і фп. (1911, 1942), 9 санат (1909—49) і п’есы для фп., кантаты, хары, рамансы (больш за 100) і інш. Стварыў кампазітарскую школу. Сярод вучняў: А.​Вепрык, Ф.​Вітачак, Дз.Кабалёўскі, В.Мурадэлі, М.​Пяйко, М.Тулебаеў, А.Хачатуран, Б.Чайкоўскі, В.Шабалін, А.Эшпай. Аўтар артыкулаў пра творчасць рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1950, 1951.

Літ.:

Асафьев Б.В. Избр. труды. Т. 5. М., 1957;

Долинская Е. Мясковский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;

Гулинская З.К. Н.​Я.​Мясковский. 2 изд. М., 1985;

Кудряшов Ю. Н.​Я.​Мясковский. Л., 1987.

Т.​А.​Дубкова.

М.Я.Мяскоўскі.

т. 11, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)