МЯСКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (20.4.1881, г. Модлін, цяпер Новы-Двор-Мазавецкі, Польшча — 8.8.1950),

расійскі кампазітар, педагог, муз. крытык. Нар. арт. СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911), вучань А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава, Я.Вітала. З 1921 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Удзельнічаў у арганізацыі Дзярж. муз. выд-ва. Адзін з найб. значных сімфаністаў 20 ст. Яго творчасці ўласцівы самабытнае ўвасабленне класічных традыцый, шырокія абагульненні, разнастайнасць тэм і вобразаў, зварот да муз. фальклору пры даволі свабоднай яго інтэрпрэтацыі, пошукі новага. Сярод твораў: 27 сімфоній (1908—49), 3 сімфаньеты (2 для стр. арк.), сімф. прытча «Маўчанне» паводле Э.По (1910), сімф. паэма «Аластар» паводле П.Б.Шэлі (1913), уверцюры (1939, 1947); «Славянская рапсодыя» (1946), канцэрты для скрыпкі (1938), віяланчэлі (1944) з арк., творы для духавога арк., камерна-інстр., у т.л. 13 стр. квартэтаў (1930—49); санаты для скрыпкі і фп. (1947), 2 для віяланчэлі і фп. (1911, 1942), 9 санат (1909—49) і п’есы для фп., кантаты, хары, рамансы (больш за 100) і інш. Стварыў кампазітарскую школу. Сярод вучняў: А.Вепрык, Ф.Вітачак, Дз.Кабалёўскі, В.Мурадэлі, М.Пяйко, М.Тулебаеў, А.Хачатуран, Б.Чайкоўскі, В.Шабалін, А.Эшпай. Аўтар артыкулаў пра творчасць рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1950, 1951.

Літ.:

Асафьев Б.В. Избр. труды. Т. 5. М., 1957;

Долинская Е. Мясковский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;

Гулинская З.К. Н.Я.Мясковский. 2 изд. М., 1985;

Кудряшов Ю. Н.Я.Мясковский. Л., 1987.

Т.А.Дубкова.

М.Я.Мяскоўскі.

т. 11, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)