Ві́рнік ’ніжняя частка ганчарнага круга’ (Жд., 1). Польск. wirniak ’верхняя частка ганчарнага круга’. Утворана ад прыметніка вірны (гл.) і суф. ‑ік.

Вірнік ’нячысцік у вірыстай вадзе’ (Нік., Оч.) паходзіць ад вір1 (гл.) і суф. Nomina agentis ‑нік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАДЗЯНІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).

М.Ф.Піліпенка.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)