Вілюй (р.) 3/91

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЮ́Й,

рака на З Усх. Сібіры, левы прыток Лены, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2650 км, пл. бас. 454 тыс. км². Цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. У вярхоўях перасякае балоціста-азёрную раўніну, ніжэй цячэ ў вобласці развіцця трапаў, мае даліну горнага характару з каньёнападобнымі (да 160 м) звужэннямі. Ніжэй с. Сунтар даліна расшыраецца. Ад г. Вілюйска да вусця цячэ ў межах Цэнтральнаякуцкай раўніны, мае нізкія берагі, рэчышча разбіваецца на шматлікія пратокі. Асн. прытокі: Чона, Улахан-Батуобуя, Ачугуй-Батуобуя (справа), Марха, Цюнг (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля пас. Хатырык-Хом 1190 м³/с. Каля пас. Чарнышэўскі ГЭС і вадасховішча. Суднаходная на 1317 км ад вусця, пры попусках з вадасховішча да Чарнышэўскага. Рыбалоўства (асётр, таймень, лянок, нельма і інш.). У бас. Вілюя радовішчы алмазаў (Мірны і інш.), вугалю, газу і інш. Гал. прыстані: Сунтар, Нюрба, Вілюйск.

т. 4, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЮ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Вілюй, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1965. Пл. 2170 км², аб’ём вады 35,88 км³. Даўж. 470 км. Ваганні ўзроўню да 8 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і суднаходства.

т. 4, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЮ́ЙСКАЕ ПЛАТО́,

на У Сярэднесібірскага пласкагор’я, у бас. верхняга цячэння р. Вілюй, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. каля 400 км. Выш. да 962 м. Складзена з трапаў. Па схілах — рэдкастойная лістоўнічная тайга, на плоскіх вяршынях — тундра.

т. 4, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НА,

рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл. бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс. км2), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн. т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач. чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.

Літ.:

Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;

Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.

Рака Лена.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)