ВІ́ЛЬСАН,
Уілсан (Wilson) Томас Вудраў (28.12.1856, г. Стантан, штат Віргінія, ЗША — 3.2.1924), дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1879), праф. права і паліт. эканоміі (1890—1902), рэктар (1902—10) у ім.
Губернатар штата Нью-Джэрсі (1910—12). Двойчы перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах ад Дэмакр. партыі, 28-ы прэзідэнт ЗША (1913—21). Адміністрацыя Вільсана ў першыя гады яго прэзідэнцтва правяла шэраг прагрэс. рэформаў (прыняцце закону аб тарыфах і падаходным падатку, антытрэстаўскага закону, увядзенне 8-гадзіннага прац. дня на чыгунцы і інш.). У міжнар. палітыцы дэклараваў імкненне зрабіць ЗША вядучым абаронцам міру, аднак пры Вільсане ЗША ажыццявілі інтэрвенцыю ў Мексіку, акупіравалі Гаіці і Санта-Дамінга. У 1-ю сусв. вайну Вільсан, урад якога да 1917 прытрымліваўся нейтралітэту, спрабаваў ініцыіраваць мірныя перагаворы варагуючых бакоў, у пач. 1917 Вільсан прапанаваў кангрэсу ЗША план усталявання міру шляхам стварэння Лігі Нацый. Пры Вільсане ЗША аб’явілі вайну Германіі (крас. 1917), ажыццявілі інтэрвенцыю ў Сав. Расію. Вільсан — аўтар праграмы міру з 14 пунктаў (уключала і пункт аб стварэнні Лігі Нацый), актыўны ўдзельнік распрацоўкі і прыняцця Версальскага мірнага дагавора 1919. Нобелеўская прэмія міру 1919.
т. 4, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН,
Уілсан (Wilson) Роберт Вудраў (н. 10.1.1936, г. Х’юстан, штат Тэхас, ЗША), амерыканскі фізік. Чл. Нацыянальнай АН (1979). З 1962 у Лабараторыях Бэл.-Тэлефон. Навук. працы па радыёастраноміі і касм. фізіцы. Выявіў эксперыментальна рэліктавае фонавае радыёвыпрамяненне з т-рай 3 К, якое запаўняе ўвесь Сусвет (1965). Адкрыў касм. дэйтэрый і вызначыў яго распаўсюджанасць у Сусвеце (1973). Нобелеўская прэмія 1978.
т. 4, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН,
Уілсан (Wilson) Кенет Гедэс (н. 8.6.1936, г. Уолтэм, ЗША), амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нацыянальнай АН. Скончыў Гарвардскі ун-т (1956), дзе працаваў у 1959—62. З 1963 у Корнелскім ун-це (з 1971 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, тэорыі элементарных часціц і стат. фізіцы. Прапанаваў тэорыю фазавых пераходаў другога роду (тэорыя Вільсана), у якой даў дакладнае тлумачэнне тэмпературнай залежнасці цеплаёмістасці пры малых тэмпературах. Нобелеўская прэмія 1982.
т. 4, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН,
Уілсан (Wilson) Чарлз Томсан Рыс (14.2.1869, Гленкарс, каля г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 15.11.1959), англійскі фізік. Чл. Брытанскага каралеўскага т-ва (1900). Скончыў Манчэстэрскі (1887) і Кембрыджскі (1892) ун-ты. У 1900—34 у Кембрыджскім ун-це (з 1925 праф.). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядзернай фізіцы. Даследаваў кандэнсацыю пары пры ўздзеянні розных агентаў. Устанавіў, што пры пэўных умовах зараджаныя іоны становяцца цэнтрамі кандэнсацыі вадзяной пары і рух іонаў становіцца бачным (1897); стварыў прыладу для назірання і фатаграфавання слядоў (трэкаў) зараджаных часціц (гл. Вільсана камера). Нобелеўская прэмія 1927.
т. 4, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН,
Уілсан (Wilson) Джэймс Гаральд (11.3.1916, г. Хадэрсфілд, Вялікабрытанія — 24.5.1995), дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т, з 1937 выкладаў там эканоміку. У 1940—44 ва ўрадавым апараце, з 1945 чл. парламента, у 1947—51 міністр гандлю. З 1952 чл. выканкома, з 1963 лідэр Лейбарысцкай партыі. Прэм’ер-міністр у 1964—70 і 1974—76. Эканам. праграма Вільсана — жорсткія абмежавальныя меры для выхаду з фін. крызісу, дэвальвацыя фунта і інш. Пры Вільсане Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, узмацніла сувязі з НАТО. Пасля трэцяй перамогі на выбарах 1976 нечакана пайшоў у адстаўку. Працы па эканам. пытаннях.
т. 4, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)