вячэ́рніца

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. вячэ́рніца вячэ́рніцы
Р. вячэ́рніцы вячэ́рніц
Д. вячэ́рніцы вячэ́рніцам
В. вячэ́рніцу вячэ́рніц
Т. вячэ́рніцай
вячэ́рніцаю
вячэ́рніцамі
М. вячэ́рніцы вячэ́рніцах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

вячэ́рніца I ж., разг. (учащаяся) вече́рница

вячэ́рніца II ж., зоол. вече́рница

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вячэ́рніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да вячэрнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вячэ́рніца1 ’вячэрняя зорка, планета Венера’ (Інстр. I, Касп., Мат. Гом.), Укр. вечерниця, рус. вечерница, польск. wiecze(o)rnica, памор. večérńica, в.-луж. wječornička, чэш. večerníce, славац. večernica, серб.-харв. večernica, večérnjača, славен. večęrnica, макед. вечерница, балг. вечерница ’тс’. Агульнае ўтварэнне ад večerьnъ ці ад выразу тыпу «вячэрняя зорка». Адносна семантыкі параўн. тураў.: «Вячэрня зора, бо першая з вечара сходзіць» (КСТ).

Вячэ́рніца2 ’Nyctalus noctula’ (КТС), вячэрнік ’кажан’ (Інстр. II). Ад вячэрні з дапамогай суфікса ‑іц‑а. Назва адлюстроўвае спосаб жыцця кажаноў, якія палююць пасля заходу сонца. Бел. вячэрнік (суф. ‑ік) атрымоўвае фармальную, незалежную паралель у выглядзе рус. вечерник ’вячэрні матылёк’ (Даль), балг. вечерница ’тс’ (БЕР).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вячэ́рнік, -а, мн. -і, -аў, м. (разм.).

Навучэнец вячэрняй навучальнай установы.

|| ж. вячэ́рніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Рыжая вячэрніца 12/45 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РНІЦЫ (Nyctalus),

род млекакормячых сям. гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй, Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у шыракалістых і мяшаных лясах. На Беларусі 3 віды. Найб. пашыраны вячэрніца рыжая (Nyctalus noctula), селіцца ў старых высакастволых лясах, парках, гаях, старых садах. Вячэрніца гіганцкая (Nyctalus lasiopterus) і вячэрніца малая (Nyctalus leisleri) трапляюцца радзей. Вячэрніца гіганцкая — рэдкі пералётны від (уся тэр. рэспублікі ў межах арэала, зарэгістравана знаходка ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл.); селіцца ў мяшаных насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі. Вячэрніца малая трапляецца ў лісцевых лясах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 10,4 см, хваста да 6,5, перадплечча да 6,9 см. Маса да 76 г. Вушы круглаватыя, тоўстыя, сабраныя ў складкі. Крылы вузкія, доўгія, завостраныя на канцах. Поўсць густая, шаўкавістая, зверху ад рыжага да карычневага колеру, знізу святлейшая. Кормяцца на змярканні і на досвітку насякомымі. У прыплодзе 1—2 дзіцянят. Робяць далёкія сезонныя міграцыі.

Вячэрніцы: 1 — гіганцкая; 2 — рыжая; 3 — малая.

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вече́рницаII (учащаяся) прост. вячэ́рніца, -цы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

КАЖАНЫ́, лятучыя мышы (Microchiroptera),

падатрад гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 20 сям., больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 15 відаў, найб. пашыраны вячэрніца рыжая (гл. Вячэрніцы), начніцы вадзяная і вусатая (гл. Начніцы), вушан звычайны, нетапыр-карлік і кажан двухколерны. Селяцца ў пячорах, дуплах дрэў, на гарышчах. Утвараюць калоніі.

Даўж. цела да 14 см. Зубы дробныя, вострыя. Зрок развіты слаба. Арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Гетэратэрмныя (у перыяд спакою т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя). Ва ўмовах умеранага і халоднага клімату зімой упадаюць у спячку, некат. мігрыруюць. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці Большасць насякомаедныя. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў і 3 падвіды.

Э.​Р.​Самусенка.

Кажаны 1 — двухколерны; 2 — позні; 3 — нетапыр-карлік; 4 — нетапыр лясны.

т. 7, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.​Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, С.​Ясеніна, М.​Забалоцкага, А.​Міцкевіча, Р.​Кіплінга, Э.​Хемінгуэя і інш.

І.​У.​Саламевіч.

Я.В.Міклашэўскі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)