Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСІДЫЯ́Н (ад лац. Obsidianus lapis) камень Абсідыя),
прыроднае вулканічнае шкло чорнага, цёмна-шэрага, карычневага, чырвонага колераў, з рэжучым сколам. Бляск шкляны. Цв. 5. Шчыльн. 2500—2600 кг/м³. Лёгка паліруецца. Утвараецца пры хуткім ахалоджванні вязкай кіслай лавы. Выкарыстоўваецца як напаўняльнік лёгкіх бетонаў і вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦАВЫ КА́МЕНЬ,
спажывецкая назва некаторых разнавіднасцей светлаафарбаваных палявых шпатаў, якім уласціва апалесцэнцыя або серабрыста-сіняватая ірызацыя. Эфектам М.к. валодаюць асобныя рознасці паўпразрыстага адуляру, плагіяклазу (напр., т.зв. «беламарыт»), зрэдку мікракліну. Трапляецца ў пегматытах. Лепшыя ўзоры ірызуючага плагіяклазу паходзяць са скальных агаленняў Кій-вострава на Белым моры. Каштоўны вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТУРЫ́Н,
мінерал, шчыльны празрысты дробназярністы кварц з уключэннямі гематыту, слюды і інш. Колер серабрыста-белы, чырванавата-буры, залаціста-жоўты, радзей зялёны, сіні. Бляск мігатлівы, іскрысты, з пералівамі. Радовішчы звязаны з метамарфічнымі тоўшчамі кварцытаў. Выкарыстоўваецца як вырабны камень (вазы і інш.). Штучны авантурын — карычневае шкло з уключэннямі лісцікаў метал. медзі, што надае яму залацісты бляск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗАНІ́Т (ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),
мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш. Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.