во́ўпаўскі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. во́ўпаўскі во́ўпаўская во́ўпаўскае во́ўпаўскія
Р. во́ўпаўскага во́ўпаўскай
во́ўпаўскае
во́ўпаўскага во́ўпаўскіх
Д. во́ўпаўскаму во́ўпаўскай во́ўпаўскаму во́ўпаўскім
В. во́ўпаўскі (неадуш.)
во́ўпаўскага (адуш.)
во́ўпаўскую во́ўпаўскае во́ўпаўскія (неадуш.)
во́ўпаўскіх (адуш.)
Т. во́ўпаўскім во́ўпаўскай
во́ўпаўскаю
во́ўпаўскім во́ўпаўскімі
М. во́ўпаўскім во́ўпаўскай во́ўпаўскім во́ўпаўскіх

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ВО́ЎПАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,

помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1773 у в. Воўпа біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёла 16 ст. Рэстаўрыраваны ў 1889. Падоўжаны 1-нефавы аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр. ч. ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершана атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораны дзвюма 2-яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Прастору нефа замыкае драўляны разьбяны гал. алтар (1-я пал. 17 ст.; спалучае рысы маньерызму і ранняга барока; майстар невяд.), багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Фундатар алтара падканцлер Казімір Леон Сапега. У прыбудове размешчаны алтар Маці Божай Ружанцовай (1-я пал. 17 ст.).

Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎПА,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на Пн ад г. Ваўкавыск, 65 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Рось, на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. 848 ж., 337 двароў (1996).

У 1-й пал. 15 ст. сяло і двор, належала вял. кн. ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку, з 1449 — кн. Гальшанскім. У канцы 15 — пач. 16 ст. мястэчка Гарадзенскага пав. У дакументах 16 ст. згадваецца двор Воўпа з замкам і мястэчкам.

З 2-й пал. 16 ст. зноў велікакняжацкае ўладанне. У 1624—1831 належала Сапегам. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1893 — 2027 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. У 1965—67 у Мастоўскім р-не. У 1970 — 956 жыхароў.

Каля вёскі Воўпаўская ГЭС. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік архітэктуры — Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля (1773).

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ РАЁН,

на ПдЗ Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,1 тыс. км². Нас. 39,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ваўкавыск; гар. пасёлкі Краснасельскі і Рось, 194 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Ваўкавыскі, Воўпаўскі, Вярэйкаўскі, Гнезнаўскі, Ізабелінскі, Падароскі, Рэплеўскі, Субацкі, Шылавіцкі.

Раён размешчаны на Ваўкавыскім узвышшы. Паверхня хвалістаплатопадобная. Пераважаюць выш. 140—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад г. Ваўкавыск). Карысныя выкапні: мел (цэментны і на выраб вапны), гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -4,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 530 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Найб. р. Рось з прытокамі Ваўпянка, Нятупа, Харужаўка, рэкі Верацейка (прыток Свіслачы) і Зальвянка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць 23% тэр. раёна, пераважна хваёвыя. Помнік прыроды — агаленне адорвеня верхнемелавых парод (каля чыг. ст. Рось). Ваўкавыскі заказнік.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,3 тыс. га, з іх асушана 7 тыс. га. У раёне 10 калгасаў, 9 саўгасаў, 2 с.-г. прадпрыемствы («Зара» і «Шылавічы»). Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінагадоўля). Пасевы цукр. буракоў. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, азбестацэментныя трубы, цэгла сілікатная), дрэваапр. (драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай, харч. прам-сці. Ваўкавыск — вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Пагранічны, Шчучын, Слонім, Ружаны; аўтамаб. шаша Баранавічы—Пагранічны. У раёне 14 сярэдніх, 11 базавых і 7 пач. школ, 24 дашкольныя ўстановы, 44 клубы, 40 б-к, 7 бальніц, 23 фельч.-ак. пункты, санаторый «Рось», 3 прафілакторыі. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна (1773) у в. Воўпа, касцёл Міхаіла Архангела (1524) і сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Гнезна, Міхайлаўская царква канца 18 ст. і Петрапаўлаўскі касцёл (1778) у в. Ізабелін, сядзіба 19 — пач. 20 ст. ў в. Краскі, царква Аляксандра Неўскага сярэдзіны 19 ст. ў в. Кузьмічы, сядзіба сярэдзіны 19 ст. ў в. Падароск. Вылаецца газ. «Наш час».

С.​І.​Сідор.

т. 4, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)