Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ (Wolff) Юзаф
(1854—9.8.1900),
польскі гісторык, генеалог. Чл.-кар. Кракаўскай АН. Скончыў Лейпцыгскі ун-т. У 1876—85 працаваў у Пецярбургу ў кнігавыдавецкім прадпрыемстве свайго дзядзькі і цесця М.В.Вольфа. На падставе Метрыкі ВКЛ і інш. дакументаў напісаў фундаментальныя генеалагічныя працы па гісторыі ВКЛ: «Аб князях Кобрынскіх» (1883), «Сенатары і дыгнітарыі Вялікага княства Літоўскага 1386—1795», «Пацы» (абедзве 1885), «Род Гедзіміна» (1886), «Князі літоўска-рускія з канца XIV ст.» (1895; вытрымкі надрукаваны ў час. «Спадчына» за 1992—94).
Літ.:
Бычкова М.Е. Юзеф Вольф в Петербурге // История и историки: Историогр. ежегодник, 1978. М., 1981.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ (Wolf) Хуга
(13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),
аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз. т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф. арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.Мёрыке» (1888), «Вершы І.В.Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).
Літ.:
Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;
Коннов В. Песни Гуго Вольфа. М., 1988.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ (Wolf) Крыста
(н. 18.3.1929, г. Гожув-Велькапольскі, Польшча),
нямецкая пісьменніца. Чл. Акадэміі мастацтваў ГДР (1974). Аўтар раманаў «Расколатае неба» (1963, экранізавана ў 1964), «Роздумы пра Крысту Т.» (1968), «Узор аднаго дзяцінства» (1976), аповесцей «Маскоўская навела» (1961), «Няма месца. Нідзе» (1979), «Касандра» (1983), «Аварыя» (1987), апавяданняў, літ.-крытычных эсэ і артыкулаў, сцэнарыяў. Піша аб трагедыі расколатай Германіі, асэнсоўвае праблемы асобы і часу, індывід. лёсу і гісторыі, асабістай адказнасці і духоўнага сталення. Нац. прэмія ГДР 1964.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1988;
Летний этюд. М., 1990;
От первого лица. М., 1990.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ (Wolff) Каспар Фрыдрых
(18.1.1734, Берлін — 22.2.1794),
прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН (1867). Вучыўся ў Берліне (1753—55) і Гале (1755—59). З 1768 узначальваў кафедру анатоміі Пецярбургскай АН. Навук. працы па эмбрыялогіі, параўнальнай анатоміі і вывучэнні пачварнасці і заган развіцця (тэраталогіі). Праца «Тэорыя зараджэння» (1759) адыграла значную ролю ў барацьбе з прэфармісцкімі ідэямі аб пераўтварэнні ўсіх частак арганізма ў яйцы і метафіз. ўяўленнямі пра нязменнасць відаў, у абгрунтаванні эпігенезу. Заклаў асновы вучэння пра індывід. развіццё арганізма — антагенез.
Літ.:
Гайсинович А.Е. К.Ф.Вольф и учение о развитии организмов. М., 1961.
т. 4, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬФ (Wolff) Крысціян
(24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),
нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ Рамана Давыдаўна
(12.12.1899, Варшава — 1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У грамадз. вайну сакратар Харкаўскага, Гомельскага падп. к-таў РКП(б), на падп. рабоце ў тыле войск Дзянікіна, нач. палітаддзела дывізіі. У 1920—24 у РВС Зах. фронту і ў калегіі ВЧК—ДПУ. З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага, Беластоцкага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ, Дамброўскага акр. к-та КПП, чл. ЦК КПЗБ. У жн. 1926 арыштавана польск. ўладамі і зняволена на 6 гадоў у турму. Са жн. 1933 чл. Бюро ЦК КПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦК КП(б)Б. У 1934 чл. польск. сакратарыята пры ЦК Кампартыі Францыі. У 1934—35 і ў 1937 кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПП. Са жн. 1937 у СССР, у гэтым жа годзе беспадстаўна рэпрэсіравана. Рэабілітавана пасмяротна.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)