ви́ра​II межд. ві́ра.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ви́ра​I ист., сущ. ві́ра, -ры ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ві́ра I ж., ист. ви́ра

ві́ра II межд., мор., стр. ви́ра

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ві́ра 1 ’паднімай!’ (БРС, КТС) — выклічнік з марской і будаўнічай тэрміналогіі. Укр. ві́ра, рус. вира ’тс’. Для марскога тэрміна Фасмер (1, 318) тлумачыць паходжанне з іт. virare ’паварочваць’. Бел. і ўкр. будаўнічы выклічнік мог прыйсці і з малд. а вира ’паварочваць’.

Ві́ра 2 ’выкуп за забітага чалавека’ (БРС). Укр. віра, рус. вира ’тс’, ст.-рус. вира ’штраф на карысць князя за забойства вольнага чалавека’ (з XII ст.), чэш. уст. vira ’грашовы штраф за забойства (у старарускім і старагерманскім праве)’. Міклашыч (392), Уленбек (AfslPh, 15, 492), Праабражэнскі (1, 85) лічаць гэта запазычаннем з германскіх моў; параўн. ст.-в.-ням., с.-в.-ням. vër‑geld (узята толькі першая частка слова), н.-в. ням. Wergeid ’віра’, гоц. wair ’мужчына’, ст.-ісл. verr ’тс’. Аднак, відавочна, маюцца цяжкасці з вакалізмам кораня. Хутчэй за ўсё лексема віра з’яўляецца роднаснай да літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’мужчына’, прус. wijrs, ст.-інд. vīráḥ ’мужчына, герой’, лац. vir ’мужчына, муж, мужык’, яшчэ ст.-інд. vāiram ’віра, варожасць’.

Ві́ра 3 ’частаванне старэйшых таварышаў, якое наладжвае хлопец, дасягнуўшы сталага ўзросту’ (Бяльк.) звязана з літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’(дарослы) мужчына’. Да віра 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ МО́ВА.

агульнаўсходнеславянская мова, агульная мова ўсходніх славян 10—14 ст. Сфарміравалася ў эпоху стварэння стараж.-рус. дзяржавы на базе дыялектаў усх.-слав. плямён, што вылучыліся ў выніку распаду праславянскай мовы. З яе вылучыліся старарус., стараўкр. мовы і старабеларуская мова, на аснове якіх сфарміраваліся 3 усх.-слав. роднасныя мовы: беларуская мова, руская мова і ўкраінская мова.

Перыяд моўнага адасаблення ўсх. славян адзначаны развіццём тых. моўных асаблівасцей, якія выразна акрэслівалі і выдзялялі ўсх. групу слав. племянных дыялектаў. Гэта першае поўнагалоссе: стараж.-рус. «борода» праслав. *borda, «голова» < *glova і інш. (параўн. балг. «брада», «глава»; польск. «broda», «głova»). Развіццё гукаў «ч’», «ж’» на месцы агульнаслав. спалучэнняў tj, dj або kt, gt перад галоснымі пярэдняга раду («свѣча» < *svetja, «межа» < *medja, «ночь» < *nokt і інш. (параўн. балг. «свеща», «межда», «нощ»; польск. swiecą, miedza, пос). З’яўленне гукаў «ў», «’а» як рэфлексаў агульнаслав. насавых галосных: «судъ» < *sądъ, «мꙗсо» < *męso (параўн. чэш. soud, maso, польск. *sąd, mięso). Усх.-слав. моўная зона адасаблялася таксама за кошт фарміравання ў той час спецыфічнай усх.слав. лексікі: «логъ», «семья»: «бѣпка», «собака», «утъка», «ковьръ», коврига», «лапътъ», «чара», «вира» і інш. Фанетычная сістэма С.м. характарызавалася дзеяннем закону адкрытага складу, наяўнасцю рэдукаваных гукаў «ь» і «ъ», дыфтангічнага гука «ё» (абазначаўся літарай і), няпоўным проціпастаўленнем звонкіх—глухіх, мяккіх—цвёрдых зычных, адсутнасцю гука «ф», дыялектнай варыянтнасцю гукаў «г» (выбухнога або фрыкатыўнага) і «в» (губна-губнога або губна-зубнога). У грамат. ладзе С.м. вызначалася мнагатыпнасцю іменнага скланення (у залежнасці ад тыпаў праслав. іменных асноў, напр.: «братъ — брата», «сынъ — сыну», «дьнь — дьне», «гость — гости»); наяўнасцю форм адз., мн. і парнага ліку, 4 формамі прошлага і 3 формамі будучага часу, поўнай парадыгмай форм загаднага ладу. С.м. ўласціва «дапасаванне паводле сэнсу» дзейніка і выказніка, шырокае ўжыванне беспрыназоўнікавых канструкцый, недастатковае развіццё злучнікавых сувязей у структуры складанага сказа. На працягу 12—13 ст. дыялектнае чляненне С.м. паглыбілася ў сувязі са значным аслабленнем цэнтралізаванай стараж.-рус. дзяржавы. У выніку агульнаўсх.-слав. працэсу падзення рэдукаваных узнікаюць новыя дыялектныя адрозненні, якія проціпастаўляюць паўн. і паўн.-ўсх. землі паўд. і паўд.-заходнім. Да 14 ст. адбылося паліт. і эканам. адасабленне зах. і паўд.-зах. зямель, якія ўвайшлі ў ВКЛ, паўн. і паўн.-ўсх. землі аб’ядналіся ў складзе Маскоўскай дзяржавы.

Пісьмовыя помнікі С.м. вядомы з сярэдзіны 11 ст. З 10 ст. дайшлі толькі асобныя надпісы на прадметах, а таксама дагаворы Русі з Візантыяй (захаваліся ў складзе «Аповесці мінулых гадоў» у спісе 14 ст.). Значную ролю ў станаўленні літ. С.м. адыграла стараславянская мова. Найб. адчувальны яе ўплыў на мову рэліг.-павучальных твораў («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Феадосія Пячэрскага», творы мітрапаліта Іларыёна, Кірылы Тураўскага). Мова «Слова аб паходзе Ігаравым», «Задоншчыны», «Малення Данііла Заточніка», летапісаў вызначаецца сінкрэтызмам стараслав. і стараж.-рус. моўных сістэм. Мова дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», дагаворы і духоўныя граматы) у большай меры апіралася на нар.-размоўны варыянт С.м., які найб. выразна адлюстраваўся ў берасцяных граматах.

Літ.:

Обнорский С.П. Очерки по истории русского литературного языка старшего периода. М.; Л., 1946;

Филин Ф.П. Образование языка восточных славян. М., 1962;

Яго ж. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972;

Ларин Б.А. Лекции по истории русского литературного языка (X — середина XVIII в.). М., 1975.

А.​І.​Яновіч.

т. 15, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)