ВАСЮ́К (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 2.7.1947, пас. Леніна Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (з 1978), Бел.АМ (з 1987). Працуе ў галіне плаката, кніжнай графікі. Асн. творы: плакаты «М.Гусоўскі» (1980), «Песнярам зямлі беларускай» (1982), «Пётр Мсціславец — першы беларускі друкар» (1990), «Сымон Будны» (1992); графічная серыя «Прывід маёй маленькай радзімы» (1995). Аформіў кнігі «Праваслаўныя святы» і «Праваслаўнае дойлідства Беларусі» (1995). Аўтар афішаў да спектакляў і святаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЮ́К (Тамара Іванаўна) (н. 6.7.1952, в. Хутаранка Гомельскага р-на),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Беларускі тэатр.-маст.ін-т (1977). Выкладае ў Беларускім ун-це культуры (з 1992). Працуе ў галіне керамікі. Сярод работ: медалі «Гусоўскі», «Драздовіч» (абодва 1975), дэкар. кампазіцыі «Белая» (1981) і «Дзяды» (1982), дэкар. маскі «Пінская шляхта» (1983), скульптуры «Чаканне», «Вандроўнік», «Дабрыня», «Лесавік», «Вадзянік», «Дамавік» (усе 1984—86), «Барбара Радзівіл» (1992), «Радзівіл Чорны» (1993) і інш., дэкар. пластыка «Вечнасць» (1987) і «Канстанцін і Алена» (1990), дэкар. вазы «Свянцянскае зелле», «Ахвярнік», «Вечар», «Краявід» (усе 1988—90).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Васюк П. Дз. 8/194
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́ША (франц. affiche),
від рэкламы, паведамлення пра спектакль, канцэрт, лекцыю, кінафільм ці інш.культ.-масавае, відовішчнае, спарт. мерапрыемства. Размнажаюць паліграф. або трафарэтным спосабам. Можа быць шрыфтавая, маляваная, з выкарыстаннем фатаграфіі.
Як выдавецкая, відовішчна-тэатр. і гандл. аб’ява вядома ў Еўропе з 16 ст. Масавае пашырэнне атрымала ў 19 ст. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Друкаваная афіша папярэднічала пастаноўцы першай бел. оперы «Ідылія» С.Манюшкі (1852). У галіне афішы працуюць бел. плакатысты У.Васюк, У.Жук, У.Крукоўскі, І.Радунскі, В.Смаляк, М.Стома, І.Уладычык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),
выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.
Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.Манэ, Гранвіль, Г.Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.Шэрэ, Т.Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.Муха ў Чэхіі і Францыі, О.Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.Бернхард у Германіі, М.Касандр у Францыі, А.Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.Кольвіц, Дж.Гартфілд (Германія), Л.Мендэс (Мексіка), А.Дайнека, Л.Лісіцкі, Дз.Маор, Кукрыніксы (Расія), І.Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.Маякоўскі, М.Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.Тамашэўскі, С.Эйдрыгявічус, В.Свежы, М.Васілеўскі), Японіі (К.Нагаі, С.Фукуда, І.Танака, М.Тода), Чэхіі (К.Мішак, В.Растока).
На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.Драздовіч, А.Быхоўскі, Г.Змудзінскі, П.Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял.Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.Волкаў, М.Гуціеў, Л.Замах, Т.Ігнаценка, Л.Кроль, Я.Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.Анемпадзістаў, У.Васюк, С.Войчанка, С.Яўлампіеў, У.Жук, Л.Кальмаева, А.Кітаева, У.Крукоўскі, Г.Мацур, А.Наважылаў, В.Смаляк, Дз.Сурскі, К.Хацяноўскі, У.Цэслер і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;
Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;
Zürich;
New York, 1994.
М.Р.Баразна.
Да арт.Плакат. С.Войчанка, У.Цэслер, А.Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.Да арт.Плакат. Г.Мацур. Францыск Скарына. 1989.Да арт.Плакат. Л.Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.Да арт.Плакат. А.Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.Да арт.Плакат. У.Цэслер, С.Войчанка. Афган. 1989.