Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс.чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал.гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр.Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКА-ВАРША́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА.
Пабудавана паводле царскага ўказа ад 15.2.1851 за кошт казны. Праектная працягласць 1280 км. Праходзіла праз Гатчыну, Лугу, Пскоў, Востраў, Дзвінск, Вільню, Гродна, Беласток. Уводзілася ў эксплуатацыю ўчасткамі. На 1-м участку Пецярбург—Гатчына (45 км) адкрыты рух восенню 1853. У пастаянную эксплуатацыю ўведзена 15.12.1862. На тэр. Беларусі ўключала ўчастак Парэчча—Гродна—Ласосна (каля 30 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
аперацыя войск Зах. фронту з мэтаю ўзяць Варшаву ў час савецка-польскай вайны 1920. Наступленне пачалося 23.7.1920 з рубяжа Гродна—Слонім—Пінск. Да 13.8.1920 часці Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) валодалі Радзімінам (23 км на ПнУ ад Варшавы), што стварыла рэальную пагрозу польскай сталіцы. Аднак наступленне не было падтрымана Паўн.-Зах. фронтам, які наступаў на Львоў і камандаванне якога перакінула 2 арміі на Варшаўскі напрамак толькі ў 2-й пал. жніўня. Значна адсталі тылы, не быў вызначаны раён канцэнтрацыі сіл праціўніка, былі зроблены паліт. памылкі (агр. палітыка Польск. рэв.к-та). Шэраг мер урада Ю.Пілсудскага (патрыят. агітацыя з дапамогай каталіцкага духавенства, абвяшчэнне агр. рэформы, якую падтрымала сялянства, арг-цыя дадатковых паставак зброі ад Антанты) даў магчымасць польск. боку аб’яднаць народ і значна павялічыць армію. 14 жн. нечакана для сав. боку польскае войска перайшло ў наступленне (т.зв. цуд на Вісле). З 17 жн.Чырв. Армія пачала агульны адыход. Да 25 жн. часці Зах. фронту адступілі на лінію Ліпск—Свіслач — на ўсх. ад Брэста. Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі паўплывала на ўмовы Рыжскага мірнага дагавора 1921.