Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),
германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.В.Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).
т. 9, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬШТЫН (Olsztyn),
горад на Пн Польшчы, у Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Каля 180 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шынная, харч., мэблевая, машынабудаўнічая. Арх. помнікі 14—16 ст. Паблізу, на Пд ад О. — месца Грунвальдскай бітвы 1410.
Узнік вакол паселішча каля замка Вармінскай капітулы, згадваецца з 1348. У 1353 атрымаў гар. права (ням. назва Аленштайн). У 1440—54 уваходзіў у Прускі саюз (аб’ядноўваў апазіцыйныя Тэўтонскаму ордэну гарады). У 1454 разам з Вармінскім біскупствам далучаны да Польшчы. У 1516—19 адміністратарам уладанняў капітулы быў М.Капернік, які ў 1521 у час польска-крыжацкай вайны кіраваў абаронай замка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. у складзе Прусіі. У канцы 19 ст. пачалася германізацыя насельніцтва. Па выніках плебісцыту 1920 горад застаўся ў межах Германіі. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры А.Гітлера ў О. пачалася новая хваля германізацыі і дэпартацыі польскага насельніцтва. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. Вызвалены 22.1.1945, увайшоў у склад Польшчы. У 1946—99 цэнтр Альштынскага ваяводства.
т. 11, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́РЫ (Mazury),
гістарычна-геагр. раён у Польшчы, размешчаны пераважна ў Мазурскім Паазер’і, у складзе Вармінска-Мазурскага ваяв. У раннім сярэдневякоўі заселены прусамі, у 14—17 ст. — польскімі сялянамі і дробнай шляхтай з Мазовіі. У 12 ст. — 1525 належалі Тэўтонскаму ордэну (з 1466 у леннай залежнасці ад Польшчы). У 1525—1701 у складзе Брандэнбургска-прускай дзяржавы (з 1657 незалежнай ад Польшчы), потым у каралеўстве Прусія. Прускія ўлады вызначалі гэту тэр. як «польскія староствы». Назва «М.» замацавалася ў 1-й пал. 19 ст. Насельніцтва М. захавала польскую мову, звычаі, прытрымлівалася пратэстантызму; з 1842 тут пачалі выдавацца польскія газеты, у 1896 засн. Мазурская нар. партыя. Паводле плебісцыту 1920 (праводзіўся ва ўмовах тэрору з боку ням. улад) М. ў складзе Германіі. Праследаванні польскіх дзеячаў і арг-цый узмацніліся ў 1928—32 і пасля прыходу да ўлады А.Гітлера (1933). У студз. — лютым 1945 М. вызвалены войскамі 1-га і 2-га Бел. франтоў і ўключаны ў склад Польшчы. Непрыхільнае стаўленне камуніст. улад да польскага насельніцтва М. выклікала яго эміграцыю ў Германію. Значная частка М. заселена рэпатрыянтамі пераважна з Віленшчыны.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)