Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КАМЯНІ́,
урочышча на паўд.-зах. беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., адметнае наяўнасцю ўпарадкавана размешчаных валуноў.
Асобныя валуны размешчаны так, што ўтвараюць П-падобную фігуру (квадрат памерам 15 × 15 м), арыентаваную адкрытым бокам на ПнЗ, дзе знаходзіцца ўзгорак «Валатоўка». Лічыцца, што К. — старажытная абсерваторыя, якая дазваляла вызначаць пачатак святкавання Купалля — дзень летняга сонцастаяння. Калі Сонца, за якім назіралі праз адкрыты бок К., пры захадзе датыкалася да вяршыні Валатоўкі, наступала самая кароткая (купальская) ноч года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАТЫ, велікалюды,
персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;
Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;
Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;
Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,
валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н,
зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб.стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс.н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.