Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Валадарск (в., Рэчыцкі р-н) 9/280 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЧУ́К (Веньямін Барысавіч) (30.11.1908, г.п.Валадарск-Валынскі Жытомірскай вобл., Украіна — 21.8.1987),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1969). Правадз.чл.АМСССР (1970). Вучыўся ў маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), Ленінградскай АМ (1930—32). З 1948 выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (з 1962 праф.). У творчасці звяртаўся да вобразаў сав.паліт. дзеячаў (У.І.Леніна, М.І.Калініна, І.В.Сталіна). Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 18.8. 1938, г. Пашахонне-Валадарск Яраслаўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1969—77 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў розных тэхніках маст. апрацоўкі металу (коўка, ліццё, чаканка, эмаль) і ювелірным мастацтве. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, пластычнасцю і выразнасцю форм. Аўтар манум.-дэкар. работ у пансіянаце на Заслаўскім вадасх. пад Мінскам (1969—80), рэстаране «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Доме літаратара (1976; усе ў Мінску), гасцініцы «Магілёў» (1972), Доме паляўнічага ў Бярэзінскім запаведніку (1978), флюгера і гадзінніка на будынку інж. корпуса Мінскага метрапалітэна, кампазіцыі «Спорт і чалавек» на фасадзе Палаца спорту Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт» (усе 1984), гадзінніка на цэнтр. плошчы ў Светлагорску, шыльды і двух гербаў для БДУ (усе 1998), гербаў для залы пасяджэнняў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь (1996, 1998) і для залы прыёмаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998). Аформіў санаторыі «Іслач» (Мінскі р-н, 1986) і «Беларусь» (Крым, 1987), фае Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1997) і інш. Як ювелір выканаў абклады сувенірных выданняў Я.Коласа, Я.Купалы, шэраг упрыгожанняў. Іл.гл. таксама да арт.Коўка мастацкая.
Літ.:
Фатыхава Г. Ад знакаў агню, ад блакіту азёраў... // Беларусь. 1999. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЖА,
1) збудаванне са значнай перавагай вышыні над стараной ці дыяметрам асновы. Бываюць квадратныя, прамавугольныя, шматгранныя, круглыя і інш., пастаяннага або пераменнага сячэння, ярусныя.
Вядомыя ў архітэктуры Асірыі, Фінікіі, Стараж. Грэцыі і Рыма, у сярэднія вякі — у краінах паўн.-ўсх. і Сярэдняй Азіі, Арабскага Усходу, Каўказа. У сярэдневяковай Зах. і Паўн Еўропе вежа стала неад’емным элементам кампазіцыі гарадскіх умацаванняў, замкаў, храмаў раманскай і гатычнай архітэктуры, палацаў (вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі), ратушаў і інш. Сярод найб. яскравых прыкладаў — кампаніла ў Пізе (т.зв. падаючая Пізанская вежа, Італія, 1174—1372). Вежы былі характэрным элементам рус. і ўкр. абарончай (Маскоўскі, Смаленскі, Каломенскі, Яраслаўскі крамлі і інш.), грамадз. і культавай архітэктуры (званіцы Івана Вялікага ў Маскве, 1508—1600, у Кірылаўскім манастыры ў Кіеве, 18 ст.). У Прыбалтыцы вежы выкарыстоўваліся пры буд-ве замкаў і гарадскіх грамадз. і культавых збудаванняў (парахавая вежа ў Рызе, 17 ст., вежа «Доўгі Герман» у Таліне, канец 15 ст., вежа Гедзіміна ў Вільні 14 ст. і інш.). Сярод выдатных твораў рус. архітэктуры, у кампазіцыі якіх дамінуе вежа, Петрапаўлаўскі сабор (1712—33), Адміралцейства (1806—23) у С.-Пецярбургу.
На Беларусі абарончыя драўляныя вежы будаваліся на гарадзішчах ранняга жал. веку (в.Валадарск Рэчыцкага р-на). У стараж. гарадах Беларусі вежы ўваходзілі ў сістэму абарончых умацаванняў, часам выконвалі функцыю брамы. У 2-й пал. 13 ст. пабудаваны першыя мураваныя вежы — данжоны (Берасцейская вежа, Камянецкая вежа). З 14 ст. мураваныя 4-гранныя вежы, злучаныя з абарончымі сценамі, сталі адметнай асаблівасцю замкаў (Лідскі замак, Крэўскі замак), уключалі жылыя, гасп., культавыя (капліцы) памяшканні. Мураваныя замкавыя вежы ў архітэктуры стыляў готыкі і рэнесансу аздабляліся сістэмай нішаў, паяскоў, парэбрыкаў і інш. элементаў дэкору (Нясвіжская замкавая вежа). Заглыбленыя часткі сцен бялілі вапнай, выступы мелі натуральны колер чырвонай цаглянай муроўкі, што стварала 2-колернае вырашэнне фасадаў (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Невысокія квадратныя і прамавугольныя ў плане вежы, прыстаўленыя да знешняга боку абарончых сцен і накрытыя 2-схільным дахам, наз. «бычкамі», высокія 8-гранныя — круглікамі. Існавалі шмат’ярусныя вежы, у якіх звычайна над ніжнімі чацверыковымі ярусамі будавалі васьмерыкі. Некаторыя драўляныя вежы завяршаліся ізбіцамі. Сцены абарончых вежаў прарэзваліся байніцамі, амбразурамі, машыкулямі. У 18 — пач. 20 ст. асобна пастаўленыя вежы выкарыстоўвалі ў палацава-паркавых кампазіцыях (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), у манастырах і кляштарах. У 16 — пач. 20 ст. ў культавым дойлідстве былі найб. пашыраны вежы-званіцы (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл). Вежы з’яўляліся адным з гал. элементаў кампазіцыі ратуш (гл.Магілёўская ратуша, Віцебская ратуша). Круглыя або гранёныя вежы фланкіравалі па вуглах аб’ёмы культавых гатычных і рэнесансавых храмаў (Мураванкаўская царква-крэпасць) або ўтваралі на гал. фасадзе высокія званіцы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У барочных культавых будынках з 2-й пал. 17 ст.найб. пашыраны 2-вежавыя гал. фасады. У сучаснай бел. архітэктуры вежападобныя кампазіцыі выкарыстоўваюць пры вырашэнні буйных горадабудаўнічых задач (вежы-прапілеі ў ансамблі Прывакзальнай пл. ў Мінску). У жылой забудове верт. дамінанты — дамы вежавага тыпу.
2) Інж. збудаванні са сталі, жалезабетону, каменю, дрэва (тэлевізійныя вежы, воданапорныя вежы, радыёвежы, сіласныя і інш.). Канструкцыя вежы — звычайна прасторавая стрыжнёвая сістэма або жалезабетонная абалонка. Успрымаюць ветравыя, тэмпературныя і інш. нагрузкі. Разлічваюцца на трываласць, устойлівасць, дэфармавальнасць.
3) Засцерагальная (часта паваротная) канструкцыя з брані на баявых караблях, танках, бронеаўтамабілях, іншых баявых збудаваннях для ўстаноўкі зброі і прылад.
4) Вежы абслугоўвання ў касманаўтыцы — метал. канструкцыя, што забяспечвае доступ людзей і падачу прылад да касм. лятальных апаратаў. Перад стартам адводзіцца на бяспечную адлегласць ад пускавой сістэмы. Вышыня больш за 100 м. Некаторыя вежы аўтаномныя, маюць уласную электрастанцыю, ацяпленне, іншае інж. абсталяванне.
Ю.А.Якімовіч (архітэктура).
Пізанская вежа. 1174.Вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі. 14 ст.Замкавая вежа ў Нясвіжы. 2-я пал. 16 ст.Вежа царквы-крэпасці ў в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.Вуглавая вежа замка ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.Вежа-званіца Троіцкага касцёла ў в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. Канец 16 ст.Тэлевізійная вежа вышынёй 550 м у г. Таронта (Канада).