ВА́КАР (Сяргей Міхайлавіч) (н. 27.8.1928, г. Орша),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры, найб. у жанры партрэта. Вылучаюцца партрэты дзеячаў бел. культуры (Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, У.Караткевіча, Я.Брыля, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і інш.). Яго станковым работам уласцівы прастата і строгасць кампазіцыйнай будовы, яснасць і дакладнасць пластычнага вырашэння (помнікі віцэ-адміралу В.П.Дразду ў Буда-Кашалёве, Ф.Э.Дзяржынскаму ў сядзібе Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на, У.М.Азіну ў Полацку, надмагілле П.Броўкі ў Мінску і інш.). Зрабіў некалькі варыянтаў статуарнага партрэта М.Багдановіча, якія леглі ў аснову помніка паэту ў Мінску. Стварыў шэраг мемарыяльных дошак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КАР ((Wakar) Алексы) (17.1.1898, г. Самара, Расія — 25.8.1966),
польскі вучоны-эканаміст. У час ням.-фаш. акупацыі Польшчы (1939—45) удзельнічаў у нелегальнай дзейнасці Вышэйшай гандл. школы, з 1945 праф., з 1946 рэктар гэтай школы. У 1948—50 рэктар Акадэміі паліт. навук, з 1948 — праф. Вышэйшай школы планавання і статыстыкі. Пачаў навук. дзейнасць як прыхільнік Лазанскай школы ў палітэканоміі, якая імкнулася абгрунтаваць выкарыстанне матэматыкі ў эканоміцы. У перадваенны перыяд даследаваў праблемы канкурэнцыі, цэн і знешняга гандлю, у пасляваенны — аптымальнага планавання і сістэмы кіравання сацыяліст. эканомікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КАР ((Wakar) Уладзімір) (26.8.1885, г. Тамбоў, Расія — 9.5.1933),
польскі эканаміст, публіцыст, грамадскі дзеяч. У 1917—24 выкладаў у Вышэйшай гандл. школе ў Варшаве. У 1915—19 працаваў у Бюро грамадскай працы (з 1918 дырэктар), дзе рэдагаваў важнейшыя дзярж. дакументы напярэдадні і ў час абвяшчэння незалежнасці Польшчы. Ініцыятар стварэння і кіраўнік ін-та грамадскай гаспадаркі (1920—21). Рэдактар варшаўскіх час. «Polska» («Польшча»), «Przegląd Wschodni» («Усходні агляд»), «Przymierze» («Саюз») і інш. У апошнім часопісе шмат увагі аддаваў нац. пытанням у Польшчы, у т. л. беларускаму; там надрукаваны арт. Б.Тарашкевіча «Беларускія палітычныя патрабаванні». Аўтар прац «Сто гадоў барацьбы за польскую асвету» (1916), «Праблема самакіравання ў Здабытай Рэчы Паспалітай» (1924) і інш.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Ва́карына ’валы вады на рацэ’ (Яшк.), вако́рына ’тс’ (КТС). Балтызм. Параўн. літ.vakarìnis ’вячэрні; заходні’, vakãris ’заходні вецер’ (Цыхун, Лекс. балтызм, 52). Суфікс адзінкавасці ‑ін‑ з’яўляецца не словаўтваральным сродкам, а вынікам перараскладання на беларускай глебе літоўскага слова. Вагары ’хвалі’ да вакар‑ына з азванчэннем г у інтэрвакальным становішчы пад магчымым уплывам вагацца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МАСЦІ́КІ (ад грэч. mastichē смала масцікавага дрэва) у будаўніцтве, матэрыялы ў выглядзе пластычных сумесяў арган.вяжучага рэчыва і танкамолатага напаўняльніка. Бываюць бітумныя, гумава-бітумныя, дзёгцевыя, палімерныя і інш.; гарачыя, якія перад выкарыстаннем разаграюць, і халодныя, якія разводзяць арган. растваральнікамі або вадой.
Дахавыя М. — бітумныя (руберойдавыя) і дзёгцевыя (толевыя) выкарыстоўваюць для прыклейвання рулонных дахавых матэрыялаў, гідраізаляцыйныя — для прыклейвання гідраізаляцыйных матэрыялаў, для абмазачнай ізаляцыі; М. на падлогу — бітумныя, для прыклейвання паркету, лінолеуму да асновы; герметызавальныя — для ўшчыльнення стыкаў зборных канструкцый. М. павінны быць цеплаўстойлівыя, з высокай клейкасцю, пластычнасцю і даўгавечнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЭРСО́Н (Эльмарт Адэльбертавіч) (Сяргей Аляксандравіч; н. 1.1.1935, с. Каяк Чулымскага р-на Новасібірскай вобл., Расія),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1974). Скончыў БДУ (1962). З 1960 працаваў у Дзярж.маст. музеі Беларусі, з 1969 выкладае ў Бел.АМ (з 1998 праф.). Даследуе праблемы сучаснага выяўл. мастацтва Беларусі. Аўтар раздзелаў у «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94), творчага партрэта «В.К.Жолтак» (1987), зб. артыкулаў «Крытык — давераная асоба мастацтва» (2001).
Тв.:
Андрэй Бембель. Мн., 1980;
С.М.Вакар. Мн., 1980;
Леў Гумілеўскі. Мн., 1982;
Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
інжынерныя збудаванні, што выконваюць пэўныя функцыі ў вытворчым працэсе ці ўспрымаюць нагрузкі ад тэхнал. абсталявання, трансп. сродкаў і інш.
Да П.з. адносяцца збудаванні камунікацыйнага прызначэння: тунэлі і каналы, у якіх пракладваюць тэхнал. камунікацыі, кабельныя лініі электразабеспячэння і сувязі; трубаправоды для перамяшчэння сыравіны і інш. матэрыялаў; апоры ліній электраперадач, апоры кантактавай сеткі, апоры сістэм асвятлення і інш. П.з. з’яўляюцца таксама сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, ёмістасці для сыпкіх, вадкіх і газападобных матэрыялаў: адстойнікі, ачышчальныя збудаванні, пырскальныя і спартыўныя басейны, бункеры, водазаборныя збудаванні, воданапорныя вежы, газгольдэры, градзірні, нафтасховішчы, сіласасховішчы і інш. Асобную групу складаюць трансп. збудаванні: пуцеправоды, апоры падвесных дарог, кранавыя эстакады, а таксама збудаванні, на якіх размяшчаюць тэхнал. абсталяванне ці ёмістасці — падмуркі, апорныя пляцоўкі, пастаменты і інш.Гл. таксама Прамысловыя будынкі.