БІ́РМАН (Серафіма Германаўна) (10.8.1890, Кішынёў — 11.5.1976),

руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1946). Скончыла драм. курсы А.​І.​Адамава ў Маскве (1911). Працавала ў МХТ, МХАТ 2-м (1924—36), т-рах Ленінскага камсамола (1938—58) і Массавета (з 1959). Створаныя ёй вобразы вызначаліся выразнасцю і глыбінёй псіхал. вырашэння, яркай тэатральнасцю: Халдзейка («Ляўша» паводле М.​Ляскова) Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Мары Сент-Экзюперы («Жыццё Сент-Экзюперы» Л.​Малюгіна), Маці («Салют, Іспанія!» А.​Афінагенава). Сярод пастановак: «Васа Жалязнова» (1936, выканаўца гал. ролі) і «Зыкавы» (1940) М.​Горкага, «Жывы труп» Л.​Талстога (1942), «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана (1943). Здымалася ў кіно (з 1925): «Закройшчык з Таржка», «Іван Грозны» (за роль Ефрасінні Старыцкай Дзярж. прэмія СССР 1946), «Звычайны чалавек» і інш.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бірман С. Г. 9/116

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ ТЭА́ТР ДРУГІ́ (МХАТ-2). Дзейнічаў у 1924—36. Створаны на аснове 1-й Студыі МХТ, арганізаванай у 1912 К.​Станіслаўскім і Л.​Суляржыцкім. Кіраўнікі М.​Чэхаў, з 1928 І.​Бярсенеў. У студыі і пазней у т-ры ставіліся спектаклі па творах Ф.​Дастаеўскага, М.​Ляскова, М.​Салтыкова-Шчадрына, А.​К.​Талстога, А.​М.​Талстога, В.​Гюго, Дж.​Флетчэра, У.​Шэкспіра, А.​Афінагенава, А.​Белага, А.​Файко і інш. Працавалі акцёры С.​Бірман, С.​Гіяцынтава, Л.​Дзяйкун, А.​Дзікі, М.​Дурасава, В.​Салаўёва, Б.​Сушкевіч, А.​Чабан, Чэхаў і інш. У 1928 Чэхаў эмігрыраваў за мяжу, частка трупы на чале з Дзікім выйшла з т-ра.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «ЛЕНКО́М».

Створаны ў 1927 як Цэнтр. т-р рабочай моладзі (ТРАМ), з 1938 наз. Т-р імя Ленінскага камсамола, з 1990 сучасная назва. Маст. кіраўнік: І.​Бярсенеў (1938—51), С.​Гіяцынтава (1951—57), С.​Маёраў (1957—60), Б.​Талмазаў (1960—62), А.​Эфрас (1963—67), У.​Манахаў (1967—72), М.Захараў (з 1973). У рэпертуары т-ра пастаноўкі рус. і замежнай класікі, сучасная драматургія, рок-оперы, муз. спектаклі. Спектаклі вызначаюцца высокапрафесійнымі рэжысурай і акцёрскім ансамблем, глыбокай распрацоўкай характараў. Сярод значных пастановак: «Чайка» (1966, 1994) і «Іванаў» (1975) А.​Чэхава, «Мудрэц» (паводле п’есы А.​Астроўскага «На ўсякага мудраца хапае прастаты», 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1992), «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава (1941), «У дзень вяселля» В.​Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага (абодва 1964), «Тыль» Р.​Горына (паводле Ш. дэ Кастэра. 1974), «Рэвалюцыйны эцюд» М.​Шатрова (1979), «Юнона» і «Авось» (1981, музыка А.​Рыбнікава на вершы А.​Вазнясенскага) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: А.​Абдулаў, І.​Алфёрава, Л.​Арцем’ева, Б.​Бекер, С.​Бірман, Л.​Бранявы, А.​Джыгарханян, У.​Карэцкі, Ю.​Колычаў, Т.​Краўчанка, У.​Ларыёнаў, Я.​Лявонаў, М.​Міронава, Т.​Пельтцэр, Дз.​Пяўцоў, А.​Сакалоў, А.​Фадзеева, І.​Чурыкава, А.​Янкоўскі і інш.

Маскоўскі тэатр «Ленком».

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)