Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЫН (Усевалад Міхайлавіч) (14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.Лупсякоў, М.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́НКА (Уладзімір Галакціёнавіч) (27.7.1853, г. Жытомір, Украіна — 25.12.1921),
рускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900, у 1902 адмовіўся ад звання). Вучыўся ў Тэхналагічным (1871—73) і Горным (1877—78) ін-тах у Пецярбургу, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (1874—76) у Маскве. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам ідэй рус.рэв. народнікаў. У 1876—77 у ссылцы ў Кранштаце, у 1879 у Вяцкай губ., у 1881—84 у Якуціі. З 1885 жыў у Н. Ноўгарадзе, з 1896 у Пецярбургу, з 1894 чл. рэдакцыі народніцкага час. «Русское богатство», у 1904—18 (з перапынкамі) яго рэдактар, з 1900 у Палтаве. Друкаваўся з 1878. Жыццё народа. яго духоўнае багацце, неабходнасць яднання інтэлігенцыі з народам — асн. матывы творчасці К. У апавяданнях «Дзіўная» (1880, апубл. 1905), «Забойца», «Сон Макара» (абодва 1885), «Сляпы музыка» (1886, 2-я рэд. 1898), «Марусіна заімка» (1889, апубл. 1899), «Рака гуляе», «Ат-Даван» (абодва 1892), «Агеньчыкі» (1901) і інш. выступаў супраць беззаконня самадзяржаўных улад, раскрыў станаўленне новых рыс нац. характару рус. чалавека. Водгукам на актуальныя з’явы і праблемы грамадска- паліт. жыцця былі яго нарысы «У галодны год» (1893), «Мултанскае ахвярапрынашэнне» (1895—96), «Гомельская судовая драма» (1905), «Сарачынская трагедыя» (1907), «Бытавая з’ява» (1910) і інш. Аповесць «Без языка» (1895, 2-я рэд. 1902, прататып гал. героя — рабочы-беларус) — назіранні пісьменніка ад падарожжа ў Амерыку. Мемуары «Гісторыя майго сучасніка» (кн. 1—4, 1906—22) — маст. летапіс пакалення 1870-х г. Творчасць К. вызначаецца рэалістычнасцю, спалучэннем эпічных і лірычных плыняў, паглыбленым псіхалагізмам, гуманізмам. Перамога чалавечага духа над матэрыяльнай абалонкай — адзін з гал. матываў яго твораў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра рус. пісьменнікаў. Захавалася 6 лістоў К. да А.В.Луначарскага ад 1920, у якіх ён выказаў свае рэзка адмоўныя адносіны да Кастр. рэв 1917 і яе вынікаў. Асобныя творы К. тэматычна звязаны з Беларуссю. Быў асабіста знаёмы з Я.Купалам. Яго творы друкаваліся ў бел.газ. «Наша ніва», у 1920—30-я г. на бел. мове былі выдадзены яго аповесці «Сляпы музыка», «Судны дзень», «Лес шуміць», «Дзеці падзямелля» і інш. У 1922 у т-ры імя Я.Купалы (БДТ-1) інсцэніраваны яго твор «Лес шуміць». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Александровіч, С.Дарожны, М.Краўцоў, А Кудравец, К.Чорны, Я.Шарахоўскі.