БУБНО́ЎСКІ (Вацлаў Аляксандравіч) (15.8.1865, в. Дубянец каля Полацка — 26.5.1945),

бел. скульптар і кераміст. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся ў Кракаўскай АМ (1888—97) у І.​Яблонскага і А.​Даўна, у Парыжы ў Алжэбера. Працаваў у жанры партрэта («Жаночы партрэт», «Жаночая галава» і інш.). Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—91), адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкар. кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон» і інш.), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы, навеяныя сімвалічнымі, фантаст. і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту. Дробная пластыка Бубноўскага — першыя ўзоры керамічных вырабаў, прызначаных для аздаблення сядзіб і палацаў; карысталася попытам за межамі Беларусі: у Варшаве, Берліне, Лондане.

Літ.:

Елатомцева И.М. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974.

А.​К.​Лявонава.

В.Бубноўскі. Жаночы партрэт. 1910.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮСТ (франц. buste),

пагрудная выява чалавека, адзін з найб. пашыраных відаў скульпт. партрэта.

Узнік у Стараж. Егіпце і Стараж. Грэцыі. Канчаткова склаўся ў партрэтным мастацтве Стараж. Рыма. Быў пашыраны ў мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу (Данатэла, Л.​Берніні, Ж.​А.​Гудон, А.​Радэн і інш.). У Расіі бюсты стваралі Б.​Растрэлі, Ф.​Шубін, Н.​Андрэеў, В.​Мухіна, С.​Лебедзева і інш.

На Беларусі помнікі-бюсты вядомыя з 17 ст. (М.​К.​Радзівілу ў фарным касцёле ў Нясвіжы). Значнае месца займаў бюст у творчасці бел. скульптараў 19 — пач. 20 ст. (К.​Ельскі, Р.​Слізень, А.​Краснапольскі, В.​Бубноўскі, Я.​Астроўскі і інш.). У 1930-я — пач. 1940-х г. бел. скульптары стварылі бюсты дзеячаў рэв. руху і культуры: М.​В.​Фрунзе (А.​Глебаў), Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва З.​Азгур), Г.​Грыгоніса (М.​Керзін); у гады Вял. Айч. вайны — воінаў і партызан Л.​М.​Даватара (А.​Грубэ), Ф.​А.​Смалячкова і М.​Ф.​Сільніцкага (абодва Азгур); у пасляваенны перыяд — П.​Багрыма, К.​Крапівы, М.​Танка, Цёткі (А.​Пашкевіч; усе Азгур), У.​Уладамірскага (А.​Глебаў), Я.​Коласа (С.​Селіханаў), М.​Багдановіча (Г.​Мурамцаў; Л.​Гумілеўскі), Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва В.​Занковіч), Л.​І.​Бяды, Ю.​А.​Гагарына, У.​В.​Кавалёнка, П.​І.​Клімука, Г.​Ц.​Берагавога (усе І.​Міско), помнік-бюст Я.​Купалу ў Араў-парку (г. Нью-Йорк, ЗША; скульпт. А.​Анікейчык) і інш. У 1990-я г. ў Нясвіжскім парку ўстаноўлены бюст кн. Юрыю Нясвіжскаму, архітэктару Дж.​Бернардоні (усе С.​Гумілеўскі), кн. М.​К.​Радзівілу Сіротку, У.​Сыракомлю, Т.​Макоўскаму, Я.​Коласу (усе М.​Канцавы).

А.​К.​Лявонава, Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Бюст. Б.​Растрэлі. Партрэт А.​Д.​Меншыкава. 1716—17.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)