Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКАЯ МАГІ́ЛА,
масавае пахаванне загінуўшых у ходзе ваен. дзеянняў ці памерлых ад ран воінаў, партызан, а таксама ваеннапалонных і мірных жыхароў. Адразу пасля баёў пахаванні ў брацкіх магілах ажыццяўлялі аднапалчане загінуўшых з выкананнем пэўнага рытуалу і ваен. ушанаванняў, ставілі сціплыя помнікі з даступных матэрыялаў. У шэрагу выпадкаў з некалькіх брацкіх магіл стваралі ваен. могілкі, рабілі і адзіночныя пахаванні. Шырока вядома брацкая магіла ў Севастопалі, дзе пахаваны рус. воіны, якія загінулі пры абароне горада ў Крымскую вайну 1853—56. Пасля Вял.Айч. вайны ў некаторых месцах рабіліся перапахаванні з адзіночных магіл у брацкія, ставілі помнікі, стваралі мемарыялы. Першы помнік на брацкай магіле сав. воінам пастаўлены ў 1945 у Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расія). Найб. вядомы брацкія магілы ў Берліне (Трэптаўпарк), С.-Пецярбургу (Піскароўскія могілкі), Луганску, Севастопалі, Керчы (Украіна) і інш. На Беларусі 5575 брацкіх магіл. Найб. масавыя пахаванні: у Мінску каля былой в. Масюкоўшчына (больш за 80 тыс.чал.), у в. Баравая Мінскага р-на (30 тыс.чал.), на ст. Лясная Баранавіцкага р-на (50 тыс.чал.). Ахоўваюцца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ БРА́ЦКАЯ ЦАРКВА́.
Пабудавана ў 1906 у Брэсце. Мае традыц. чатырохчасткавую падоўжна-восевую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём з 5-купаллем, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Архітэктура храма вытрымана ў формах маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай, 8-гранны ярус-звон, адкрыты арачнымі праёмамі з кілепадобнымі абрамленнямі). Гал. ўваход вылучаны аркадай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Брацкая Богаяўленская царква ў Магілёве, гл. Магілёўскі Богаяўленскі сабор
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ, Віленская Святадухаўская друкарня. Існавала ў 16—18 ст. у Вільні пры манастыры Святога Духа. З’яўлялася выдавецкім прадпрыемствам правасл. царквы ВКЛ. Выдавецкая дзейнасць дазволена прывілеямі Жыгімонта III Вазы ад 1589 і 1592 на друкаванне розных кніг «па грэцку, славянску, руску і польску». Першае вядомае выданне выйшла ў 1595. У 1610 друкарня закрыта. Брацтва ажыццяўляла сваю выдавецкую дзейнасць у Еўінскай друкарні. Дзейнасць Віленскай брацкай друкарні аднавілася ў 1615 і працягвалася да 1749, калі пажар знішчыў манастыр Святога Духа. Выдавала тэксты Святога пісання, школьныя падручнікі, богаслужэбныя кнігі, палемічную л-ру. У 1589—1610 выдадзены творы М.Сматрыцкага, С. і Л.Зізаніяў. Для аздобы кніг выкарыстоўваліся арнаментальныя гравюры і застаўкі, рамкі з расліннымі і геам. матывамі, геральдычныя гравюры (гербы Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш.). У польскамоўных выданнях пераважаюць гатычныя ініцыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.
Літ.:
Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;
Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бра́цкі, -ая, -ае.
1.гл. брат.
2. Шчыры, сяброўскі, блізкі па духу.
Брацкая сустрэча.
Брацкае прывітанне.
○
Брацкая магіла — агульная магіла воінаў, змагароў, ахвяр і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
бра́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да брата (у 2 знач.). Брацкая сям’я народаў. Брацкі саюз. □ Яшчэ мацнейшымі сталі маральна-палітычнае адзінства савецкага грамадства, брацкая дружба ўсіх народаў нашай краіны.Брэжнеў.Дарагая Прыбалтыка, Землі родныя, брацкія! Годы лепшыя бацькавы Там палеглі за працаю.Панчанка.