Брагінка (р.) 2/376, 377 (к.); 5/278; 6/420 (к.); 10/390, 412; 11/71 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНКА,

рака ў Беларусі (у Гомельскай вобл.) і на Украіне, раней была левым прытокам Прыпяці. Даўж. 179 км, у межах Беларусі — 167,5 км. Пл. вадазбору 2778 км², у межах Беларусі — 1886,5 км². Пасля рэгулявальных работ — пракопвання каналаў, якія сталі адводзіць ваду ў Дняпро, раку падзяляюць на 3 самаст. аб’екты: Брагінка Верхняя — ад вытоку (за 500 м на З ад в. Пракісель Рэчыцкага р-на) да вытоку Дзяржаўнай канавы і далей да ўпадзення ў Дняпро (Рэчыцкі, Лоеўскі і Брагінскі р-ны, даўж. 76 км, пл. вадазбору 1390 км²); Брагінка Сярэдняя — ад вытоку Дзяржаўнай канавы (за 2 км на Пд ад в. Гарадзішча Брагінскага р-на) да вытоку канала Івераўка (другая назва — канава Марозаўка) і далей да ўпадзення ў Дняпро (Брагінскі р-н, даўж. 55 км, пл. вадазбору 460 км²); Брагінка Ніжняя — ад вытоку канала Івераўка да ўпадзення ў Кіеўскае вадасх. ў межах Украіны (Брагінскі р-н, у межах Беларусі даўж. 36,5 км, пл. вадазбору 928 км²).

Даліна Брагінкі пераважна невыразная. Пойма нізкая, забалочаная, шыр. 500 м — 1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. ў межань Верхняй Брагінка 8—14 м, Сярэдняй і Ніжняй 15—30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ — г. Брагін.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ніжняя Брагінка (р., бас. Прыпяці) 7/486

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНЯЯ БРА́ГІНКА,

адна з назваў ракі Брагінка.

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сярэдняя Брагінка

т. 15, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫНСКАЕ БАЛО́ТА,

на Пд Брагінскага р-на Гомельскай вобл., у вадазборы р. Ніжняя Брагінка. Нізіннага тыпу. Пл. 5,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 2,2 тыс. га. На ПдУ балота часткова затоплена Кіеўскім вадасх. Сярэдняя глыб. торфу 1,1 м. Асушаная ч. балота пад сенажаццю і ворывам. Ёсць пясчаныя астравы і грады, парослыя мяшаным і хвойным лесам.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НАЎКА,

вёска ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Брагінка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад г.п. Лоеў, 87 км ад Гомеля, 65 км ад чыг. ст. Рэчыца. 355 ж., 117 двароў (1999). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ЙКІ,

вёска ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Брагінка, на аўтадарозе Брагін—Лоеў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад г.п. Брагін, 138 км ад Гомеля, 32 км ад чыг. ст. Хойнікі. 404 ж., 143 двары (1999). Крухмальны з-д. Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАВЕНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Брагінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Чэрнеў, на тэр. торфаўчастка Мураўна. Створана ў 1982. Пл. 1,68 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 5,4 м, аб’ём вады 7,5 млн. м³. Напаўняецца вадой з р. Сярэдняя Брагінка па падвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 4,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, гасп.-быт. мэт.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ РАЁН,

на ПдУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 17 тыс. чал. (1996), гарадскога 29%. Сярэдняя шчыльн. 9 чал/км². Цэнтр — г.п. Брагін; г.п. Камарын, 83 сельскія нас. пункты, падзяляецца на 12 сельсаветаў: Асарэвіцкі, Астраглядаўскі, Верхняжараўскі, Вуглоўскі, Крыўчанскі, Малейкаўскі, Малыжынскі, Мікуліцкі, Новаялчанскі, Спярыжскі, Хракавіцкі, Чамярыскі. Раён асабліва пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. Насельніцтва 47 вёсак адселена.

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня — слабахвалістая раўніна. Пераважаюць выш. 110—120 м над узр. м., найвыш. пункт 134,4 м. Карысныя выкапні: торф, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 533 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Верхняя Брагінка, Сярэдняя Брагінка і Ніжняя Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя забалочаныя. Пад лясамі 31% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя лясы. 64,3 тыс. га (32,8%) тэр. раёна займае Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 57,4 тыс. га, з іх асушана 45,8 тыс. га, выкарыстоўваецца 28,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў і 2 саўгасы. У выніку радыеактыўнага забруджання тэрыторыі значна скараціліся мяса-малочная жывёлагадоўля і пасевы збожжавых (жыта, пшаніцы, ячменю), кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. прам-сці (крухмальны і масла-малочны з-ды). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогі Хойнікі—Брагін—Камарын—Холмеч. Суднаходства па Дняпры. У раёне 12 сярэдніх, 2 базавыя і 8 пач. школ, 8 дашкольных дзіцячых устаноў, 18 б-к, 8 клубаў, 2 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 18 ст. ў в. Тэльман. Карцінная галерэя, прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі. Выдаецца газ. «Маяк Палесся».

А.​А.​Варанец.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)