італьянскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў маньерызму. Зазнаў уплывы Карэджа, Мікеланджэла і Рафаэля. Працаваў у Парме, Рыме (1523—27), Балонні (1527—31). У творах праз падоўжанасць прапорцый, вастрыню ракурсаў і аптычных эфектаў, вытанчана-грацыёзны малюнак і блеклы серабрысты каларыт увасабляў ідэал загадкавай, халодна-пачуццёвай прыгажосці («Мадонна са святым Захарыем», каля 1530; «Ператварэнне Паўла», 1530; «Мадонна з доўгай шыяй», 1534—40; «Мадонна з ружай» і інш.). Аўтар партрэтаў Дж.Г.Санвітале (1524), т.зв. Антэі, Малатэсты Бальёне, «Аўтапартрэта ў выпуклым люстэрку» і інш., прасякнутых духам арыстакратычнасці і глыбокай унутр. трывогі. Працаваў у манументальным жывапісе (фрэскі замка ў Фантанелата, 1534—40), адзін з першых у Італіі звярнуўся да тэхнікі афорта. Іл.гл. таксама да арт.Маньерызм.