БЕ́СЦЕР,
рыба, атрыманая ў выніку штучнай гібрыдызацыі бялугі і сцерлядзі ў Расіі (1952), адсюль назва. Спалучае хуткі рост бялугі і ранняе выспяванне сцерлядзі. На Беларусь завезена ў 1973—74 на рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) для вывучэння перспектыў рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 180 см, маса больш за 30 кг. Пладавітая. Хутка расце. У аквакультуры гібрыды 1-га пакалення за год дасягаюць масы да 500 г, за 2 гады — да 4 кг. Вырошчваюць у басейнах, садках, сажалках.
т. 3, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛУ́ГА
(Huso huso),
рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.
т. 3, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)