БЕРЖЭ́ (Berger),
карставая бездань у Зах. Альпах, у масіве Веркор, на тэр. Францыі. Уваход на выш. 1460 м, глыб. 1248 м (адна з найглыбейшых на Зямлі). На глыб. больш за 200 м бездань пераходзіць у пячору (Вялікую галерэю), якая апускаецца па нахіле слаёў. У глыбіні — вял. каньён, вадаспад Урагана. Спадзістая апошняя ч. заканчваецца водным сіфонам.
т. 3, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬРО́ (Malraux; сапр. Бержэ; Berger) Андрэ
(3.11.1901, Парыж —23.11.1976),
французскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Нац. вучылішчы жывых усх. моў у Парыжы. У 1959—69 міністр культуры Францыі. Першыя раманы «Заваёўнікі» (1928), «Так жыве чалавек» (1933), «Надзея» (1937) па настраёвасці і танальнасці блізкія да экзістэнцыялізму. У 1940—50-я г. творчасць М. зазнала значны ўплыў Ф.Ніцшэ, Ф.Дастаеўскага, О.Шпенглера, А.Жыда (мастацтвазнаўчыя працы «Псіхалогія мастацтва», «Метамарфоза багоў»). У «Антымемуарах» (1967), «Чорным трохкутніку» (1970), маст. біяграфіі «Лазар» (1974) стаў на пазіцыі скептычнага гуманізму.
Тв.:
Рус. пер. — Зеркало лимба: Худож. публицистика. М., 1989;
Надежда. Л., 1990;
Королевская дорога: Романы. М., 1992.
Літ.:
Andre Malraux. Paris, 1989.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 10, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЖА́Р (Béjart; сапр. Бержэ; Berger) Марыс
(н. 1.1.1927, Марсель),
французскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр, педагог. Як класічны танцоўшчык дэбютаваў у 1944 у Марсельскай оперы. З 1949 працаваў у розных трупах Францыі і Бельгіі. З 1957 узначальваў «Балетны тэатр Парыжа», з 1960 кіраўнік трупы «Балет XX стагоддзя» (Брусель), у 1987—92 заснавальнік і кіраўнік трупы «Балет Бежара ў Лазане». Ставіць сюжэтныя і бессюжэтныя сімф. балеты і сінт. спектаклі з выкарыстаннем розных відаў сцэн. мастацтва. Прынцыпова новае вырашэнне рытмічных і прасторава-часавых задач, элементы драм. ігры абумоўліваюць іх дзейснасць і дынамічнасць. Сярод пастановак: «Сімфонія для аднаго чалавека» (у гал. партыі — Бежар) П.Шэфера і П.Анры, «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.Стравінскага, «Балеро» М.Равеля, «9-я сімфонія» на музыку Л.Бетховена, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Ніжынскі, клоун божы» на музыку П.Чайкоўскага і Анры. Прэміі Тэатра нацый (1960, 1962), фестывалю танца (Парыж, 1965) і інш.
т. 2, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)