БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.

Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.

У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.​М.​Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.​К.​Каргер, у 1970-я г. П.​А.​Рапапорт, у 1990 А.​А.​Трусаў.

Літ.:

Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.​Трутнева. 1866.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

рэзідэнцыя полацкіх князёў у 12 ст. Размяшчалася на левым беразе Зах. Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка, за 2 км ад Полацкага Верхняга замка (цяпер у межах Полацка). Упамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159. Паводле сцверджання М.Стрыйкоўскага, Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, якія разбураны ў 17 ст. уніяцкім архіепіскапам І.​Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з’яўляўся Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ МАНАСТЫРЫ́,

праваслаўныя манастыры ў Полацку ў 16 ст. Вядомы з дакументаў і асабліва з рэестра 1583 Скуміна царкоўных сёл, перададзеных Стафанам Баторыем Полацкаму езуіцкаму калегіуму. У іх ліку названы: Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр; Багародзіцкі мужчынскі, засн. ў 12 ст. Ефрасінняй Полацкай; Полацкі Богаяўленскі манастыр; Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; Сафійскі мужчынскі; Гарадзецкі св. Міхаіла, якому ў 1583 належалі 10 вёсак (64 дымы) і 20 дымоў у горадзе; Лучанскі св. Мікалая, меў 6 вёсак (40 дымоў); Козьма-Дзям’янаўскі мужчынскі, знаходзіўся за р. Палата, спыніў існаванне ў час Лівонскай вайны 1558—83; Пятроўскі мужчынскі, знаходзіўся у замку, разбураны пры ўзяцці Полацка Стафанам Баторыем; Іаана Прадцечы, на в-ве Экіманскі на р.Зах Дзвіна, вядомы з 12 ст., адсюль паходзяць 2 Полацкія евангеллі, у 1583 манастыру належала 8 вёсак, 120 дымоў у Полацку, разбураны ў час Лівонскай вайны; Троіцкі мужчынскі за р. Палата, вядомы з 12 ст., адсюль паходзіць адно з Полацкіх евангелляў, спыніў існаванне ў Лівонскую вайну; Праабражэнскі Запалоцкі; св. Юрыя, у полі за горадам; Машонацкі Уваскрэсенскі, знаходзіўся ў Ніжнім Замку, яму належалі 3 вёскі і 5 дворышчаў у Пінску.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́Р (грэч. monastērion келля пустэльніка),

рэлігійная абшчына манахаў або манашак (гл. Манаства) у хрысціянстве (акрамя пратэстантызму), індуізме, будызме, ісламе, а таксама тэрыторыя, храм і ўсе будынкі, якія належаць такой абшчыне. Падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя. Існавалі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Егіпце (культ. Серапіса), з 2—1 ст. да н.э. ў Індыі. На Русі з’явіліся ў 11 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Паводле царк. рэформы, праведзенай у 1764 у Рас. імперыі, кіраванне манастырскімі землямі перададзена Калегіі эканоміі, a М. падзелены на лаўры, кафедральныя, 1-га, 2-га і 3-га класаў, пазаштатныя, прыпісныя, скасаваныя.

На Беларусі правасл. М. з’явіліся ў 12 ст. (паводле інш. звестак, у 10 ст.): Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр і 2 на берагах Палаты, якія заснавала Ефрасіння Полацкая. У 12 ст. з’явіліся 2 М. ў Тураве — Варварынскі і Барысаглебскі. у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. заснавана каля 40 новых. 17 М. дзейнічала ў Полацкім пав., 7 — у Навагрудскім, па 5 — у Пінскім і Аршанскім, па 4 — у Віцебскім і Мінскім, па 3 — у Брэсцкім, Гродзенскім, Мсціслаўскім, па 2 — у Ашмянскім, Браслаўскім, Мазырскім, Слонімскім. У рымска-каталіцкай царкве М. наз. кляштар. У выніку Брэсцкай уніі 1596 створана уніяцкая царква, да якой паступова пераходзілі правасл. М. і будаваліся новыя. У канцы 17 — пач. 18 ст. на Гомельшчыне з’явіліся стараверскія М. — скіты. У 1795 1-га класа быў Пінскі Богаяўленскі брацкі мужчынскі М., 2-га класа — Віленскі Святадухаўскі манастыр і Слуцкі Спаса-Ільінскі жаночы М.; 28 М. аднесены да пазаштатных і 3 да скасаваных. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. колькасць М. зменшылася з 60 да 37. У гэты перыяд заснаваны або адноўлены жаночы Мінскі Спаса-Праабражэнскі, мужчынскія Бялыніцкі Раства Багародзіцы, Няклюдаўскі Барысаглебскі (Талачынскі р-н), Мінскі Святадухаўскі і інш. Рашэннем Полацкага царкоўнага сабора 1839 уніяцкая царква ліквідавана, а яе М. закрыты або пераўтвораны ў праваслаўныя. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Дэкрэтам СНК РСФСР ад 23.1.1918 царква аддзелена ад дзяржавы, маёмасць М. аб’яўлена нар. здабыткам. Адпаведны дэкрэт ад 11.1.1922 прыняў СНК БССР і М. тут пачалі хутка закрывацца. Толькі на тэр. Зах. Беларусі дзейнічаў Жыровіцкі Успенскі манастыр. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне рэліг. жыцця: аднаўленне храмаў, М., духоўных навуч. устаноў. На Беларусі існуе 5 мужчынскіх і 9 жаночых М. (1999).

Архітэктура М. адлюстроўвае іх функцыю і ролю ў грамадскім жыцці, звязана з нац. рэгіянальнымі асаблівасцямі дойлідства розных краін і народаў. Найб. стараж. М. — будыйскія, з’явіліся ў 2—1 ст. да н.э. ў Індыі і пашырыліся ў краінах Паўд. і Усх. Азіі. У Індыі, Кітаі (Лунмынь, Майцзішань) пячорныя М. 2 ст. да н.э. — 5 ст. складаліся з высечаных у скале малітоўнай залы, келляў, трапезнай, б-кі, манаскага інтэрната (віхара) і інш. Наземныя М. ў Кітаі, Японіі, Паўд.-Усх. Азіі (Лінгусы ў Нанкіне, Кітай, 14—17 ст., Салін у Мандалаі, М’янма, 2-я пал. 19 ст.) уяўлялі сабой маляўнічыя комплексы з малітоўных і жылых пабудоў, мемар. храмаў і пагад ці рэгулярна-восевыя ансамблі сумежных двароў, абкружаных драўлянымі храмамі-павільёнамі. Ламаісцкія М. Тыбета (размешчаныя звычайна амфітэатрам па схілах гор), Манголіі, Бураціі, Калмыкіі складаліся з рэгулярных комплексаў з ярусных храмаў і дамоў лам. У 4—6 ст. у Паўн. Афрыцы і на Б. Усходзе з’явіліся першыя хрысц. М. абарончага тыпу. Іх абкружалі магутнымі сценамі, уключалі храмы (3-нефавыя базілікі), памяшканні для жылля, трапезы, чытання. У 6—9 ст. у Зах. Еўропе сфарміраваўся класічны тып каталіцкага М. — кляштара. Правасл. М. Візантыі, балканскіх краін, Грузіі, Украіны, Расіі, а таксама Беларусі мелі больш свабодную і разнастайную планіроўку, якая фарміравалася часам на працягу стагоддзяў (Гелацкі манастыр, М. Хора ў Канстанцінопалі, 10—11 ст.). Комплекс М. абкружалі сцены з вежамі, уздоўж сцен размяшчаліся келлі, у цэнтры — сабор, трапезная, званіца, калодзеж. Арх. формы службовых і гасп. пабудоў (шпіталі, лазні, пральні) часта звязаны з нар. дойлідствам. Пры заснаванні і пашырэнні М. улічвалі іх размяшчэнне (пры зліцці рэк, каля возера, на востраве і г.д.), прыроднае наваколле, характар рэльефу, што арганічна звязвала комплекс з ландшафтам. Абкружаныя сцяной і вежамі М. стваралі на стратэг. напрамках абарончыя фарпосты вакол гарадоў, з’яўляліся важнымі элементамі іх планіроўкі. Да сярэдзіны 16 ст. формы М. былі строгія, лаканічныя, у канцы 17 ст. іх дэкор і архітэктура ўзбагаціліся. У перыяд Адраджэння і барока М. страцілі абарончае значэнне. Пачалі ўзводзіць парадныя ансамблі М.-палацаў, пабудаваных кампактна, паводле адзінага плана (Смольны М. у С.-Пецярбургу). Вял. і ўплывовыя М. наз. лаўрамі. Найбольшыя М. ў Расіі: Данскі манастыр, Іосіфа-Валакаламскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Міражскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Салавецкі манастыр, Спаса-Праабражэнскі ў г. Яраслаўль (засн. ў канцы 12 ст.), Спаса-Прылуцкі каля г. Волагда (16—17 ст.) і інш. У 19—20 ст. новыя М. будавалі рэдка (М. Ла-Турэт у Эвё, Францыя, 1956—59, арх. Ле Карбюзье), яны не адыгрывалі значнай ролі ў забудове гарадоў, старыя М. часта станавіліся музеямі. На Беларусі найб. буйныя М.: у Полацку Барысаглебскі, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Пінскі Ляшчынскі манастыр. У 17—20 ст. існавалі Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі Спаскі манастыр, Слуцкі Троіцкі манастыр і інш. Шэраг бел. М. — выдатныя арх. ансамблі, большасць з іх створана ў стылі барока, у інтэр’еры многіх захаваліся творы манум. пластыкі і жывапісу (Успенскі М. у Жыровічах, Полацкі Богаяўленскі манастыр і інш.). Гл. таксама Культавыя збудаванні.

В.​В.​Грыгор’ева, А.​М.​Філатава (гісторыя), С.​А.​Сергачоў (архітэктура).

Манастыр (дацан) у г. Івалгінск (Бурація).
Спаса-Праабражэнскі манастыр у г. Яраслаўль.
Спаса-Прылуцкі манастыр каля г. Волагда. 16—17 ст.

т. 10, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Полацкага р-на Віцебскай вобл., на р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. За 100 км ад Віцебска, вузел чыг. ліній на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтадарог на Віцебск, Невель, Верхнядзвінск, Глыбокае, Лепель. Аэрапорт. 82,7 тыс. ж. (2000).

П. (летапісны Полотеск, Полотьск, Полтеск; паводле скандынаўскіх саг Pallteskiuborg, Palteskia) — самы стараж. горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усх. славян. Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі спісы) пад 862. Засн. крывічамі на месцы паселішча балтаў 1-й пал. 1-га тыс. (днепра-дзвінская культура). У 9 ст. размешчаны на беразе р. Палаты на гарадзішчы пл. 0,5 га і селішчы пл. 6 га. Згадваўся ў летапісах у 865 (у час вайны з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам) і ў 907 (у дагаворы кн. Алега з Візантыяй). У 980 (паводле інш. звестак у 970 ці 975) у час паходу на П. наўгародскага кн. Уладзіміра Святаславіча быў забіты першы гістарычна вядомы полацкі кн. Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора». Яго дачка Рагнеда Рагвалодаўна стала жонкай вял. кіеўскага кн. Уладзіміра. Пэўны час П. быў у складзе Кіеўскай Русі. У 10—13 ст. цэнтр буйнога Полацкага княства. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах (зах.-дзвінскае адгалінаванне шляху «з варагаў у грэкі») садзейнічала яго хуткаму эканам., паліт. і культ. развіццю. У 1105 (магчыма, з 992) у П. існавала епіскапская кафедра (гл. Полацкая праваслаўная епархія). З 988 полацкім князем быў сын Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (памёр у 1001), з 1003 — Брачыслаў Ізяславіч, які здзейсніў у 1021 паход на Ноўгарад. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найб. росквіту. У 11—12 ст. горад займаў пл. каля 80 га, меў каля 8 тыс. жыхароў. Нават пасля падзелу ў 1101 княства паміж сынамі Усяслава П. заставаўся буйным паліт. цэнтрам і гал. канкурэнтам Кіева. У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд. рус. князёў супраць полацкіх князёў, захапіў іх і ў 1129 выслаў у Візантыю. Але пасля вяртання іх дзяцей на радзіму барацьба працягвалася. У 1-й чвэрці 12 ст. актывізавалася гар. веча — сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў, пытанняў вайны і міру, гандлю, судовых спрэчак. Ад імя веча («мужоў палачан») падпісваліся дагаворы з Рыгай і ганзейскімі купцамі. У 1132 веча абрала князем Васільку Святаславіча. У 1151 і 1158 за княжацкі трон у П. змагаліся друцкі кн. Рагвалод Барысавіч і мінскі кн. Расціслаў Глебавіч. У 1161 полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч. У 1262—63 у П. княжыў Таўцівіл. У 13 ст. полацкія дружыны разам з лівамі, латгаламі і эстамі змагаліся супраць ням. крыжакоў. З канца 13 — пач. 14 ст. П. у складзе Вялікага княства Літоўскага з правамі поўнай аўтаноміі. У 14 ст. вядомы полацкія князі Воін, Глеб, Андрэй Альгердавіч. З 1392 П. кіравалі намеснікі вял. князя ВКЛ. У 1410 полацкія харугвы ўдзельнічалі ў разгроме Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Каля 1490 у П. нарадзіўся бел. першадрукар, асветнік і дзеяч культуры эпохі Адраджэння Ф.Скарына. У 1498 горад атрымаў магдэбургскае права. У 14—16 ст. П. — самы вял. горад у ВКЛ, меў асобыя прывілеі (гл. Полацкае права, Полацкія прывілеі). З 1504 цэнтр Полацкага ваяводства. З 16 ст. горад меў герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі, вада сярэбраная. У Лівонскую вайну 1558—83 П. у 1563 заняты маск. войскамі Івана IV (гл. Полацка абарона 1563). У 1579 адваяваны войскамі Стафана Баторыя. У 1580 у горад запрошаны прадстаўнікі ордэна езуітаў. З прыняццем Брэсцкай уніі 1596 Сафійскі сабор у П. стаў кафедральным уніяцкім саборам. У 1601 узніклі рамесніцкія цэхі кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў і інш. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 20 тыс. ж., пераважна рамеснікі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 у горадзе адбылося Полацкае паўстанне 1633. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П. заняты рус. войскамі, паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1700—21 каля П. стаялі рус. войскі. У чэрв. 1705 іх наведаў цар Пётр I. У выніку 1-га і 2-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 да Расіі адышла правабярэжная, у 1793 — левабярэжная ч. горада. У 1772—76 цэнтр Полацкай правінцыі, з 1776 — Полацкай губерні, у 1778—96 — Полацкага намесніцтва. З 1796 цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1781 зацверджаны новы герб горада — «Пагоня» (на сярэбраным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом). У вайну 1812 пасля захопу 26 ліп. франц. войскамі П. адбыліся Клясціцкія баі 1812, потым Полацкія бітвы 1812. У 19 ст. ў горадзе пераважала рамесная вытворчасць. У 1817—3340 ж. Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў пастанову аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. У 1840—50-я г. было 6—9 гарбарняў (па 3—6 рабочых у кожнай), 3—5 цагельняў, 2—3 піваварні, 8—10 ганчарняў (2—4 рабочыя ў кожнай). У 1860-я г. працавалі тытунёвая ф-ка, гарэлачны з-д (каля 20 рабочых). Значнае месца ў развіцці горада займаў гандаль, пашырэнню якога спрыяла адкрыццё ў 1866 руху на ўчастку Дынабург—П. Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1860 працавалі 122 крамы, у 1865—456. У 1897 у П. 20 294 ж. У 1904 узнікла Полацкая арг-цыя РСДРП. У ліст. 1917 тут адбыўся Другі з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту, у снежні — Трэці з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР — цэнтр Палацкага раёна, у 1924—30 і 1935—38 — Полацкай акругі. З 1938 у Віцебскай вобл., горад абл. падпарадкавання. У пач. Вял. Айч. вайны часці Чырв. Арміі і гарнізон Полацкага ўмацаванага раёна больш як 3 тыдні стрымлівалі праціўніка на подступах да горада (гл. Полацка абарона 1941). 16.7.1941 П. акупіраваны ням.-фашыстамі, якія знішчылі тут каля 150 тыс. жыхароў і ваеннапалонных, усе прамысл. прадпрыемствы, культ.-асв. ўстановы, 96% жыллёвага фонду. Дзейнічала Полацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту і партызанамі ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. У 1944—54 цэнтр Полацкай вобласці, з 1954 раённы цэнтр Віцебскай вобл. У 1970 у П. 64,2 тыс. жыхароў.

У 9 ст. П. размяшчаўся на берагах р. Палата (адсюль назва горада) на ўмацаваным гарадзішчы. У 11 ст. дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Зах. Дзвіну. У 12—13 ст. горад меў развітую планіровачную структуру; складаўся з пасялення на беразе Палаты (пачатковае гарадзішча і паселішча), Полацкага Верхняга замка, Вял. пасада (на правым беразе Зах. Дзвіны) і Запалоцця (за р. Палата). На тэр. Верхняга замка ў 11 ст. пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. сфарміравалася самабытная Полацкая шкала дойлідства; узведзены Полацкі княжацкі храм, княжацкія палаты, Прадцечанская царква (на в-ве Зах. Дзвіны, не захавалася), у прадмесці Бельчыцы — Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; засн. Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і пабудаваны яго саборны храм — Спаса-Праабражэнская царква і храм-пахавальня. У 14 ст. заселены левы бераг Зах. Дзвіны. У 1-й пал. 16 ст. пабудаваны драўляны кальвінскі збор (згарэў у 1660). У 1580 закладзены драўляныя касцёл і калегіум езуітаў, у 1-й пал. 17 ст. ўзведзены мураваныя будынкі Полацкага езуіцкага калегіума. У канцы 16 ст. планіровачная структура горада складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў і 6 пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова (за Зах. Дзвіной), Слабадскога (уздоўж р. Бельчыца); было каля 80 вуліц і завулкаў. П. з’яўляўся важным стратэг. пунктам і меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Верхні і Ніжні замкі былі абнесены драўлянымі сценамі з вежамі і злучаліся паміж сабой пад’ёмным мостам, перакінутым цераз роў. Абарончыя ўмацаванні неаднаразова гарэлі і зноў аднаўляліся. Перад будынкам езуіцкага калегіума пачала фарміравацца Полацкая Парадная плошча. У 17—18 ст. існавала вял. колькасць мураваных манастыроў, цэркваў, касцёлаў, у т. л. Полацкі Богаяўленскі манастыр, Полацкі Кляштар бернардзінцаў, Полацкі кляштар францысканцаў, Полацкі кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. ў сувязі з войнамі горад заняпаў. Да сярэдзіны 18 ст. склалася прамавугольная сістэма планіроўкі цэнтр. ч. П. У 1778 для правабярэжнай ч. горада распрацаваны рэгулярны праектны план. Уздоўж Зах. Дзвіны па гал. вуліцы (сучасны праспект К.​Маркса) запраектаваны 3 плошчы: гал., гар. магістрата і гандл. Галоўная (Парадная, потым Корпусная) плошча ў канцы 18 — пач. 19 ст. забудавана адм. будынкамі ў стылі класіцызму (захавалася часткова). Прамавугольную сістэму планіроўкі атрымала Запалоцце (таксама з 3 плошчамі). У 1838 распрацаваны праект плана для ўсяго горада, паводле якога рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай ч., дзе ў цэнтры была запраектавана прамавугольная плошча. У паўн.-ўсх. ч. горада засн. новыя жылыя кварталы. Паводле генплана П. 1937—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. І.​Рапапорт) пабудаваны прамысл. прадпрыемствы, шматпавярховыя жылыя дамы, адм. і грамадскія будынкі. У пасляваен. гады П. развіваўся паводле генплана 1948 («Белдзяржпраект», арх. Г.​Заборскі, Л.​Мацкевіч, А.​Хегай; карэкціроўка 1964, Віцебскі аблпраект, арх. В.​Данілаў, А.​Данілава, Л.​Яніна, З.​Даўгяла). Агульнагар. цэнтр размяшчаецца на гал. гар. магістралі — праспекце К.​Маркса з сістэмай плошчаў, падпарадкоўваецца гал. кампазіцыйнай восі — Зах. Дзвіне. У 1950—60-я г. рэканструявана цэнтр. ч. горада — пл. Леніна (б. Корпусная, цяпер Свабоды), праспект К.​Маркса, вуліцы Гогаля і інш. Сучасны горад забудоўваецца паводле генплана 1972 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.​Чарнышоў, Г.​Булдаў, М.​Трагубовіч; карэкціроўка 1977). Уключае правабярэжжа, якое чыгункамі і р. Палата падзяляецца на планіровачныя раёны (Цэнтральны, Грамы 1-я і Грамы 2-я, Паўночны, Запалоцце), і левабярэжжа — раён Задзвінне. Арх.-планіровачная структура Цэнтр. раёна — прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі, забудаванымі 2—5-павярховымі дамамі. Адм.-грамадскі цэнтр фарміруецца на пл. Свабоды. На скрыжаванні праспекта К.​Маркса з вул. Гогаля ўтворана пл. Ф.​Скарыны (у 1974 тут устаноўлены помнік Скарыне). У інш. планіровачных раёнах правабярэжжа пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Левабярэжжа складаецца з жылой зоны і паўд. прамысл. раёна. Створаны мікрараён Марыненка з 5—9-павярховай забудовай, гандл. цэнтрам. Зоны адпачынку — поймы Зах. Дзвіны і Палаты. Захаваліся фрагменты забудовы 17—19 ст. па вул. Леніна, Полацкі жылы дом (Дом Пятра I), Полацкая кірха, дамы па вул. Скарыны, б. дом губернатара (у 2000 рэстаўрыраваны). Каля Сафійскага сабора знаходзіцца Барысаў камень (гл. Барысавы камяні) — помнік эпіграфікі 12 ст. Распрацаваны праект рэгенерацыі гіст. забудовы горада 1985 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.​Токарава, І.​Шамецька). У 2000 у П. пабудаваны мост цераз Зах. Дзвіну, пастаўлены помнік Ефрасінні Полацкай (скульпт. І.​Голубеў).

З 10 ст. ў П. развіты кавальскае, ювелірнае, касцярэзнае, гарбарнае, шавецкае і інш. рамёствы. 12 ст. — росквіт пісьменства і адукацыі. Пры манастырах перапісваліся кнігі, вяліся летапісныя запісы, праводзілася навучанне падлеткаў. Дзейнасць Ефрасінні Полацкай апісана ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» — помніку бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. З сярэдзіны 12 ст. тут працавалі дойлід Іаан і майстар-ювелір Лазар Богша. У 1161 Богша зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. З 11 ст. вядомы помнікі эпіграфікі — надпісы, зробленыя ў П. ці выхадцамі з Полаччыны (на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, на касцях, амфарах, плінфе і інш., Барысавых камянях і Рагвалодавым камені, а таксама надпіс палачаніна Жураговіца на сцяне Сафійскага сабора ў Кіеве). Захаваліся 3 рукапісныя помнікі 12—14 ст.Полацкія евангеллі. Матэрыяльная культура П. ўключала элементы горадабуд. структуры, асаблівасці фартыфікацыі, побыту, развітое рамяство. У 2-й пал. 13—14 ст. культура П. перажывала некат. заняпад. У 15 ст. тут назіраўся ўздым культ. жыцця. Ад гэтага часу і да 17 ст. ў горадзе існавала 12 манастыроў і каля 18 храмаў. У 1581 засн. Полацкі езуіцкі калегіум, які ў 1812 пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. Першым рэктарам калегіума быў царк. і паліт. дзеяч, пісьменнік П.Скарга. Тут выкладалі граматыку, рыторыку, паэтыку, лац. і стараж.-грэч. мовы, філасофію, фізіку, астраномію і інш. У 1618—21 і 1626—27 чытаў лекцыі паэт-гуманіст М.К.Сарбеўскі. З калегіума выйшлі мастак В.Ваньковіч, скульптар і гравёр Ф.Талстой, драматург і гісторык Н.Мусніцкі, пісьменнік Я.Баршчэўскі і інш. Пры калегіуме працаваў Полацкі школьны тэатр; створана Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 17 ст. пры Богаяўленскім манастыры дзейнічалі брацтвы і школа, у якой у 1656 выкладаў педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі. У П. складзены зб. бел. музыкі 16—17 ст. «Полацкі сшытак». У 1835 на базе езуіцкай акадэміі і піярскага вучылішча адкрыты Полацкі кадэцкі корпус. З 1872 працавала Полацкая настаўніцкая семінарыя (у 1902 яе скончыў бел. паэт Я.Журба). У пач. 20 ст. працавалі жаночая дзярж. гімназія (гл. Полацкія гімназіі), 6 вучылішчаў рознага профілю, 5 царк.-прыходскіх школ, яўр. рэліг. школа. У 1925—28 дзейнічаў філіял літ. аб’яднання «Маладняк». У 1926 адкрыты Полацкі краязнаўчы музей. У 1936 на базе мясц. т-ра рабочай моладзі створаны калгасна-саўгасны т-р. У 1940—41 працавалі 16 агульнаадук. школ, буд. і лясны тэхнікумы, школьнае і дашкольнае педвучылішчы, 11 клубаў, кінатэатр, 9 б-к. У Вял. Айч. вайну знішчаны ўсе культ.-асв. ўстановы П. У пасляваен. час адноўлены ці адкрыты новыя. Сучасны П. — значны культ. цэнтр Віцебскай вобл. і Беларусі. Тут дзейнічаюць (2000) Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (уключае больш за 7 пастаянна дзеючых музеяў: Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі музей баявой славы і інш., таксама ахоўную зону стараж. цэнтра горада), пед. каледж, мед. вучылішча, нац. гімназія, 15 сярэдніх, муз. і 2 спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культуры, 2 нар. т-ры, 3 палацы культуры, 21 б-ка. П. — радзіма многіх дзеячаў культуры, у т. л. Ф.​Скарыны, майстра-чаканшчыка па серабры І.Андрэева, рус. і бел. ўсходазнаўца К.Касовіча, этнографа і фалькларыста С.П.Сахарава, бел. кінарэжысёра Ю.В.Тарыча. Паводле меркаванняў некат. даследчыкаў, з Полаччыны паходзіць адзін з аўтараў і герояў «Слова пра паход Ігаравы» — Баян. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Ефрасінні Полацкай, Ф.​Скарыне, У.​М.​Азіну, ахвярам фашызму, сав. ваеннапалонным і ахвярам фаш. тэрору, сав. воінам, воінам-гвардзейцам, камсамольцам Полаччыны, Вызвалення; Курган Бессмяротнасці. Помнікі археалогіі — гарадзішча і селішча (9—10 ст.), вал Івана IV Грознага (16 ст.) і інш.

Дзейнічаюць прадпрыемствы металаапр. (Полацкі завод сельгасабсталявання, Полацкі завод «Праммашрамонт»), хім. (Полацкі завод шкловалакна, італа-бел. прадпрыемства «Аджы Вуполста»), будматэрыялаў (Полацкі камбінат будматэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. (акц. т-ва «Палатэск»), лёгкай (Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», ільнозавод, акц. т-ва «Мона»), харч. (камбінат хлебапрадуктаў, мясакамбінат, кансервавы з-д, малочны камбінат, хлебазавод, піўзавод, вінзавод) прам-сці; паліграфпрадпрыемства «Спадчына Ф.​Скарыны», ЦЭЦ, раённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхнікі, гідраметэастанцыя, лясгас, рыбгас «Полацкі». У П. знаходзяцца: Полацкі філіял Бел. камерцыйнага ун-та кіравання, Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, Полацкі лясны тэхнікум, Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, Полацкі педагагічны каледж, 3 ПТВ, мед. вучылішча, Нац. гімназія, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культур і рамёстваў, 2 нар. тэатры, 3 палацы культуры. П. — цэнтр Полацкай епархіі праваслаўнай царквы.

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;

Яго ж. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;

Полоцкие грамоты ХІП — начала XVI вв. М., 1977—85;

Полоцк: Ист. очерк. 2 изд. Мн., 1987;

Раппопорт П.А. Полоцкое зодчество XII в. // Сов. археология. 1980. № 3;

Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992;

Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;

Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны: Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Мн., 1998;

Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.

Г.​В.​Штыхаў, Т.​А.​Джумантаева, Л.​А.​Сяргеенка (гісторыя), Г.​В.​Штыхаў, Т.​І.​Чарняўская, С.​Ф.​Самбук (архітэктура), С.​В.​Тарасаў (культура).

Від на Полацк з боку Задзвіння. Фота канца 19 — пач. 20 ст.
Полацк. Фрагмент праспекта К.​Маркса.
Плошча Ф.​Скарыны ў Полацку. Фота 1998.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)