БЕ́КЕР
(Becker) Барыс (н. 22.11.1967, г. Ляймен, Германія),
нямецкі спартсмен (тэніс). Пераможца ў адзіночным разрадзе турніраў ва Уімблдане (1985, 1986, 1989), адкрытых чэмпіянатаў ЗША (1989), Аўстраліі (1991, 1995), турніра «Мастэрс» (1988, 1992). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. быў лідэрам сярод лепшых тэнісістаў свету.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕР Ян Самуэль, архітэктар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у канцлера ВКЛ кн. Л.Сапегі. Паводле яго праектаў пабудаваны Ружанская Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян (1779), Ружанскі касцёл Казіміра (1792, уваходзіў у комплекс базыльянскага манастыра), Дзярэчынскі палац (1786, з арх. Л.Гуцэвічам), рэканструяваны Ружанскі Троіцкі касцёл (1779), перабудаваны Ружанскі палац (1784—86, гл. Ружанскі палацавы комплекс).
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКЕ́Р
(Becker) Жак (15.9.1906, Парыж — 20.2.1960),
французскі кінарэжысёр. З 1932 асістэнт рэж. Ж.Рэнуара. Першы значны самастойны фільм — «Апошні козыр» (1942). Творчасць Бекера вылучалася стрыманасцю эмоцый, дакладнасцю і вытанчанасцю, цікавасцю да раскрыцця чалавечых характараў. Сярод лепшых фільмаў «Гупі — Чырвоныя Рукі» (1943), «Антуан і Антуанета» (1947), «Спатканне ў ліпені» (1949), «Залаты шлем» (1952), «Не чапай здабычу» (1954), «Манпарнас, 19» (1958), «Дзірка» (1960).
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕР
(Becker) Карл Генрых (12.4.1876, Амстэрдам — 10.2.1933),
нямецкі гісторык ісламу, дзярж. дзеяч. Праф. Гейдэльбергскага, Гамбургскага, Бонскага і Берлінскага ун-таў, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). У 1910—33 выдаваў час. «Der Islam» («Іслам»). У 1921 і 1925—30 міністр па справах культаў у Прусіі. Заснаваў герм. Ісламскае т-ва, садзейнічаў рэформе вышэйшай школы, заснаваў першую Пед. акадэмію (1925), Германскую акадэмію паэзіі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Егіпта за ісламскім часам» (т. 1—2, 1902—03), «Даследаванняў ісламу» (т. 1—2, 1924—32) і інш.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕР Раман Рыгоравіч, танцоўшчык канца 18 — пач. 19 ст. Нарадзіўся на Шклоўшчыне. Прыгонны графа С.Г.Зорыча, у 1780—90-я г. танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх артыстаў балета вывезены балетмайстрам І.Вальберхам у Пецярбургскі імператарскі т-р. Выступаў у пантамімных партыях. У 1812 уступіў у Пецярбургскае апалчэнне, вызначыўся ў баях, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, Барысавам, Смалянамі і інш., узнагароджаны Георгіеўскім крыжам, атрымаў чын прапаршчыка. Пасля расфарміравання апалчэння (1814) беспаспяхова хадайнічаў аб вяртанні на пецярбургскую сцэну. Жыў у Харкаве.
Г.І.Барышаў.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)