БАШТАВО́Й (Віктар Рыгоравіч) (н. 4.5.1946, в. Мяжырычы Лебядзінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фізіка-матэм. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1980 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па кіраванні працэсамі энергапераносу ў магнітных вадкасцях з выкарыстаннем магнітных палёў. Распрацаваў тэорыю паверхнева-канвекцыйных і хвалевых з’яў у магн. вадкасцях.

Тв.:

Введение в термомеханику магнитных жидкостей. М., 1985 (разам з Б.​М.​Бяркоўскім, А.​Н.​Вісловічам).

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

ацяпленне за кошт энергіі спальвання гаручых газаў. Сістэмы газавага ацяплення складаюцца з газаправодаў, запорна-рэгулявальнай арматуры і аўтам. прылад бяспекі карыстання газам.

Адрозніваюць мясцовае (газ спальваецца ў ацяпляльных прыладах непасрэдна ў памяшканнях, што ацяпляюцца) і цэнтральнае (спальванне газу ў прамысл. устаноўках). Для мясцовага газавага ацяплення выкарыстоўваюць канвекцыйныя і прамяніста-канвекцыйныя прылады, якія адрозніваюцца спосабам падачы вонкавага паветра для гарэння газу і выдалення прадуктаў згарання, а таксама прамяністыя прылады (інфрачырвоныя выпрамяняльнікі). Пры цэнтр. газавым ацяпленні падаецца паветра, змяшанае з прадуктамі згарання або падагрэтае імі.

Выкарыстоўваецца ў прамысл. і грамадз. збудаваннях пры часовым знаходжанні людзей.

В.​Р.​Баштавой.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.

Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.

В.​Р.​Баштавой.

Схема далучэння вадзянога ацяплення да цеплавых сетак: 1 — паветраўлоўнік; 2 — ацяпляльная прылада; 3 — водаструменная помпа; 4 — улоўнікі гразі.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ГІДРАДЫНА́МІКА,

галіна фізікі, якая вывучае рух электраправодных газаў і вадкасцей (вадкіх металаў, электралітаў, плазмы) ва ўзаемадзеянні з магнітным полем. Да асн. пытанняў М.г. адносяць даследаванні ўмоў раўнавагі магн. поля з электраправодным асяроддзем, цячэнняў у магн. полі, магнітадынамічных хваль, знаходжанне ўмоў устойлівасці раўнаважных канфігурацый і цячэнняў.

Тэарэт. аснова М.г. — ураўненні гідрадынамікі з улікам эл. токаў і магн палёў у асяроддзі і Максвела ўраўненні. У асяроддзях 3 вял. праводнасцю (гарачая плазма) і (або) вял. памерамі (астрафіз. аб’екты) да звычайнага газадынамічнага ціску дадаецца магн. ціск і магн. нацяжэнне, што прыводзіць да з’яўлення т.зв. альвенаўскіх хваль. М.г. тлумачыць таксама з’явы касм. фізікі: зямны і сонечны магнетызм, паходжанне магн. палёў у Галактыцы, храмасферныя ўспышкі на Сонцы, Магн. буры і інш. Як самаст. навука М.г. сфармулявана ў 1940-х г. шведскім фізікам і астрафізікам Х.​Альвенам, які прадказаў новы від хваль, характэрных для добраправоднага асяроддзя ў магн. полі. З 1960-х г. даследаванні па М.г. значна пашырыліся за кошт узнікнення новых відаў вадкіх асяроддзяў, што ўзаемадзейнічаюць з магн. палямі і маюць уласную намагнічанасць (магн. вадкасці і магнітарэалагічныя суспензіі).

На Беларусі даследаванні па М.г. магн. вадкасцей і магнітарэалагічных суспензій вядуцца ў Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі, БПА. Розныя эфекты, што вывучаюцца М.г., знайшлі выкарыстанне ў інж. практыцы (стварэнне магнітагідрадынамічных генератараў, МГД-помпаў, ракетных рухавікоў, магчымае ажыццяўленне кіроўнага тэрмаядзернага сінтэзу і інш.).

Літ.:

Альвен Х., Фельтхаммар К.-Г. Космическая электродинамика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;

Электрогазодинамические течения. М., 1983.

В.​Р.​Батавой В.​Р.​Баштавой.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)