БА́РТАН ((Barton) Дэрэк Харальд Рычард) (8.9.1918, Грэйвзенд, графства Кент, Вялікабрытанія),

англійскі хімік; заснавальнік метаду канфармацыйнага аналізу. Скончыў Імперскі каледж навукі і тэхнікі Лонданскага ун-та (1940). З 1957 праф. Лонданскага ун-та. З 1978 дырэктар Ін-та хіміі прыродных злучэнняў у Жыф-сюр-Івеце (Францыя). Навук. даследаванні па хіміі прыродных злучэнняў (стэроіды, тэрпеноіды, ферменты), фотахіміі і біясінтэзе. Нобелеўская прэмія 1969.

Д.Х.Р.Бартан.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рыхтэр Бартан

т. 13, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРТАН, Бартан (Burton; сапр. Джэнкінс; Jenkins) Рычард (10.11.1925, г. Суонсі, Вялікабрытанія — 5.8.1984), англійскі акцёр. Вучыўся ў Оксфардзе. На сцэне з 1941. Вядомы як выканаўца роляў у п’есах У.​Шэкспіра ў Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры і т-ры «Олд-Вік». З 1949 у кіно. У 1966 разам з жонкай Э.Тэйлар заснаваў кінакампанію «Тэйбёр». Праславіўся ў ролі Джымі Портэра — маладога бунтара супраць маральных і сац. асноў грамадства ў фільме «Азірніся ў гневе». Сярод інш. фільмаў: «Клеапатра», «Хто баіцца Вірджыніі Вульф?», «Утаймаванне свавольніцы», «1984».

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СКЕЛ ((Gaskell) Элізабет) (29.9.1810, Лондан — 12.11.1865),

англійская пісьменніца. Вядомасць прынёс раман пра жыццё англ. рабочых «Мэры Бартан» (1848), рэаліст. накіраванасць якога змякчалася пропаведдзю хрысц. ўсёдаравання і надзеяй на магчымасць класавага прымірэння. У 1853 апубл. раманы «Крэнфард» і «Рут». Рэаліст. раман «Поўнач і Поўдзень» (1855) пазначаны духам кампрамісу, узмацненнем рэліг. і сентыментальных тэндэнцый. Аўтар біяграфіі сваёй сяброўкі — «Жыццё Шарлоты Бронтэ» (т. 1—2, 1857), раманаў «Паклоннікі Сільвіі» (1863), «Жонкі і дочкі» (1866, незавершаны) і інш.

Літ.:

Ремизов Б.Б. Элизабет Гаскелл. Киев. 1974.

Н.​М.​Саркісава.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

галіна арганічнай хіміі, якая вывучае сувязь паміж будовай арган. рэчываў і іх біял. функцыямі. Выкарыстоўвае пераважна метады арган. і фіз. хіміі, таксама фізікі і матэматыкі. У біяарганічнай хіміі даследуюцца біяпалімеры (бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, нуклеінавыя кіслоты і інш.), нізкамалекулярныя біярэгулятары (вітаміны, гармоны, прастагландзіны, антыбіётыкі, ферамоны і інш.); сінт. біялагічна актыўныя злучэнні, у т. л. лекі, пестыцыды, гербіцыды і інш. Спалучае аналіз хім. структуры, прасторавай будовы арган. злучэння з яго сінтэзам, мадыфікацыяй і вывучэннем хім. дзеяння ў сувязі з біял. функцыямі.

Склалася на мяжы біяхіміі і арган. хіміі, з’явілася лагічным працягам хіміі прыродных злучэнняў. Найб. значныя этапы станаўлення біяарганічнай хіміі: адкрыццё α-спіральнай структуры бялкоў (Л.​Полінг), вызначэнне хім. будовы нуклеатыдаў (А.​Тод), амінакіслотнай паслядоўнасці інсуліну (Ф.​Сенгер), працы па канфармацыйным аналізе біялагічна актыўных злучэнняў (Д.​Бартан, У.​Прэлаг), поўны хім. сінтэз рэзерпіну, хларафілу, вітаміну B12 (Р.​Вудвард). У Расіі і СССР уплыў на развіццё біяарганічнай хіміі зрабілі працы А.​М.​Бутлерава, М.​Дз.​Зялінскага, А.​Е.​Арбузава, У.​М.​Радыёнава, А.​М.​Белазерскага, І.​М.​Назарава, М.​А.​Праабражэнскага, М.​М.​Шамякіна, Ю.​А.​Аўчыннікава і інш. У 1960—70-я г. пачалі выкарыстоўваць у сінтэзе ферменты, напр., для камбінаванага хіміка-энзіматычнага сінтэзу гена (Г.​Карана). Энзімалагічныя метады сінтэзу далі магчымасць выбіральна ператвараць прыродныя злучэнні і атрымліваць новыя біялагічна актыўныя пептыды, алігацукрыды, нуклеатыды і нуклеінавыя кіслоты. У 1970—80-я г. інтэнсіўна развіваюцца сінтэз алігануклеатыдаў і генаў, мембраналогія, аналіз структуры складаных бялкоў, сярод якіх трансаміназа, β-галактазідаза, ДНК-залежная РНК-полімераза, γ-глабуліны, інтэрфероны і мембранныя бялкі (адэназінтрыфасфатаза, бактэрыярадапсін, цытахромы P-450); даследуюцца будова і механізм дзеяння нейрапептыдаў — рэгулятараў вышэйшай нерв. дзейнасці. Біяарганічная хімія звязана з практычнай медыцынай і сельскай гаспадаркай (стварэнне імунахім. сродкаў мікрааналізу біялагічна актыўных рэчываў, сінтэз антыбіётыкаў, гармонаў, вітамінаў, стымулятараў росту раслін і рэгулятараў паводзін жывёл і насякомых), біятэхналогіяй, хім. і мікрабіял. прам-сцю. Спалучэнне метадаў біяарганічнай хіміі і геннай інжынерыі дало магчымасць атрымаць інсулін чалавека, інтэрферон, гармон росту чалавека і інш. біялагічна актыўныя злучэнні бялкова-пептыднай прыроды.

На Беларусі развіццё біяарганічнай хіміі пачалося пасля ўтварэння ў 1974 Ін-та біяарган. хіміі АН на чале з А.​А.​Ахрэмам. Вывучаюцца і даследуюцца: структуры і функцыі бялкоў, ферментаў, нуклеінавых кіслот і нізкамалекулярных біярэгулятараў (стэроідных гармонаў, прастагландзінаў), тонкі арган. сінтэз пестыцыдаў, лек. прэпаратаў і іншых фізіялагічна актыўных біяхім. злучэнняў. Даследаваны: біяхім. ўласцівасці стэроідаў і прастагландзінаў (Ахрэм, Ф.​А.​Лахвіч, У.​А.​Хрыпач), стэроідных і бялковых гармонаў (А.​А.​Стральчонак), нуклеатыдаў і нуклеазідаў (І.​А.​Міхайлопула), механізмы дзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментных сістэм і іх мадэлявання (Дз.​І.​Мяцеліца, С.​А.​Усанаў), структура і арганізацыя мембранна-звязаных ферментаў (В.​Л.​Чашчын), таксама сінтэз новых лек. прэпаратаў на аснове гетэрацыклічных злучэнняў (Л.​І.​Ухава) і інш.

Літ.:

Овчинников Ю.А. Биоорганическая химия М., 1987;

Дюга Г., Пенни К. Биоорганическая химия: Хим. подходы к механизму действия ферментов: Пер. с англ. М., 1983;

Бендер М., Бергерон Р., Комияма М. Биоорганическая химия ферментативного катализа: Пер. с англ. М., 1987.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)