БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),

французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.​Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра, «Працэс» Ф.​Кафкі, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.​Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.​Ануя і інш. З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баро А. 11/320

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́-ХАРО́,

хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у межах Зах. Кітая і Усх. Казахстана. Даўж. з З на У каля 250 км. Выш. да 4359 км. Складзены з крышт. і метамарфічных парод. Характэрны альпійскія формы рэльефу. Па схілах горны стэп (да 1800 м), хвойныя лясы, альпійскія лугі. Ледавікі.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баро Ж. Л. 8/83; 10/640

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),

французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.​Антуана, Ж.​Капо, Ф.​Жэм’е, Г.​Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.​Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.​Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.​Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц. т-ра (Ж.​Вілар. Ж.​Баро, М.​Марсо, Р.​Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТАМІ́МА (ад грэч. pantomimos які усё пераймае, імітуе),

від сцэн. мастацтва, у якім маст. вобраз раскрываецца праз пластыку чалавечага цела, жэст, міміку. Можа мець форму эстраднай мініяцюры, якая выконваецца адным акцёрам (часам выконвае некалькі роляў і разыгрывае цэлую п’есу), т.зв. мастацтва «міма», і шматактавага спектакля з разгорнутым драм. сюжэтам, вял. колькасцю ўдзельнікаў, музыкай, дэкарацыямі і інш. Як закончаны эпізод П. сустракаецца ў драме, оперы, часцей у балеце і цырку. Сродкамі пластычнай выразнасці акцёр П. можа адлюстроўваць элементы жывой і нежывой прыроды.

П. бярэ пачатак у стараж. гульнях і абрадах многіх народаў свету. У адзін з асн. відаў тэатр. паказу вылучылася ў стараж. Кітаі, Індыі, Японіі, Грэцыі, Рыме і інш. Традыцыі П. выкарыстоўвалі гістрыёны, жанглёры, мімы, скамарохі і інш. Пашырылася ў 16—18 ст. у італьян. камедыі дэль артэ. Найб. вядомыя майстры П. 19 ст. — Дж.​Грымальдзі (Вялікабрытанія) і стваральнік маскі П’еро Ж.Б.​Г.​Дэбюро (Францыя). У канцы 19 ст. развівалася пераважна на сцэнах мюзік-холаў (Л.​Руф, Францыя; Д.​Лейна і Л.​Тыч, Вялікабрытанія). У пач. 20 ст. значнае месца П. адводзілі ў сваёй творчасці акцёры і рэжысёры Г.​Фукс, М.​Райнгарт, Э.​Жак-Далькроз, М.​Вігман і інш. У Расіі П. ўваходзіла ў склад нар. гульняў, абрадаў, займала значнае месца ў балаганных тэатрах і цырках. У пач. 20 ст. ўзнікла форма драм. П., якую распрацоўвалі рэжысёры К.​Марджанішвілі, М.​Еўраінаў, У.​Меерхольд, А.​Таіраў і інш. Вял. ролю ў развіцці сучаснага мастацтва П. адыграла творчасць Ж.​Баро і М.​Марсо (Францыя), Л.​Фіялкі (Чэхаславакія), Г.​Тамашэўскага (Польшча), А.​Румнева, В.​Палуніна (Расія) і інш.

На Беларусі элементы П. вядомы са старажытнасці ў нар. гульнях (масленічных і інш.) і абрадах (сватанне, вяселле і інш.), выкарыстоўваліся скамарохамі. Сюжэтныя спектаклі-П. на бел. сцэне ставілі розныя сав. цыркавыя калектывы: «Бахчысарайская легенда» (1963), «Партызанская балада» (1967), «Кастрычніцкая паэма» (1977), «Маладосць мая, Беларусь» (1978), «Беларускія ўзоры» (1982) і інш. Нумары П. ставяць нар. цыркавыя калектывы Беларусі. Сцэны П. і яе элементы выкарыстоўваюцца ў пастаноўках Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы, Нац. рус. акад. т-ра імя М.​Горкага і інш. Мастацтва драм. П. развіваецца з 1970-х г. Працуюць т-ры П.: мінскія нар. т-р П. «Рух» (з 1971), нар. ансамбль П. (з 1976), «Рух» пад кіраўніцтвам У.​Колесава (з 1980), тэатр-студыя П. «Жэст» пад кіраўніцтвам В.​Іназемцава (1986), Незалежны т-р П. пад кіраўніцтвам І.​Глушакова (1991) і інш.

Літ.:

Румнев А. О пантомиме. М., 1964;

Рутберг И.Г. Пантомима: Опыты в мимодраме. М., 1977;

Маркова Е.В. Современная зарубежная пантомима: La mime. M., 1985.

Р.​І.​Баравік.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)