Бакіевіч Р. 9/45; 12/405

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАЎ (Максім Паўлавіч) (17.1.1911, в. Хухарава Вялікаігнатаўскага р-на, Мардовія — 30.6.1973),

акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 у т-рах Расіі. З 1947 у Магілёўскім, з 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-рах. Вострахарактарны акцёр. Лепшым работам Абрамава ўласцівы жыццёвая праўда, зліццё з вобразам. Сярод роляў: Калеснікаў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка» А.​Макаёнка), Гукан («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Лабыш («Папараць-кветка» І.​Козела), Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Яечня («Жаніцьба» М.​Гогаля), Зыкаў («Зыкавы» М.​Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.​Шылера).

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЯЛІ́ЦА (Канстанцін Іванавіч) (н. 1.6.1938, с. Цішэнаўка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў студыю пры Украінскім драм. т-ры імя І.​Франко ў Кіеве (1965). З 1966 у Брэсцкім т-ры драмы і музыкі. Выканаўца характарных і камед. роляў. Створаныя ім вобразы вызначаюцца псіхал. абгрунтаванасцю, народнасцю: Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Цярэшка, Паляныца («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Старжыцкі («Хамуціус» паводле А.​Куляшова), Фядос Сыч («Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча), Драздзюк («Наследнік» М.​Матукоўскага), Франак («Грэшнае каханне» А.​Дзялендзіка), Буслай, Люцень («Парог», «Купалле» А.​Дударава), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Манахаў («Варвары» М.​Горкага), Аптымістэнка («Лазня» У.​Маякоўскага), фон Кальб («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Косме («Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона), Гейгер («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана), Маёр («Дамы і гусары» А.​Фрэдра) і інш.

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІНАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 6.5.1920, г. Казань, Татарстан),

бел. акцёр. Засл. арт. Літвы (1955). Нар арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю пры Троіцкім драм. т-ры Чэлябінскай вобл. (1938). З 1936 працаваў у тэатрах Літвы, Малдовы і інш. У 1959—89 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Для творчасці Л. характэрны багацце псіхал. фарбаў, шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Працаваў у розных сцэн. жанрах. Сярод роляў: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Тарасаў («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Каравай і Пракусаў («Таблетку пад язык» і «Верачка» А.​Макаёнка), Круціцкі («На ўсякага мудраца даволі прастаты» А.​Астроўскага), Бяссеменаў («Мяшчане» М.​Горкага), Роберт («Вучань д’ябла» Б.​Шоу), дон Хераніма («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра), Марозаў («Вернасць» В.​Бергольц), Капітон Ягоравіч («Шануй бацьку свайго» В.​Лаўрэнцьева), Навум Еўсцігнеевіч і Лысы («Характары» і «Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Сава Марозаў («Трэцяя варта» Г.​Капралава і С.​Туманава), Сталін («Дзеці Арбата» паводле А.​Рыбакова) і інш.

Р.​М.​Бакіевіч.

А.К.Логінаў.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.

Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар. тэатр. вучылішча (курс У.​Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл. драм. т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.

Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч, «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.​Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.​Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.​Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.​Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.​Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.​Штока, «Арганаўты» Ю.​Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева, «Характары» паводле В.​Шукшына і інш.

Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Ірынка» К.​Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Хамуціус» паводле А.​Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.​Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.​Рамановіча паводле аповесці З.​Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Папараць-кветка» І.​Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка, «Разумная дачка» У.​Караткевіча паводле бел. нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.​Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.​Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.​Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.​Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.​Іпатавай, «Машэка» М.​Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.​Тургенева, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.​Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.​Дзюмануара і А.​Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.​Шоу, «Атэла» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.​Касоны, «Від з моста» А.​Мілера, «Лаліта» Э.​Олбі (паводле У.​Набокава), «Гісторыя кахання» Э.​Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.​Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.​Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.

У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар. арт СССР Я.​Палосін; нар. артысты Беларусі Т.​Заранок, А.​Логінаў, Г.​Маркіна; засл. артысты Беларусі М.​Абрамаў, Т.​Аляксеева, А.​Асторына, Н.​Ганчарэнка, Л.​Весніна, У.​Говар-Бандарэнка, В.​Захарава, Т.​Канавалава, Г.​Качаткова, З.​Курдзянок, П.​Маркін, А.​Самараў, Л.​Сторажава, Б.​Уксусаў, Б.​Уладамірскі, Ю.​Уласаў, С.​Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.​Яўдошанка, К.​Перапяліца, Г.​Токараў. Гал. рэжысёр Я.​Натапаў (з 1996), гал. мастак В.​Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Р.​М.​Бакіевіч.

Да арт. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Сцэна са спектакля «Хамуціус» паводле А.​Куляшова.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)