БАЗЕ́Н
(Bazaine) Ашыль Франсуа (13.2.1811, Версаль — 23.9.1888),
ваенны дзеяч Францыі, маршал (1864). Удзельнік войнаў у Алжыры (1835), Іспаніі (1837), Крымскай вайны (1853—56), аўстра-італа-франц. вайны 1859 і Мексіканскай экспедыцыі 1862—67. У час франц.-прускай вайны 1870—71 камандаваў корпусам, Рэйнскай арміяй; у 1870 здаў крэпасць Мец, за што ў 1873 прыгавораны ваен. судом да 20 гадоў зняволення. У 1874 уцёк з турмы і астатнія гады пражыў у Іспаніі.
т. 2, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГАРТ
(Bogart) Хэмфры (25.12.1899, Нью-Йорк — 14.1.1957),
амерыканскі акцёр. З 1920 выступаў у тэатры, з 1930 у кіно. Выконваў ролі т.зв. моцных мужчын са складаным унутраным светам у гангстэрскіх і дэтэктыўных фільмах, вестэрнах: «Акамянелы лес» (1936), «Высокая Сьера» і «Мальтыйскі сокал» (1941), «Афрыканская каралева» (1951, прэмія «Оскар»), «Тым цяжэй будзе падзенне» (1956) і інш., што зрабіла яго культавым героем амер. кінематографа. Раптоўная смерць акцёра садзейнічала пэўнай міфалагізацыі яго вобраза.
Літ.:
Базен А. Смерть Хэмфри Богарта // Базен А. Что такое кино?: Пер. с фр. М., 1972.
т. 3, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЭ́Н
(Bazin) Эрвэ (сапр. Жан П’ер Мары Эрвэ-Базэн; Hervé-Bazin; г. Анжэ, Францыя — 17.2.1996),
французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. З 1958 чл. Ганкураўскай акадэміі, з 1977 яе прэзідэнт. Аўтар паэт. зб-каў «Долі» (1933), «Дні» (1947), «Настроі» (1953) і інш. Бяздушнасць і ханжаства сем’яў, заснаваных на меркантыльных інтарэсах, іх бездухоўнасць, праблема бацькоў і дзяцей у цэнтры сатыр.-псіхал. трылогіі «Сям’я Рэзо» («Гадзюка ў кулаку», 1948; «Смерць коніка», 1950; «Крык савы», 1972), у цыкле «сямейных» псіхал. раманаў «У імя сына» (1960), «Сямейнае жыццё» (1967), «Анатомія аднаго разводу» (1975). У рамане «Уставай і ідзі» (1952) адлюстраваў трагічныя вынікі вайны. Раман «Масла ў агонь» (1954) — даніна натуралістычнай эстэтызацыі паталаг. выпадку. Аўтар дакумент. рамана «Шчасліўцы з вострава «Адчаю» (1970), філас. рамана «Зялёны храм» (1981), паліт. аповесці пра Чылі «І агонь паглынае агонь» (1978), зб. нататак і афарызмаў «Азбука» (1984) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1988.
Літ.:
Балашова Т. Эрве Базен и пути французского психологического романа. М., 1987.
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)