Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял.Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.Цікоцкага (1949), У.Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.
Літ.:
Н.М.Воранаў /Аўт. тэксту Р.Р.Бадзін. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МЕР (Альфрэд Ізідар) (16.4.1832, Вільня — 24.1.1897),
жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец. З роду Ромераў. Творчасць звязана з маст жыццём Беларусі і Літвы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у К.І.Русецкага; вучыўся ў Парыжы ў Л.Бана і ў Мюнхене ў А. фон Рамберга (1869—74). З канца 1850-х г. жыў у маёнтку Крэўна (цяпер Уценскі пав. Літвы). За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі зняволены. Пасля вызвалення працаваў у Мюнхене, Кракаве, Парыжы. З 1874 у маёнтку Каралінова (цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.), з 1884 у Кракаве. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэліг. сюжэты. Творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Сярод работ: партрэты маці (1872), бацькі, жонкі, Э.Ромера (1873), партрэт паўстанца 1863 года (1870-я г.), К.Русецкага, К.Эстрэйхера, Ф.Даноўскага, У.Лушчкевіча, скульпт. Яцунскага, жывапісца Швайніцкага і яго жонкі, М.Ромера, аўтапартрэты і інш.; бронз. медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, арх. помнікаў, карыкатуры. Гіст. і маст. каштоўнасць маюць этнагр. замалёўкі сялянскага побыту беларусаў: кампазіцыі «Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Каля карчмы», «Сялянскі двор», «Перад вакзалам», малюнкі нар. касцюмаў. Выканаў шэраг размалёвак у правасл. і каталіцкіх храмах у в. Камаі Пастаўскага р-на і Пінску. Вывучаў нар. прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.