Бадзюлі ’расліна Carduus crispus L., чартапалох кучаравы’ (Кіс.). Бясспрэчна, утварэнне ад *bod‑ ’калоць’ (гл. бада́ць) з суфіксам *‑ulʼa, але ў бел. яшчэ экспрэсіўнае памякчэнне (*bodulʼa > бадзюля). Параўн. іншыя назвы чартапалоху: будзяк, калючка і г. д. Параўн. таксама (з іншым суфіксам) бадзю́ка ’бадлівая скаціна; калючая галоўка ў расліны’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзю́лька1 ’калючка, востры шып у расліны — агрэсту, ружы’ (Бяльк.); ’калючка ў вожыка; іголка ў расліны, шып’ (Нас.); ’матавіла для наматвання нітак; калючка’ (Касп.). Таго ж паходжання, што і назва чартапалоху — бадзюлі (< *bodati, *bosti ’калоць’). Матавіла атрымала сваю назву па форме (шылападобныя канцы).

Бадзю́лька2, бадзюлёк ’што-небудзь маленькае’ (Бір. Дзярж.). Назва, бясспрэчна, другаснага паходжання. Першапачаткова, напэўна, тое ж самае, што і бадзю́лька1 ’калючка; матавіла’, потым маленькая калючка, маленькае матавіла і г. д.’ > ’што-небудзь маленькае’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)