Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
два паселішчы эпохі неаліту (4—3-е тыс. да нашай эры) каля в.Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Раскопкамі выяўлены рэшткі посуду, блізкага да керамікі верхня-волжскай культуры, кераміка нёманскай культуры, крамянёвыя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, нажы і інш.). Стаянкі неаліту на УБел. Падзвіння і ў прылеглых раёнах Верхняга Падняпроўя з-за іх гіст. агульнасці атрымалі назву «помнікі бабінавіцкага тыпу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бабінавічы (в.) 2/36; 6/349, 350 (к.); 7/417
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПдЗ ад Лёзна, 52 км ад Віцебска. 754 ж., 317 двароў (1995).
Заснавана не пазней як у 16 ст. У канцы 16—17 ст. мястэчка, дзярж. маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяв. У 1777—96 і 1802—40 цэнтр Бабінавіцкага павета, Бабінавічы мелі статус павятовага горада. У 1781 горад атрымаў герб. У 1897 у Бабінавічах 1157 ж., царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква, касцёл св. Тройцы. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 страцілі статус горада і сталі вёскай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Высачанскім, з 1931 — у Лёзненскім р-нах.
Птушкафабрыка. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі археал. помнік Бабінавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1777—96 і 1802—40 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г.Бабінавічы. Утвораны 21.6.1777 з Дубровенскага пав.Пл. 301,6 тыс. дзесяцін, нас. 55,1 тыс.чал. (1782). 12.12.1796 пры стварэнні Беларускай губ. павет скасаваны, яго тэр. ўключана ў Аршанскі і Віцебскі пав., 27.2.1802 адноўлены. У 1831 у павеце жылі 50,7 тыс.чал. Канчаткова Бабінавіцкі павет скасаваны 23.2.1840, тэр. ўвайшла ў Аршанскі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ДЗІНА,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяску, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля в.Бабінавічы. Пластападобны паклад звязаны з надмарэннымі флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял і пясок шаравата-жоўтыя. Пясок розназярністы, з праслоямі дробназярністага, палевашпатава-кварцавы, месцамі гліністы. Разведаныя запасы 12,7 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—11,3 м, ускрышы (пяскі) 0,1—5,3 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для вытв-сці бетону, буд. работ і дарожнага буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з в.Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Промысел узнік у старажытнасці, найб. развіцця дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пач. 20 ст. набылі пашырэнне вырабы, аздобленыя размалёўкай светла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамя гасп. посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А.Траяноўскі, М.Шчадзінскі, А.Рыжкоў і інш. выраблялі утылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы з лепкай. У наш час выраб традыц. асартыменту посуду і цацак працягваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧО́СА,
рака ў Лёзненскім і Віцебскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 3510 м². Выцякае з воз. Зелянское каля в.Бабінавічы Лёзненскага р-на, цячэ па Лучоскай нізіне і ў межах Віцебскага ўзв.Асн. прытокі: Чарніца, Сухадроўка (справа), Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка (злева). Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. 400—600 м. Пойма перарывістая, чаргуецца на берагах, больш развіта на левабярэжжы, шыр. яе 300—500 м. Рэчышча шыр. 20—30 м, у нізоўі да 60 м. Найвыш. ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пач. красавіка. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы крыгаход 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,4 м³/с.