Бабыр ’каленік (рыба)’ (Інстр. II, 57). Параўн. укр. боби́рь ’Acerina rossica Pall., ёрш’, рус. бобы́рь ’Acerina rossica’, ’Cyprinus gobio’, бобыль ’Acerina rossica Pall’. Галавастыя рыбы часта носяць назвы, утвораныя ад асновы bob‑, bab‑ (аб аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 159–171), якая ў некаторых выпадках супадае з ба́ба (параўн. Безлай, Posk. zv.). Гл. яшчэ ба́ба-ры́ба, бабу́р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бубыр ’ёрш’ (Інстр. II). Няяснае слова. Невядома, ці ‑у‑ тут першапачатковае. Параўн. бел. бабур ’малады акунь’, бабка ’ёрш’, бабыр ’рыба каленік’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),

род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.

Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.

Л.В.Кірыленка.

Джгіры: 1 — насар; 2 — звычайны; 3 — Балона; 4 — паласаты.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)