Аўгусці́н

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. Аўгусці́н Аўгусці́ны
Р. Аўгусці́на Аўгусці́наў
Д. Аўгусці́ну Аўгусці́нам
В. Аўгусці́на Аўгусці́наў
Т. Аўгусці́нам Аўгусці́намі
М. Аўгусці́не Аўгусці́нах

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

АЎГУСЦІ́Н Блажэнны

(Augustinus Sanctus) Аўрэлій (13.11.354, г. Тагаст, Паўн. Афрыка — 28.8.430),

хрысціянскі багаслоў, філосаф, буйнейшы прадстаўнік зах. (лац.) патрыстыкі. Епіскап г. Гіпон (395). Асн. творы «Споведзь» (400), «Пра тройцу» (400—416), «Пра горад божы» (413—426). Яго вучэнне — філас.-тэалагічнае абгрунтаванне хрысціянства ў духу неаплатанізму. Распрацаваў сац.-паліт. канцэпцыю, якая падзяляе чалавечае грамадства на 2 процілеглыя царствы — «горад зямны» і «горад божы». Не адмаўляючы свецкай улады, аддаваў перавагу ўладзе духоўнай. Ідэі Аўгусціна моцна паўплывалі на развіццё сярэдневяковай тэалогіі і філасофіі (гл. Аўгусцініянства). На Беларусі яго творы вядомыя з 11 ст., цікавасць да іх пабольшала ў 16—17 ст., калі тут былі выдадзены яго зб-кі павучанняў, творы «Пра горад божы», «Богападобная любоў», «Пра бачанне Хрыста».

Літ.:

Бычков В.В. Эстетика Аврелия Августина. М., 1984.

Г.​У.​Грушавы.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

блажэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Дзівакаваты, юродзівы (пра некаторых святых). Блажэнны Аўгусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́башч, ‑а, м.

Ксёндз, які стаіць на чале парафіі. Ксяндза-пробашча віншуюць: яго прамова — шэдэўр красамоўства. Колас. Адзінае, што заслугоўвае ўвагі, — гэта касцёл і плебанія, у якой жыве пробашч Аўгусцін. Бажко.

[Польск. proboszcz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАТУ́НДУС (Мялецкі Аўгусцін; ? — 1582),

прававед, грамадскі і дзярж. дзеяч ВКЛ. Звесткі пра час і месца нараджэння не захаваліся. У 1538 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, у 1542 упамінаецца як д-р кананічнага і свецкага права ў гэтым ун-це. Пры вял. князю Жыгімонце I Старым займаў пасаду сакратара дзярж. канцылярыі. Займаўся сістэматызацыяй магдэбургскага права. Удзельнічаў у падрыхтоўцы праектаў Статутаў ВКЛ 1566 і 1588. Апошнія гады жыцця быў сакратаром у Стафана Баторыя.

т. 13, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,

паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл. Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл. Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЯННЕ,

дыскрэтная або безупынная праява якой-н. прадметна-матэрыяльнай ці разумовай актыўнасці; і як адзінка дзейнасці. Адрозніваюць Дз. фіз., біял., псіхічнае, лагічнае, дзеянне сацыяльнае. У якасці філас. катэгорыі Дз. суадносіцца з перажываннем ці пакутамі (Платон, Арыстоцель); разглядаецца як момант руху разам з супрацьдзеяннем (І.​Ньютан, Ф.​Энгельс); трактуецца як прычына, вынік (Б.​Спіноза, І.​Кант, Г.​Гегель); у супастаўленні з інертным матэрыяльным быццём тлумачыцца як праява творча-дзейнага духу ці самасвядомасці суб’екта (Аўгусцін, Г.​Лейбніц, І.​Фіхтэ, М.​А.​Бярдзяеў). Паняццем «Дз.» выяўляецца наяўная актыўнасць (сапраўднасць) якой-н. сілы ў адрозненне ад магчымасці (патэнцыяльнасці) яе праяўлення.

Літ.:

Григорьев В., Мякишев Г. Силы в природе. 7 изд. М., 1988. Петровский А.В., Ярошевский М.Г. История и теория психологии. Т. 2. Ростов н/Д, 1996.

А.​Ю.​Харын.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЕРБЕРГ ((Meyerberg) Аўгусцін) (жн. 1612, Сілезія — 23.3.1688),

аўстрыйскі дыпламат. Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.​Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».

А.​В.​Белы.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),

погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.​Гельвецый, Л.​Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.​Марсель, А.​Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВА́НАЎ (Аўгусцін Лазаравіч) (н. 16.6.1937, г. Валгаград, Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. З 1962 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы, адначасова з 1970 выкладае ў Бел. АМ. Выканаўца драм. і вострахарактарных роляў. Творчай манеры М. ўласцівы псіхал. дакладнасць характараў, выразны малюнак ролі, тонкае адчуванне стылю і жанравай прыроды твора. Найб. значныя ролі: Тата і Гаспадар («Зацюканы апостал» і «Святая прастата» А.​Макаёнка), Арэшкін («Крыніцы» паводле І.​Шамякіна), Марцін Лютэр («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Восіп («Рэвізор» М.​Гогаля), Кудраш («Навальніца» А.​Астроўскага), Гэлі Гэй («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта), Арнхальм («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата), Зурыко («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе), Герастрат, Тэўе-малочнік («...Забыць Герастрата!», «Памінальная малітва» Р.​Горына), Шындзін («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана).

Г.​Г.​Коваль.

А.Л.Мілаванаў.
А.Мілаванаў у ролі Ромула.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)