рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс.км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Атре́кр.Атрэ́к, -ка м.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ІРА́Н, Ісламская Рэспубліка Іран (Джамхурые Эсламіе Іран),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі. Да 1935 афіц. назва Персія. Мяжуе на Пн з Арменіяй, Азербайджанам, Туркменістанам, на У з Афганістанам і Пакістанам, на З з Іракам і Турцыяй. На Пн абмываецца водамі Каспійскага м., на Пд — Персідскага і Аманскага заліваў. Пл. 1648 тыс.км². Нас. 67 540 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — персідская (фарсі). Сталіца — г.Тэгеран. У складзе І. 25 астанаў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (11 лют.).
Дзяржаўны лад. І. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 (са зменамі 1989), паводле якой вышэйшы аўтарытэт і ўладу ў краіне мае рэліг.-паліт. лідэр мусульм. абшчыны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (ён жа ўзначальвае выканаўчую ўладу), які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Мусульм. кансультатыўнаму сходу — меджлісу (270 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Функцыі кантролю за адпаведнасцю рашэнняў меджліса палажэнням ісламу і канстытуцыі і нагляд за правядзеннем рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта і дэпутатаў меджліса ажыццяўляе Савет стражнікаў ісламскай рэвалюцыі з 12 членаў, з іх 6 назначае кіраўнік І. і 6 мусульм. правазнаўцаў выбірае меджліс на тэрмін 6 гадоў. Мясц. ўлада ў астанах належыць губернатарам, якіх назначае нац. ўрад, і саветам, што выбіраюцца насельніцтвам пэўнага астана.
Прырода. І. — краіна гор і высокіх нагор’яў (4/5 тэрыторыі). Большую ч. займае Іранскае нагор’е, акаймаванае горнымі сістэмамі. На Пн — Туркмена-Харасанскія горы і Эльбурс (з найвыш. пунктам І. г. Дэмавенд, 5604 м), на З і Пд Курдыстанскія горы, Загрос і Мекран, на ПдУ і У — Усх.-Іранскія горы, на ПнЗ — Армянскае нагор’е. Унутр.ч. Іранскага нагор’я занята хр. Кухруд і замкнёнымі бяссцёкавымі ўпадзінамі (пустыні Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут). Уздоўж Каспійскага м. паласой у 2—6 км распасціраецца Прыкаспійская нізіна. На ПдЗ — ч. Месапатамскай нізіны, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў — пустыня Гермсір, у бас.р.Атрэк — Гарганская раўніна. Часта бываюць землетрасенні. Нетры І. багатыя нафтай, прыродным газам, каменным вугалем. Ёсць жалезныя, марганцавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, храмітавыя, нікелевыя і кобальтавыя руды, руды высакародных металаў. З няруднай сыравіны: сера, калійная, кухонная і глаўберава солі, азбест, карунд, графіт, тальк, слюда, барыты, каштоўныя камяні. Разнастайныя буд. матэрыялы: граніты, даламіты, вапнякі, мармур, туфы. Радовішчы нафты і газу пашыраны ў межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна, асобныя радовішчы ў Цэнтральнаіранскім і Паўд.-Каспійскім басейнах. Разведаныя запасы нафты 12,8 млрд.т, найб. радовішчы: Агаджары, Гечсаран, Марун, Бібі-Хекіме, Ахваз. Запасы прыроднага газу каля 20 трыльёнаў м³ (2—е месца ў свеце пасля Расіі), найб. радовішчы Кенган, Пазенан, Парс, Керманскі і Эльбурскі каменнавугальныя басейны. Клімат на большай частцы тэр. І. субтрапічны, сухі, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў трапічны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пн да 19 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 °C і 32 °C. Ападкаў ад 30 мм да 500 мм за год (пераважна зімой і вясной), на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм. Рэкі малаводныя, большасць іх адносіцца да ўнутр. басейнаў, многія летам перасыхаюць. Гал. рэкі: Аракс, Кызылузен, Шат-эль-Араб з прытокам Карун, Атрэк, Гарган. Шмат азёр, пераважна бяссцёкавых і салёных — Урмія, Дэр’ячэе-Немек, Хамун і інш. Агульная асаблівасць глеб — камяністасць і павышаная засоленасць. Ва ўнутр. раёнах і катлавінах шэразёмы і саланчакі, на схілах Эльбурса жаўтазёмы і чырваназёмы, па рачных далінах алювіяльныя глебы. Расліннасць разнастайная, больш за 600 відаў, пераважае пустынная, паўпустынная і сухастэпавая. Пад лесам каля 7% тэрыторыі, у асноўным на схілах Эльбурса (дуб, бук, граб, самшыт, грэцкі арэх). На ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў расліннасць трапічная (мімозы, аравійская акацыя, какосавая пальма, у аазісах — фінікавая пальма). Багаты жывёльны свет. З капытных — архар, антылопа-джэйран, казуля, газель, з драпежнікаў — тыгр, гепард, леапард, гіена, воўк. Шмат грызуноў, паўзуноў. Нац. паркі: Кевір, Гулістан, Урмія, Цэнтральнаэльбурскі і інш.; буйны заказнік Туран.
Насельніцтва. 50% насельніцтва складаюць персы; каля 20% азербайджанцаў, 10% лураў, 8% курдаў, па 2% арабаў і туркменаў; ёсць белуджы, армяне, яўрэі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-шыіты (90%); ёсць мусульмане-суніты (8,4%), хрысціяне (0,6%), іудзеі (0,2%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 3,3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 41 чал. на 1 км². Каля 2/3 размешчана на ПнЗ і Пн, дзе найб. спрыяльныя кліматычныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Гар. насельніцтва 60%. Найб. гарады (тыс.ж.): Тэгеран — 6836, Мешхед — 2016, Ісфахан — 1924 (1997), Тэбрыз — 1089, Шыраз — 965,1, Ахваз — 724,7, Бахтаран — 624,1 (1991). У прам-сці заняты 21%, у сельскай гаспадарцы — 33% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя Паводле археал. звестак, тэр. І. заселена чалавекам з канца ніжняга палеаліту. У 3-м тыс. да н.э. тут існавала стараж. дзяржава Элам, якая ў 13—12 ст. да н.э. дасягнула найб. росквіту і распасціралася ад р. Еўфрат да Цэнтр. І. У 9—8 ст. да н.э. асобныя раёны І. далучаны да Асірыі. Каля 673—672 да н.э. ў выніку антыасірыйскага паўстання на Іранскім нагор’і ўзнікла дзяржава Мідыя, якая ў 616—605 да н.э. ў кааліцыі з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву. Пасля вайны 553—550 да н.э. Мідыі з падпарадкаваным ёй царствам Персіда ўлада ў краіне перайшла да дынастыі Ахеменідаў. Назву Персіда (Перса, Парс, сучасны Фарс) стараж. грэкі, а пазней і інш.еўрап. народы перанеслі на ўсю краіну і сталі называць яе Персіяй. Заснавальнік дынастыі Ахеменідаў Кір II заваяваў М. Азію, Вавілонію, Сірыю і Палесціну, пазней — Егіпет. Пры Дарыю I [522—486 да н.э.] перс. дзяржава рэарганізавана (удасканалены адм.-тэр. падзел, распрацаваны заканад. кодэкс, вялося буд-ва дарог, чаканілася залатая манета), пашыраны яе межы. Барацьба за панаванне на гандл. шляхах паміж Захадам і Усходам уцягнула Ахеменідаў у працяглыя войны з Грэцыяй (гл.Грэка-персідскія войны). У 330 да н.э. гэтую дзяржаву заваяваў Аляксандр Македонскі. Пасля 312 да н.э.тэр. І. ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка I (гл.Селеўкіды), у сярэдзіне 2 ст. да н.э. — Парфянскага царства. У 224 н.э. правіцель залежнай ад Парфіі Персіды Ардашыр I разбіў войскі апошняга парфянскага цара Артабана V і стварыў Сасанідскую дзяржаву (гл.Сасаніды). Пры Сасанідах праведзены адм., падатковая і ваен. рэформы, будаваліся гарады, развіваўся гандаль; імкнучыся да ідэалаг. еднасці, яны апіраліся на дзярж. рэлігію зараастрызм. Узмоцненая Сасанідская дзяржава заваявала Паўд. Аравію, Сірыю, Палесціну і Егіпет, пагражала існаванню Візантыі. Працяглыя войны і феад. міжусобіцы аслабілі краіну. У 7 ст. яе заваявалі арабы (гл.Арабскія заваяванні) і ўключылі ў склад Араб.халіфата. Да канца 10 ст. іслам стаў рэлігіяй б.ч. насельніцтва І., араб. мова надоўга стала дзярж. і літ. мовай. Нар. рух супраць араб. панавання (у форме рэліг. рухаў пераважна шыіцкай арыентацыі, гл.Шыізм), узмацненне працэсу феадалізацыі і сепаратызм мясц. феадалаў аслабілі ўладу арабаў. Гэта прывяло да стварэння на тэр. І. ў 9—10 ст. спадчынных намесніцтваў (эміратаў), якія толькі намінальна залежалі ад Араб. халіфата: Тахірыдаў дзяржава ў Харасане (821—873), Сафарыдаў у Сістане (з 861), потым у Харасане (873—900) і інш. У 900 Харасан і ўсх. І. увайшлі ў склад дзяржавы Саманідаў (да 999); у зах. І. і Іраку склалася Буідаў дзяржава (935—1055). Пасля распаду дзяржавы Саманідаў усх. І. разам з ч. Сярэдняй Азіі і тэр. сучаснага Афганістана ўвайшоў у склад дзяржавы Газневідаў. З 11 ст. пачаліся ўварванні на тэр. І. цюркаў-агузаў, якія заваявалі ўвесь І., сумежныя з ім краіны і стварылі Сельджукскую дзяржаву. У пач. 12 ст. яна распалася на шэраг султанатаў, унутры іх склаліся княствы моцных васалаў. Барацьба паміж асобнымі дынастыямі прывяла да заняпаду гандлю, рамяства і земляробства. Аслабленая краіна ў 13 ст. заваявана манголамі, паміж 1380—93 — войскамі Цімура. Нашчадкі Цімура вялі паміж сабой няспынныя войны. У канцы 14 — пач. 15 ст. рост буйнога землеўладання разам з аслабленнем эканам. сувязей паміж асобнымі правінцыямі паглыбілі феад. раздробленасць краіны. Новы ўздым І. звязаны з панаваннем дынастыі Сефевідаў (1502—1736), калі ўмацавалася цэнтр. ўлада, наладжаны дыпламат. кантакты з еўрап. краінамі. Найб. магутнасці дзяржава дасягнула пры шаху Абасе I (1587—1629], які стварыў рэгулярную армію, знізіў падаткі, наладзіў гандл. адносіны з інш. краінамі; дзякуючы буд-ву дарог і каналаў развівалася яе эканоміка. З прычыны абвастрэння барацьбы за ўладу паміж феад. групоўкамі, духавенствам і свецкімі феадаламі ў 2-й пал. 17 ст. пачаўся паліт. і эканам. спад. Пад націскам афганцаў-гільзаяў (1722) дзяржава Сефевідаў распалася. У 1723 у паўн.-зах. і цэнтр. раёны краіны ўварваліся туркі. Антыафг. барацьбу (1726—30) і выгнанне туркаў (1730—36) узначаліў Надзір-хан Афшар (гл.Надзір-шах). У выніку шматлікіх ваен. паходаў ён стварыў велізарную феад. імперыю, якая распалася пасля яго забойства (1747). Анархія і феад. ўсобіцы зноў прывялі краіну да паліт. і эканам. заняпаду. У канцы 18 ст. да ўлады прыйшла Каджарская дынастыя (1796—1925). З гэтага часу І. — аб’ект эканам. экспансіі еўрап. краін, пераважна Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. У выніку англ. і франц.калан. палітыкі, Руска-іранскіх войнаў 19 ст. былі падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, якія ператварылі І. у рынак збыту прамысл. тавараў еўрап. краін. Абвастрэнне сац. супярэчнасцей, рост незадаволенасці нар. мас выліліся ў Бабідскія паўстанні 1848—52, а пазней у антыфеад. і антыкалан. Іранскую рэвалюцыю 1905—11, у ходзе якой абвешчана канстытуцыя, скліканы меджліс (парламент), праведзены інш.дэмакр. пераўтварэнні. Баючыся росту рэв. настрояў, Вялікабрытанія і Расія заключылі пагадненне (1907) і падзялілі І. на брыт. і рас. сферы ўплываў. У канцы 1911 рэвалюцыя задушана аб’яднанымі англа-рас. войскамі і кансерватыўнымі ўнутр. сіламі. У 1-ю сусв. вайну тэр. І., нягледзячы на абвешчаны ёй нейтралітэт, ператварылася ў арэну ваен. дзеянняў паміж ваюючымі дзяржавамі: паўн. раёны занялі рас. войскі, паўд. — англійскія. У 1919 прабрытанскі ўрад Васуг эд-Доўле заключыў пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое фактычна ператварыла І. у брыт. пратэктарат. У 1919—22 антыбрыт. настроі і нац.-вызв. рух узмацніліся, асабліва ў паўн. і паўн.-ўсх. правінцыях (Іранскі Азербайджан, Харасан), дзе пад кіраўніцтвам камуністаў (у 1920 засн. Іранская камуніст. партыя) пачаліся ўзбр. паўстанні; у Гіляне абвешчана сав. рэспубліка. У лют. 1921 адбыўся дзярж. пераварот. Новы ўрад ануляваў англа-іранскае пагадненне 1919 і заключыў дагавор з Сав. Расіяй (сав. ўрад адмовіўся ад усіх прывілеяў, атрыманых царскім урадам, і ануляваў іранскія даўгі, але захаваў права ўвесці свае войскі на тэр. І. пры пэўных абставінах). У кастр. 1925 меджліс абвясціў, што Каджарская дынастыя скінута. Шахам І. пад імем Рэза-шах стаў заснавальнік дынастыі Пехлеві Рэза-хан. Ён ажыццявіў шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю дзяржавы, узмацненне цэнтр. улады і кансалідацыю грамадства. Адначасова жорстка падаўляліся вызв. рух і сепаратысцкія імкненні нац. меншасцей, праводзіліся тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да дэмакр. апазіцыі. У знешняй палітыцы Рэза-шах займаў антысав. пазіцыі, адначасова імкнуўся да вызвалення І. з-пад брыт. ўплыву. З гэтай мэтай было наладжана паліт. і эканам. супрацоўніцтва з фаш. Германіяй, чые пазіцыі ў І. ў 2-й пал. 1930-х г. значна ўзмацніліся. З пач. 2-й сусв. вайны ў краіне пашырылася дзейнасць ням. агентуры. Пасля нападу фаш. Германіі на СССРсав. ўрад, спасылаючыся на дагавор 1921, увёў у паўн. правінцыі І. свае войскі, адначасова на падставе дэкларацыі ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў паўд. правінцыі ўведзены брыт. (з 1942 і амер.) войскі. Тут была таксама Андэрса армія. У вер. 1941 Рэза-шах адрокся ад прастола на карысць свайго сына Махамеда Рэза Пехлеві. У вер. 1943 І. аб’явіў вайну фаш. Германіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 у дэкларацыі, прынятай кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, даваліся гарантыі цэласнасці, незалежнасці і суверэннасці І., а таксама эканам. дапамогі. У гады вайны ў краіне павялічылася актыўнасць левых сіл, асабліва на тэр., занятай сав. войскамі (у 1941 засн.Нар. партыя І.), у 1945—46 у Іранскім Азербайджане і Курдыстане ўтвораны аўт. рэспублікі, ліквідаваныя пасля вываду адтуль сав. войск.
Ў 1949—51 у І. разгарнуўся масавы рух за нацыяналізацыю прадпрыемстваў англа-іранскай нафтавай кампаніі, які ўзначаліў Нац. фронт на чале з М.Масадыкам. У сак. 1951 меджліс прыняў закон аб нацыяналізацыі нафтавай прам-сці, быў сфарміраваны ўрад на чале з Масадыкам. Ў выніку дзярж. перавароту Масадык зняволены, у жн. 1953 прэм’ер-міністрам стаў ген. Ф.Захедзі. У І. значна ўзмацніўся ўплыў ЗША. У 1954 І. падпісаў пагадненне з Міжнар. нафтавым кансорцыумам аб перадачы яму ў эксплуатацыю паўд.-іранскай нафты, у 1955 І. уступіў у Багдадскі пакт (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора). У выніку антыўрадавых выступленняў у пач. 1960-х г. у І. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. рэформ (т. зв. «белая рэвалюцыя»), якія мелі на мэце паскарэнне развіцця краіны на зах. ўзор, створана Партыя Новага І., што падтрымлівала праграму рэформ. Палепшыліся адносіны з СССР: у 1963 і 1966 падпісаны сав.-іранскія пагадненні аб эканам. і тэхн., у жн. 1966 і культ. супрацоўніцтве. У час ізраільска-араб. вайны 1967 І. падтрымаў араб. краіны. Нягледзячы на фармальны ўдзел у ваен. блоку СЕНТО і ваен. пагадненне 1959 з ЗША, І. імкнуўся праводзіць незалежную ўнутр. (закон 1973 аб поўнай нацыяналізацыі нафтавай прам-сці) і знешнюю (супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі) палітыку. У 1970-я г. ў грамадстве ўзмацнілася незадаволенасць палітыкай шаха, яго метадамі кіравання і ажыццяўлення рэформ. У апазіцыю ўключыліся і кансерватыўнае мусульм. духавенства (лічыла рэформы ў грамадстве занадта радыкальнымі), і прадстаўнікі левадэмакр. руху (выступалі супраць дэспатычнага праўлення). У 1975 у І. забаронена дзейнасць усіх паліт. партый, створана адзіная Партыя нац. адраджэння І.; узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыі (дзейнасць тайнай паліцыі САВАК). У 1976—78 актыўнасць апазіцыі пабольшала, у барацьбу ўключыліся прадстаўнікі практычна ўсіх слаёў грамадства, а ў выніку Іранскай рэвалюцыі 1987—79Іранскай рэвалюцыі 1978—79 шахскі рэжым скінуты. 1.4.1979 абвешчана Ісламская Рэспубліка І., у снеж. 1979 прынята новая канстытуцыя, паводле якой паліт. і духоўным кіраўніком краіны стаў лідэр мусульм. апазіцыі аятала Р.Хамейні. У студз. 1980 абраны першы ў гісторыі І. прэзідэнт — А.Бані-Садр, адбыліся выбары ў меджліс. Значныя эканам. і чалавечыя страты краіне нанесла ірана-іракская вайна 1980—88. У чэрв. 1981 меджліс пазбавіў Бані-Садра ўлады, на пасаду прэзідэнта выбраны мусульм. тэолаг С.А.Хаменеі, што засведчыла рэліг.-паліт. адзінства судовай, заканадаўчай і выканаўчай улады. Пасля смерці аяталы Хамейні (1989) Хаменеі выбраны рэліг.-паліт. кіраўніком краіны. У 1990 падпісаны мірны дагавор і ўстаноўлены дыпламат. адносіны з Іракам. Урад І. асудзіў уварванне Ірака ў Кувейт, але пратэставаў супраць ваен. інтэрвенцыі зах. дзяржаў і блакады Ірака. У час вайны ў Персідскім зал. 1990—91 І. захаваў нейтралітэт. Пасля капітуляцыі Ірака ён прыняў тысячы бежанцаў — курдаў і іракскіх шыітаў. Паступова І. выходзіць з паліт. ізаляцыі, наладжвае кантакты з краінамі Захаду і ЗША, а таксама араб. краінамі. На выбарах 1997 прэзідэнтам краіны выбраны М.Хатамі. І. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1993.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Паводле канстытуцыі і закону 1981 дзейнасць паліт. партый і неісламскіх арг-цый забаронена. У краіне дзейнічаюць Нац.дэмакр. фронт, праварадыкальная Паніранская партыя, Дэмакр. партыя Іранскага Курдыстана; камуніст.Нар. партыя І. на нелегальным становішчы і дзейнічае пераважна ў эміграцыі. З 1989 пачаўся працэс легалізацыі паліт. партый. Прафсаюзы распушчаны ў 1963.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна. З пераходам краіны на рыначны шлях развіцця адноўлены разбураныя вайною з Іракам (у 1980-я г.) раёны, буйныя інвестыцыі ўкладзены ў электраэнергетыку, нафтавую і газавую прам-сць, створана сучасная інфраструктура (дарогі, парты, сродкі сувязі). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1996 склаў 356,7 млрд.дол. ЗША. Доля прам-сці ў ВУП 36%, сельскай гаспадаркі 20%. Вядучая галіна прамысловасці — здабыўная, якая дае асн. прыбытак ад экспарту (87% нафтавая) і забяспечвае нац. гаспадарку сыравінай. Здабыча нафты ў 1995 склала 188 млн.т (4-е месца ў свеце). Перапрацоўка на буйных з-дах у Тэгеране, Ісфахане, Шыразе, Тэбрызе, Абадане. Здабыча спадарожнага і прыроднага газу 25 млрд.м³ (1994). Здабываюць вугаль, храміты, свінцова-цынкавыя, медныя, марганцавыя і жал. руды. На базе нафты развіваецца нафтахім. прам-сць. Вытв-сць аміяку, азотнай к-ты, мачавіны ў Шыразе, Абадане, на в-ве Харк. Магутнасць электрастанцый каля 19 млн.кВт (1996), пераважаюць ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 79 млрд.кВт. гадз. Пры дапамозе Расіі ў раёне г. Бушыр будуецца АЭС, пры садзейнічанні фірм Японіі і ЗША — гідратэхн. комплекс на р. Карун. З галін цяжкай прам-сці вылучаюцца чорная і каляровая металургія. Вытв-сць сталі ў 1994—4,9 млн.т (Ісфахан, Ахваз), вогнетрывалых матэрыялаў (Эмінабад), медзі (Серчэшме), свінцу і цынку (Зенджан), свінцу (Бафк), алюмінію (Эрак). Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены зборачнымі і ваен. з-дамі (Керэдж, Тэбрыз, Тэгеран). Развіваецца эл.-тэхн.прам-сць (вытв-сць радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, калькулятараў). Прадпрыемствы па вытв-сці цэменту (17,6 млн.т, 1995) у Шыразе, Мешхедзе, Тэгеране, Дарудзе. Развіта тэкст. (баваўняная, суконная, джутавая), абутковая і трыкат.прам-сць, пераважна ў Тэгеранскім, Ісфаханскім і Мазендэранскім астанах. Харч.прам-сць прадстаўлена цукр. (1 млн.т, 1994), алейнай, мукамольнай, рысаачышчальнай, кансервавай, чайнай, тытунёвай галінамі. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці па вытв-сці паперы, кардону, мэблі. Развіта саматужная вытв-сць дываноў, метызаў. Менш развіта сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 10% тэр. краіны. Вядучая галіна — раслінаводства, развіццё якой стрымлівае недахоп арашальных зямель (пл. 4,2 млн.га). Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры, пл. пасеваў 9,5 млн.га (1995). Збор (млн.т, 1995) пшаніцы — 11,2, ячменю — 3,1, рысу — 2,3. Значныя пасевы бабовых (фасоля, гарох, сачавіца). Вырошчваюць і тэхн. культуры (пл. каля 500 тыс.га): цукр. буракі, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь, чай, кунжут, клешчавіну, опіумны мак. Збор (тыс.т., 1995): цукр. буракоў — 5900, соі — 934, бавоўны — 198, чаю — 56. Развіта агародніцтва. Спецыялізуецца І. на вырошчванні яблыкаў (4% сусв. вытв-сці, 1995), груш (1,6%), сліў (1,9%), вінаграду (3,6%), цытрусавых, персікаў, абрыкосаў, інжыру, фісташак, гранатаў, хурмы. Бахчаводства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, пашавая. Гадуюць (млн. галоў, 1996) авечак — 51,5, коз — 25,8, буйн. раг. жывёлу — 8,5, коней — 0,3, свіней, аслоў, вярблюдаў, птушку. Развіта шаўкаводства і рыбалоўства (388,3 тыс.т, 1995). Вытв-сць зярністай і паюснай ікры. Транспарт. Даўж. аўтадарог каля 140 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 42,7 тыс.км (1996). Аўтамаб. транспартам перавозіцца каля 80% грузаў унутры краіны. Аўтапарк каля 1,6 млн. машын (1996). Даўж. чыгунак 6,4 тыс.км. Марскі транспарт перавозіць каля 50% імпарту краіны. Танаж марскога флоту каля 9 млн.т дэдвейт. Гал. парты ў Персідскім зал. — Харк і Бендэр-Махшэхр (вываз нафты), Абадан, Харэмшэхр, Бендэр-Хамейні, Бушыр (каля 90% знешнегандл. грузаў), у Каспійскім м. — Энзелі і Наўшэхр. Суднаходства па воз. Урмія і р. Карун. У краіне 3,9 тыс.км прадуктаправодаў, 5,9 тыс.км нафтаправодаў, 4,55 тыс.км газаправодаў. 26 аэрапортаў. Экспарт (1997, 22 млрд.дол. ЗША): нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, дываны, бавоўна, тканіны, сухафрукты, руды каляровых металаў, ікра. Імпарт (1997, 15 млрд.дол. ЗША): машыны і абсталяванне, хім. прадукцыя, медыкаменты, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Германія, Японія, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Паўд. Карэя і інш.Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — рыял.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС), ваенізаваныя фарміраванні — корпус «стражнікаў ісламскай рэвалюцыі» (КСІР) і жандармерыю. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 518 тыс., жандармерыі 50 тыс.чал. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках больш за 300 тыс.чал., на ўзбраенні 1470 танкаў, 1995 гармат, каля 6,5 тыс. мінамётаў, больш за 800 процітанк. і 2 тыс. зенітных сродкаў, больш за 300 верталётаў і 77 самалётаў армейскай авіяцыі, інш. зброя і тэхніка. У ВПС 30 тыс.чал. асабовага складу (у т. л. 12 тыс. у ППА), 297 баявых самалётаў. У ВМС 18 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 21 баявы карабель, 20 ракетных і 26 патрульных катэраў, 9 баявых верталётаў марской авіяцыі. У сухап. войсках КСІР больш за 350 тыс.чал., каля 1 тыс. танкаў, больш за 600 гармат палявой артылерыі, больш за 2 тыс. мінамётаў і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 66,5, жанчын 69,2 года. Смяротнасць 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 650 чал., урачамі — 1 на 1600 чал. Узровень нараджальнасці 33 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,6%. Дзіцячая смяротнасць 51 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў, 12-гадовую агульнаадук. школу, прафес.-тэхн.навуч. ўстановы, ВНУ. Агульнаадук. школа мае 3 ступені (пач., няпоўная і поўная сярэднія). Пач. школа з 6—10-гадовага ўзросту. Пасля 5 гадоў навучання вучні здаюць экзамен і могуць прадоўжыць навучанне ў 3-гадовай няпоўнай -сярэдняй (арыентацыйнай) школе. Поўная сярэдняя школа (макс. ўзрост для паступлення 24 гады) уключае 9—12 кл., апошні — падрыхтоўчы ў ВНУ. Навучанне ў ёй вядзецца на 2 аддзяленнях (гуманіт. і прыродазнаўчанавуковым). Перс. мова і л-ра, замежная мова, рэлігія — агульныя прадметы на абодвух аддзяленнях. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 1-2-гадовыя пач.прафес. школы (на базе агульнаадук.пач. школы), 2- і 4-гадовыя прафес.-тэхн. і спец. вучылішчы (на базе няпоўнай сярэдняй школы). У 1996/97 навуч.г. ў краіне 79 ун-таў і каледжаў (каля 300 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тэгеранскі ун-т (з 1934), Тэхнал. і інж.ун-т (з 1928), Іранскі нац.ун-т (з 1959) у Тэгеране, Ісфаханскі ун-т (з 1950), Тэхнал.ін-т (з 1939) у Абадане і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1935) у Тэгеране, Б-ка мячэці імама Разы ў Мешхедзе, б-кі ун-таў. Музеі: Галестанскі палац (з 1894), Археал. (з 1936) і Этнагр. (з 1938) музеі ў Тэгеране, музей «Парс» (з 1938) у Шыразе. Навук. даследаванні праводзяць спец. цэнтры (Доследны цэнтр іранскай культуры, Нац. цэнтр гісторыі мастацтва і археалогіі і інш.), а таксама цэнтры галіновых мін-ваў, Іранскай нац. нафтавай кампаніі, ун-ты і ін-ты. Вядучае месца сярод н.-д. устаноў І. займаюць цэнтры і ін-ты Тэгеранскага ун-та. Каардынуе н.-д. работу Навукова-даследчы к-т (з 1967; уваходзіць у склад мін-ва навукі і вышэйшай адукацыі).
Друк, радыё, тэлебачанне. Прэса пераважна кантралюецца дзяржавай. Сярод буйных выданняў газ. «Абрар» (на перс. мове) і «Tehran Times» («Тэгеранскі час», з 1979, на англ. мове). Найб. тыраж маюць штодзённыя тэгеранскія вячэрнія газ. «Этэлаат» («Паведамленні», з 1925, на перс. мове) і «Кейхан» («Сусвет», з 1942, на перс. мове, з 1980 і на араб., з 1984 і на тур. мовах). Інфарм. агенцтва Ісламік Рыпаблік Ньюс Эйджэнсі (засн. ў 1936 у Тэгеране як ПАРС, з 1982 ІРНА). Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны ўрадавай структуры Ісламік Рыпаблік оф Іран бродкастынг. Радыё па 1, 2 і 3-й (перадачы на Еўропу, Азію, Афрыку і частку ЗША) агульнанац. праграмах. Перадачы для замежжа трансліруюцца на англ., франц., тур., ням., ісп., араб., урду, пушту, арм., рус., курдскай мовах. 2 агульнанац. тэлепраграмы, 28 мясц. тэлевізійных станцый.
Літаратура. Найб.стараж. помнікі пісьменнасці І. — клінапісныя надпісы (6 ст. да н.э.) на стараж.-перс. мове (пехлеві). Стараж.л-ра І. прадстаўлена адзіным помнікам — свяшчэннай кн.«Авеста». Рэліг.-навучальныя, рэліг.гіст. творы і паэзія на пехлеві развіваліся ў 2—7 ст.н.э. Пасля заваявання арабамі (7 ст.) літ. творы ў І. ствараліся пераважна на араб. мове. Л-ра ранняга сярэдневякоўя шматмоўная і шматжанравая. Арабамоўныя паэты 6—9 ст. аль-Хураймі, Башар ібн Бурд, Абу Нувас (іранцы па паходжанні) у паэт. формах рубаі, газелі, касыда, маснаві развівалі тэмы любові да радзімы, гуманіст. ідэі. На тэр. пражывання ўсх. іранцаў і таджыкаў зарадзілася л-ра на мове фарсі (перс.-тадж.л-ра), якая расквітнела ў 10 ст. (паэты А.А.Дж.Рудакі, А.Фірдаўсі). З 2-й пал. 10 ст. мова фарсі стала мовай л-ры і на Захадзе [ібн Сіна (Авіцэна), А.Ш.Балхі і інш.]. Як рэакцыя на ўціск дзярж. улады пачала развівацца містычна-філас.л-ра (Г.Умар Хаям і А.М.Насір Хасроў). Панегірычнай паэзіі процістаяў рамантычны эпас Нізамі Ганджэві. У 13—15 ст. развівалася філас.-містычная, т. зв. суфійская паэзія (Дж.Румі), аформілася гуманіст. плынь (сатырык У.Закані, паэты Саадзі і Хафіз), творчасць апошняга класіка паэта-містыка А.Джамі. 16 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд заняпаду перс. л-ры, працэс адасаблення тадж. л-ры; цюркамоўныя народы пачалі ствараць л-ру на роднай мове. У гэты час найб. шырока бытавалі жанры, якія апіраліся на фалькл. традыцыі (дастан), з’явіліся першыя запісы трагічных містэрый — тазіе з рэліг. сюжэтам. У 18 ст. створана літ. аб’яднанне «Вяртанне» (паэты Шуле, І.Маштаг і інш.), члены якога імкнуліся адрадзіць стыль ранніх перс. класікаў (паэты Х.Каані, Вісаль, М.А.Саруш Ісфахані). У 19 ст. сярод паэтаў найб. вядомыя аўтар сатыры «Сардар-намэ» М.А.Ягма Джандагі, М.Саба; з’явіўся жанр мемуараў і падарожных нататкаў, нарадзіўся новы кірунак — асветніцтва (п’есы Мальком-хана, маст. творы Зейн-оль-Абедзіна Мерагеі і інш.). У творчасці паэтэсы Жале загучаў голас пратэсту супраць прыгнёту жанчыны на Усходзе. Падзеі пач. 20 ст. (рэвалюцыя 1905—11, нац.-вызв. рух 1918—21) адлюстраваліся ў паэзіі А.Казвіні, М.Т.Бехара, прозе Ф.Іездзі, гіст. аповесцях С.Кермані, М.Б.Хасраві. Дамінуючы раней гіст. раман (Дж.Фазел, А.Халілі) у сярэдзіне 20 ст. саступіў месца традыц. раману (С.Хедаят, Дж. аль-Ахмат і інш.) і навеле (С.М.А.Джамалзадэ). У паэзіі вылучыліся 2 плыні: паэзія класічных форм (Парвін Этэсамі) і новая, т. зв. бунтарская паэзія, якая адвяргала формы і сутнасць класічнай паэзіі (Німа Юшыдж, што ўвёў новыя тэмы і формы, М.Х.Шахрыяр, Сае). Сярод сучасных празаікаў найб. вядомыя аль-Ахмат, М.Даўлатбадзі, А.М.Афгані, Дж.Мір Садэкі, драматургаў — Хедаят, С.Чубек, Г.Саэдзі. Развіваецца публіцыстыка.
Архітэктура. Найб.стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпохі неаліту: рэшткі земляробчых паселішчаў з глінабітнымі і сырцовымі жытламі (5—4-е тыс. да н.э.; Тэпе-Сіялк). Ад часоў Элама захаваліся зікураты, ад 10—6 ст. да н.э. — скальныя пахавальні з двухстаўповай фасаднай нішай. Пры Ахеменідах у гарадах Пасаргады, Персепаль, Сузы будавалі манум. палацы з шматстаўповымі заламі (ападанамі), высокія калоны якіх увенчваліся складанымі капітэлямі. Палацы аздаблялі каменнымі рэльефамі. У 3—7 ст. інтэнсіўна будавалі ўмацаваныя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Нішапур). Скляпеністыя залы (айваны) дапаўняліся купальнымі (Фірузабад, Сервестан), квадратныя ў плане свяцілішчы агню накрывалі купаламі. З араб. заваяваннем (7 ст.) і пашырэннем ісламу ў І. з’явіліся мячэці з шматкалоннымі скляпеністымі галерэямі вакол двара. У 11—14 ст. будавалі вежавыя маўзалеі (Гамбедэ-Кабус, 1006), мінарэты (Бестам, 1120), медрэсе і інш. Цагляную муроўку пакрывалі палівай. Да 12 ст. склаўся тып іранскай мячэці: прамавугольны двор, абкружаны галерэямі з 4 айванамі па восях і купальнай залай за адным з айванаў (Саборная мячэць у Ісфахане). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) і ў часы праўлення ільханаў Хулагуідаў у архітэктуры ўзнікла імкненне да вытанчаных, моцна выцягнутых прапорцый і дэкору, насычанага разнастайнымі формамі і шматколернымі ўзорамі (8-гранны маўзалей Альджэйту-Хадабендэ ў Салыаніе, 1305—13, азерб. дойлід Алі-Шах). У перыяд Сефевідаў (16—17 ст.) пашырыліся буд-ва на караванных шляхах (караван-сараі, масты) і горадабудаўніцтва (Казвін); ствараліся грандыёзныя гар. ансамблі (Ісфахан), развівалася садова-паркавая архітэктура. У архітэктуры 20 ст. новыя тыпы пабудоў з жалезабетонных канструкцый, шкла і металу суіснуюць са стараж. і сярэдневяковымі традыцыямі. У 1930-я г. будавалі на ўзор палацаў Персепаля, ахеменідскіх ападанаў (будынак Археал. музея ў Тэгеране, 1938). Іх уплыў відавочны і ў пабудовах 1950—80-х г.: нац.с.-г. банк (1958, арх. М.Фараўгі, А.Садэгі, Зафар), будынак Сената (1959, арх. Фараўгі, Х.Гіяі), гар. сад Баге-Мелі са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі (арх. Х.Сейхун) — усе ў Тэгеране.
Выяўленчае мастацтва. Маст. культура І. развівалася ва ўзаемадзеянні з маст. культурамі народаў Б. Усходу, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 3—2-м тыс. да н.э. на ПдЗ І. развівалася мастацтва дзяржавы Элам. Серыя арыгінальных твораў тарэўтыкі (рэльефная апрацоўка вырабаў з металу), выяўленая на ўзгорку Хасанлу каля воз. Урмія, сведчыць пра існаванне тут буйной маст. школы ў 1300—1000 да н.э. Кераміка гэтага перыяду адметная формамі (збаны са злівам у выглядзе трылісніка) і высокім узроўнем тэхналогіі (чорныя з глянцаваннем танкасценныя фігурныя і зааморфныя пасудзіны). У зах. І. выяўлена «лурыстанская бронза» 12—7 ст. да н.э.: літыя рытуальныя сякеры, кінжалы, дэталі конскай вупражы, аздобленыя выявамі фантаст. істот. У 7—1-й пал. 6 ст. да н.э. цэнтрам маст. культуры была дзяржава Мідыя. У мастацтве перыяду Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.) найб. значнай была манум. скульптура: каменныя (Персепаль) і шматколерныя паліваныя (Сузы) рэльефы з выявамі ўрачыстых працэсій і інш. Захаваліся сярэбраныя і залатыя пасудзіны з чаканкай і гравіроўкай, пячаткі, манеты, тканіны, аздобленыя сцэнамі барацьбы «цара-героя» з пачварай, ваен. трыумфаў, палявання, геральдычнымі і расліннымі матывамі. У канцы 4—2 ст. да н.э. ў І. ствараліся помнікі ўсх.эліністычнага мастацтва. У мастацтве дзяржавы Сасанідаў (3—7 ст.) асн. роля належала манум. скульптуры (статуя Шапура I, высечаная ў гіганцкім сталактыце ў гроце каля Бішапура; каменныя рэльефы ў Накшы-Рустэме, Таге-Бастане); росквіту дасягнула мастацтва тарэўтыкі і гліптыкі. Араб. заваяванне (7 ст.) і пашырэнне ісламу ў І. суправаджалася зменамі эстэт. уяўленняў, развіццём арнаменту, каліграфіі і дэкар. пачатку ў выяўл. мастацтве. Ад 8—13 ст. захаваліся фрагменты насценных размалёвак і стукавыя пано са сцэнамі палявання, прыдворнага жыцця (з палацаў Рэя, Саве, Нішапура). Пра існаванне мініяцюры сведчыць ілюстраваная «Кніга адлюстраванняў пастаянных сузор’яў» Абдарахмана ас-Суфі (1009—10, мастак аль-Хусейн). У 11—12 ст. пашыраны бронз. вырабы з меднай і сярэбранай інкрустацыяй, пасудзіны з каляровага шкла, шыкоўна арнаментаваныя тканіны. 9—13 ст. — росквіт мастацтва керамікі з размалёўкай люстрам, ажурна-праразным і гравіраваным (сграфіта) арнаментам і інш. (Нішапур, Рэй, Кашан, Саве). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) у мініяцюру, аздабленне керамікі і тканіны праніклі далёкаўсх. выяўл. і дэкар. матывы (драконы, феніксы, лотасы). Іншаземны ўплыў быў перапрацаваны ва ўласна іранскі стыль у шыразскай школе мініяцюры і ў размаляванай кераміцы Кашана 1-й пал. 14 ст. У развіцці мініяцюры 15 — пач. 16 ст. важную ролю адыгралі жывапіс герацкай школы мініяцюры і творчасць Х.Бехзада. Эпоха Сефевідаў (16—17 ст.) вылучалася росквітам мастацтва рукапіснай кнігі і мініяцюры (школы: тэбрызская, мешхедская, казвінская, ісфаханская школа). У Тэбрызе, Кашане, Ісхафане выраблялі шоўк, аксаміт, парчу, атлас, тканіны з тканымі сюжэтнымі выявамі, ваўняныя і шаўковыя дываны, размаляваны фаянс і інш. У 18—19 ст.нац.маст. традыцыі працягваліся ў нар. мастацтве. Пад уплывамі еўрап. мастацтва ў 2-й пал. 17 ст. ўзніклі алейны жывапіс і акварэль (А.Сані-оль-Мольк, Махмуд Малек-ош-Шаара). З пач. 20 ст. развіваецца сучаснае выяўл. мастацтва. У 1920 мастак Кемаль оль-Мольк засн. Школу жывапісу і скульптуры ў Тэгеране. Побач з рэаліст. кірункам (жывапісцы Х.А.Вазіры, М.Макадам, А.Амеры, скульпт. А.Садэгі) развіваліся традыц. (мініяцюрысты Бехзад, А.Імамі) і мадэрнісцкія плыні. З’явілася цікавасць да нар. жывапісу, лубка. У 1959 у Тэгеране засн. Вышэйшая школа дэкар. мастацтваў, мастакі якой імкнуцца да засваення традыцый мініяцюры, каліграфіі, керамікі, дыванаробства, стварэння самабытных твораў мастацтва. У сучасным І. найб. папулярныя інкрустацыя дрэвам, перламутрам і косцю, чаканка па метале (Ісфахан, Шыраз).
Музыка І. складвалася ў працэсе гіст. сінтэзу і ўзаемадзеяння найстараж. культур, якія існавалі на тэр. сучаснага І., і муз. традыцый Сярэдняй, Цэнтр., Паўд. Азіі і Закаўказзя. Традыц. музыка ўключае лакальныя муз. і муз.-танц. формы. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны: струнна-шчыпковыя — бэрбэт, танбур, уд, тар (тыпу лютні), струнна-смычковы рэбаб, сантур (тыпу цымбалаў), духавыя най (флейта), зурна (тыпу габоя), медны духавы карнай, ударныя дэф (бубен), накхар (парны барабан) і інш. Сярод жанраў ісламскай (шыіцкай) традыцыі: азан (заклік да малітвы), тазіе (містэрыя-драма), марсіе (жалобныя плачы), маснаві (суфійскія містычныя паэмы). Асновы іран. класічнай музыкі закладваліся ў часы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), Сасанідаў (3—7 ст.н.э.), пазней Абасідаў. Яе інстр. і вак.-паэт. жанры засн. на прынцыпе ладамеладычнага разгортвання і кампазіцыйнай будовы дастгаху. Вял. ўклад у музыку сярэдневякоўя зрабілі вучоны і спявак, аўтар сямі «каралеўскіх ладоў» Барбад, заснавальнік шэрагу паэт. і муз. норм класічнай іран. музыкі А.Фірдаўсі і інш. Класічная муз. тэорыя распрацавана ў трактатах Кіндзі (9 ст.), Фарабі (10 ст.). Традыцыі прафес. музыкі І. падтрымлівалі спадчынныя групы паэтаў і музыкантаў — ашугі і мутрэбы. У традыц. музыцы склаліся характэрныя тыпы ансамбляў — даст-эматрэб, сазандэ, навазандэ з 3—5 выканаўцаў. З канца 19 ст. ў музыку І. пранікаюць еўрап. ўплывы (традыцыі ваен. аркестраў, некат. формы папулярнай музыкі). Муз. цэнтрам стаў Тэгеран. Адкрыты кансерваторыя еўрап. тыпу (1918), т-р оперы і балета (1967), створаны аркестры нац. інструментаў, сімф. аркестр (1946), філарманічнае т-ва (1940), Цэнтр па захаванні і пашырэнні традыц. музыкі, Вышэйшае муз. вучылішча (1908), Нац. кансерваторыя (1949). Пасля абвяшчэння Ісламскай рэспублікі (1979) тут дазволены толькі афіц. песні і рэліг. формы муз. мастацтва.
Тэатр. У даісламскі перыяд (да 7 ст.) тэатр элементы прысутнічалі ў рытуалах зараастрыйскіх магаў, у нар. звычаях. Захаваліся звесткі пра стараж.т-рперс. скамарохаў «базігер»; ладзіліся прадстаўленні масак, было развіта мастацтва пантамімы, т-раў ценяў і лялек (Пахлаван-Качаль — т-р пятрушак, хеймешаб-базі — т-р марыянетак). Самая стараж.тэатр. форма мусульманскага І. — нар. містэрыя тазіе («суцяшэнне», «аплакванне»). У 17—18 ст. на матэрыяле першапачатковых спісаў з’явіліся запісы містэрый у форме вершаў. Выконваліся яны нараспеў акцёрскім ансамблем з гараджан-мужчын з фіксаваным размеркаваннем роляў. Да 1930-х г. існавалі вандроўныя акцёры масхарэбаз, якія выконвалі імправізацыйныя быт. сцэнкі камічнага характару. Першы дзярж.т-р створаны ў 1890 пры Політэхн. вучылішчы Дар-оль-фанун для палацавай знаці. Ён пачаў сваю дзейнасць з пераробак п’ес еўрап. аўтараў. На пач. 20 ст. створана тэатр. акцыянернае т-ва «Фарханг», у 1911—12 — Нац.т-р, у 1917 — т-р «Іранская камедыя», пры ім існавала акцёрская школа, што падрыхтавала першых іранскіх актрыс. Цэнтрам тэатр. мастацтва 1.1930—40-х г. стаў Тэатр-студыя ў Тэгеране (засн. ў 1932 першым тэатр. мастаком С.Керманшахі). Значную ролю ў іранскім тэатр. мастацтве адыграў акцёр, рэж., драматург А.Нушын, які ў 1942 стварыў т-р «Фарханг» (з 1945 «Фірдаўсі», потым «Саадзі»). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся таксама т-ры «Камедые ахван» («Камедыя братоў»), «Ханар», «Гаўхар», «Тэатрэ кешвар» і інш. ў Тэгеране, правінцыяльныя сцэны ў Рэшце, Мешхедзе, Ісфахане і інш. З канца 1940-х г.т-р І. перажыў крызіс (адсутнасць фінансавання, тэатр. памяшканняў, прафес. акцёраў). З 1960-х г. назіраецца ўздым т-ра: з’яўляюцца пастаянныя трупы («Тэатр сёння», Нац. трупа і інш.), працуюць т-ры ў Тэгеране («25-га шахрывара», «Касра», «Наср», «Джамеэе Барбад»), Мешхедзе (Нац.т-р), Ісфахане («Сепахан»), Хамадане («Буалі») і інш.
Кіно. Першыя фільмы ў І. зняты ў 1930—40-я г. (нямы фільм «Абі Рабі» Эханіяна, 1930, гукавы — «Дачка Лора» А.Х.Сепенгы, 1934). У 1945 рэж. І.Кушан стварыў у Тэгеране першую кінастудыю «Мітрафільм» (пазней «Парсфільм»). Стужкі Кушана і інш. рэжысёраў былі пераважна камерцыйныя (касцюмныя драмы і меладрамы, на гіст. сюжэты). Рэгулярная кінавытворчасць пачалася ў 1950-я г. Вехай нац. кіно стаў фільм рэж. А.Шыразі «Партовы злодзей» (1954) пра побыт і адносіны людзей ніжэйшых сац. колаў. У 1960-я г. ў Тэгеране ўзніклі недзярж. кінастудыі: «Іран-фільм», «Афа Талаі», «Караван-фільм» і інш., якія здымалі пераважна фільмы «лёгкіх» жанраў — меладрамы, камедыі, дэтэктывы, мюзіклы і фільмы на матэрыяле мінулага («Зуб дракона», «Любоўная пастка» Кушана, «Адзін крок да смерці» Ж.Вазіяна, «Сельская мелодыя» М.Махсені і інш.). Некаторыя фільмы адлюстроўвалі нар. жыццё («Ластаўкі вяртаюцца ў свае гнёзды», «Цэгла і люстэрка» І.Галестана, «Але цяжкасці застаюцца» Х.Дар’юша і інш.). Важную ролю ў гісторыі іранскага кіно адыграла творчасць рэж. Д.Мехрджуі («Карова», 1970, «Дзівак», 1971, «Паштальён», 1973), Ш.Салеса, М.Набілі, М.Кім’яі, Б.Фарманара. З абвяшчэннем Ісламскай Рэспублікі ў фільматворчасці 1980-х г. адбыліся значныя змены. На гэты перыяд прыпадае росквіт кінаталентаў, што дэбютавалі ў 1970-я г.: рэж. Б.Бейзаі («Балада пра Тару», «Смерць Яэдгерда», «Чужы Башу», «Магчыма, у другі раз» і інш., сучасныя сюжэты якіх афарбаваны містыкай); А.Кіярастамі («Першакласнікі», «Дзе дом сябра?», «Дамашняе заданне», пра паэтычны свет маленства); Н.Таўгаі (тэлефільм «Светласць у прысутнасці іншых», «Капітан Харшыд»). У 1980-х г. творчую дзейнасць пачалі рэж. М.Махмалбаф, Э.Хатамікія, М.Сабазадэ, Х.Кавуш, Н.Нікнежад, М.Давідэлі, В.Карым-Масіхі, К.Айры, І.Фарузеш і інш. Для кіно гэтага перыяду характэрны тэматычная і стылявая разнастайнасць, увасабленне паліт. і сац. з’яў. У стужках 1990-х г. знайшлі адлюстраванне падзеі ірана-іракскай вайны («Ад Кархе да Рэйна» Хатамікіі), быт. тэмы, т. зв. сямейныя «разборкі» ў рэтра-стылі («Апошні акт» В.Карым-Масіхі), свету кіно («Аднойчы ў кіно», «Салам, сінема» Махмалбафа), «анталогія прытворства» («Акцёр» Махмалбафа), дабрыня, кволасць дзіцячага свету («А жыццё працягваецца», «У засені аліў», «Смак чарэшні» Кіярастамі). Развіта дакумент. кіно (рэж. Махмалбаф). У 1990-я г. стваралася да 50 фільмаў за год.
Літ.:
История Ирана. М., 1977;
Арабаджян З.А. Иран;
власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991;
Morgan D. Medieval Persia 1040—1797. London;
NewYork, 1988;
Брагинский И.С. Из истории персидской и таджикской литературы. М., 1972;
Комиссаров Д.С. Пути развития новой и новейшей персидской литературы: Очерки М., 1982;
Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;
Виноградов В.С. Классические традиции иранской музыки. М., 1982.
Герб і сцяг Ірана.Да арт.Іран: 1 — рысавыя палі на Прыкаспійскай нізіне; 2 — Тэгеран. Паўночная частка горада.Да арт.Іран. Іранскае нагор’е.Да арт.Іран. Старажытнаіранскія воіны эпохі Ахеменідаў. Фрагмент рэльефу з Персепаля.Да арт.Іран. Горад Персепаль. 5—4 ст. да н.э.Да арт.Іран. Саборная мячэць у Ісфахане.Да арт.Іран. Керамічны збан з г. Кашан.Да арт.Іран. Талерка, аздобленая люстрам, з г. Кашан. 1210.Да арт.Іран. Адам і Ева. Ілюстрацыя да рукапісу Манафі аль-Хаяван. 1294—99.Да арт.Іран. Мініяцюра «Прыезд Шырын да Фархада» да рукапісу «Хамсе» Нізамі. Шыразская школа. 1491.Да арт.Іран. Парчовая тканіна з выявай куста шыпшыны і птушкі. Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Іран. Дыван з г. Казвін. 2-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРКМЕНІСТА́Н (Türkmenistan),
дзяржава на ПдЗ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на Пн і ПнУ з Узбекістанам, на Пд з Іранам і Афганістанам; на З абмываецца Каспійскім морам. Пл. 488,1 тыс.км². Нас. 5369,4 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Ашгабат. У складзе Т. 5 вілаятаў (абласцей). Дзярж. мова — туркменская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (27 кастр.), Дзень дзярж. сцяга (19 лют.), Дзень Канстытуцыі (18 мая), Дзень нейтралітэту (12 снеж.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Халк Маслахаты (Народны савет), у склад якога ўваходзяць прэзідэнт, дэпутаты меджліса, старшыні Вярхоўнага і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурор, члены Кабінета міністраў, кіраўнікі адміністрацый. Заканад. орган — меджліс (парламент) з 50 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 5 гадоў па тэр. акругах з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў. Кабінет міністраў — выканаўчы і распарадчы орган, узначальваецца прэзідэнтам.
Прырода. Берагавая лінія Каспійскага м. на Пн парэзана залівамі Кара-Багаз-Гол, Краснаводскі, Туркменскі; п-авы Краснаводскі, Чэлекен. Большая ч.тэр. Т. размешчана ў межах Туранскай нізіны, якая занята пустыняй Каракумы, на Пн Сарыкамышская катлавіна (да -24 м). На ПнЗ ускраіна плато Усцюрт і Краснаводскае, хр.Вял. і Малы Балхан. Уздоўж мяжы з Іранам горы Капетдаг (выш. да 2942 м, г. Рызе) і паўн. перадгор’і Парапаміза. На ПдУхр. Кугітангтау (выш. да 3139 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, сера, калійныя і каменная солі, руды каляровых і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялы. У заліве Кара-Багаз-Гол вял. запасы мірабіліту. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы, з вял. гадавымі і сутачнымі амплітудамі т-р. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 28—30 °C. Ападкаў 80—100 мм на Пн, 300—400 мм у гарах. Асн. колькасць ападкаў выпадае ранняй вясной. Гал. рэкі: Амудар’я, Мургаб, Тэджэн. Сарыкамышскае возера. Каля 70% тэр. занята пустыннымі глебамі, на Пн глебы шэра-бурыя, на Пд шэразёмы, у гарах горныя карычневыя. Расліннасць пераважна пустынная (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя), у гарах (вышэй за 1500 м) — зараснікі арчы, дзікіх пладовых (вінаград, яблыні, глог, алыча, міндаль, гранат, грэцкі арэх), па далінах рэк — тугаі. Пад лесам каля 8% тэр. Жывёльны свет — грызуны (суслікі, пясчанкі, тушканчыкі), ліс, воўк, барханны кот, джэйраны, куланы, шмат паўзуноў, насякомых. Запаведнікі: Амудар’інскі, Бадхызскі, Капланкырскі, Капетдагскі, Краснаводскі, Кугітангскі, Рэпетэкскі, Сюнт-Хасардагскі.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва Т. — туркмены (90%), жывуць таксама узбекі, рускія, казахі і інш. Большасць вернікаў — мусульмане (суніты), ёсць праваслаўныя і інш. Сярэдняя шчыльн. 12,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны рэк і перадгорныя аазісы Капетдага, найменш — пустыні. Гар. насельніцтва 45%. Найб. гарады (тыс.ж., 2003): Ашгабат (768), Туркменабат (240,4), Дашхавуз (Дашагуз, 197,4), Мары (133,5), Небіт-Даг (Балканабат, 117,1). У сельскай і лясной гаспадарцы занята 44% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 19%, у сферы паслуг — 37%.
Гісторыя. Тэрыторыя Т. заселена чалавекам у палеаліце. Найб.стараж. паселішча земляробаў часоў неаліту (6-е тыс. да н.э.). — Джэйтун. З часоў бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі паселішчаў гар. тыпу — Намазга-Тэпе, Кара-Тэпе і інш. Да 1-га тыс. да н.э.тэр. Т. насялялі іранамоўныя народы. Найб. развітай вобласцю была Маргіяна з цэнтрам у г.Мерв. У цэнтр. частцы Т. ў перадгор’ях Капетдага знаходзілася вобл. Парфія, у паўд.-ўсх. Прыкаспіі — Гурган (у стараж.-грэч. л-ры — Гірканія). У 7—6 ст. да н.э. Маргіяна ў складзе Бактрыі, Парфія і Гурган — Мідыі. У канцы 6 ст. да н.э. ўсе яны заваяваны Ахеменідаў дзяржавай, у 330—329 да н.э. — Аляксандрам Македонскім, а пасля распаду яго дзяржавы ўвайшлі ў склад Селеўкідаў дзяржавы. У сярэдзіне 3 ст. да н.э. Парфія стала ядром Парфянскага царства. У 224 н.э. Парфянскае царства заваявана Сасанідамі, якія ў 2-й пал. 3 ст. пашырылі сваю ўладу на ўсю тэр. Т. У сярэдзіне 5 ст. Мерв і некат. прыкаспійскія вобласці захоплены эфталітамі, але пасля іх разгрому ў 563—567 цюркамі тут аднавілася ўлада Сасанідаў. У сярэдзіне 7 ст. на тэр. Т. ўварваліся арабы, якія ў 651 захапілі Мерв, у 712 — Харэзм, у 720 — Гурган. З іх прыходам у Т. пачаў пашырацца іслам. Пры араб. панаванні Мерв стаў адным з найважнейшых цэнтраў Араб. халіфата. У 747 тут пачалося паўстанне Абу-Мусліма, якое прывяло да ўлады ў халіфаце Абасідаў. У 813—817 Мерв — сталіца Абасідаў халіфата. З яго распадам Мерв увайшоў у Тахірыдаў дзяржаву (2-я пал. 9 ст.), у 10 ст. — Саманідаў дзяржаву. У Прыкаспіі ў 10—11 ст. існавала дзяржава Зіярыдаў. З падзеннем у 999 дзяржавы Саманідаў узмацніўся націск цюрк. плямён, што вяло да цюркізацыі мясц. насельніцтва. У пач. 11 ст. Мерв трапіў пад уладу цюрк. дынастыі Газневідаў. Тады ж пачала складвацца супольнасць цюрк. плямён (ч. агузаў, халаджы, карлукі і інш.), якая атрымала назву туркмены. У 1038—40 частка агузаў, якія вядомы пад назвай сельджукі, разбіла Газневідаў. Частка туркменаў удзельнічала ў паходах сельджукаў, у выніку якіх створана Семджукская дзяржава (у краінах Б. Усходу да нашага часу ўсіх цюркамоўных называюць туркменамі, або туркманамі). У 1157 сельджукі (апошні вярх. правіцель — султан Мелікшах Санджар) разбіты інш. адгалінаваннем агузаў, пасля чаго пачалося ўзвышэнне дзяржавы харэзмшахаў, якая ў пач. 13 ст. заваявала туркменскія землі. У 1220-я г.тэр. Т. пацярпела ад нашэсця манголаў знішчана значная ч. насельніцтва, разбураны гарады, заняпала ірыгацыя. Землі Т. падзелены манголамі паміж Залатой Ардой, Джагатайскім (Чагатайскім) улусам і Хулагуідаў дзяржавай, а пасля распаду гэтых дзяржаў увайшлі ў склад дзяржавы Цімура (канец 14 — пач. 15 ст.). У 13—14 ст. сфарміравалася туркменская народнасць, але туркмены не здолелі стварыць уласнай адзінай дзяржавы. З 16 ст. розныя землі Т. пад уладай Сефевідаў дзяржавы, Хівінскага ханства і Бухарскага ханства (з 1747 Бухарскі эмірат), аднак туркм. плямёны прызнавалі іх уладу толькі намінальна. Да сярэдзіны 19 ст. туркмены захоўвалі плем. падзел (іамуды, тэкінцы і інш.); значная іх ч. вяла качавы і паўкачавы лад жыцця. Першыя спробы рус. пранікнення на тэр. Т. адбыліся ў пач. 18 ст. У 1717—18 рас. цар Пётр I накіраваў у Т. ваен. экспедыцыю на чале з кн. А.Бековічам-Чаркаскім. якая была знішчана хівінскімі войскамі. У 1869 рас. войскі высадзіліся на ўсх. беразе Каспійскага м. і заснавалі там горад і порт Краснаводск (з 1992 наз. Туркменбашы).
Пасля падпарадкавання Бухары (1869) і Хівы (1873) Расія пачала прасоўванне ў Т. Пад націскам рас. арміі туркм. плямёны пачалі прызнаваць рас. ўладу. Упартае супраціўленне аказалі толькі тэкінцы, якія ў 1879 разбілі рас.ваен. экспедыцыю. Супраць іх былі накіраваны войскі на чале з ген. М.Дз.Скобелевым. У студз. 1881 рас. войскі штурмам захапілі крэпасць тэкінцаў Геок-Тэпе, у 1884 занялі Мерв. У 1882 на тэр.Цэнтр. і Зах. Т. створана Закаспійская вобл.. якая ў 1898 уключана ў склад Туркестанскага краю. Усх. і паўн.-ўсх. землі Т. заставаліся пад уладай Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства (у апошнім туркмены складалі каля трэці насельніцтва) — васалаў Рас. імперыі. У 1880—85 пабудавана Закаспійская чыгунка. будаваліся гарады еўрап. тыпу (Ашгабат, Краснаводск і інш.) з пераважна рус. і арм. насельніцтвам Гэта вяло да спынення этнакульт. ізаляцыі туркменаў, якія і ў пач. 20 ст. захоўвалі перажыткі родаплемяннога ладу. У пач. 20 ст. з ваен. эліты туркменаў створаны нац. Тэкінскі конны полк. Туркмены ўдзельнічалі ў Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у гарадах Т. ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. IV з’езд Саветаў Закаспійскай вобл. абвясціў 15.12.1917 пераход усёй улады да Саветаў. З крас. 1918 Закаспійская вобл. увайшла ў Туркестанскую АССР у складзе РСФСР. У ліп. 1918 мясц.рус.сацыялісты-рэвалюцыянеры пры падтрымцы брыт.ваен. атрада скінулі сав. ўладу і ўтварылі ўласны ўрад Закаспія. Пасля адыходу брыт. войск Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Ашгабат, у лют. 1920 — Краснаводск. Карыстаючыся міжусобнай барацьбой, якая пачалася пасля захопу ўлады ў Хіве адным з правадыроў туркм. племя іамудаў Джунаід-ханам. у лют. 1920 Хіву заняла Чырв. Армія і там абвешчана Харэзмская нар. савецкая рэспубліка, якая ў 1923 пераўтворана ў Харэзмскую ССР (ХССР). Да сярэдзіны 1920-х г. на тэр. Т. задушаны паўстанцкі рух (гл.Басмацтва).
27.10.1924 ЦВКСССР пастанавіў стварыць Туркменскую ССР. Дэкларацыю аб яе ўтварэнні (увайшлі б.ч. Закаспійскай вобл., зах. часткі скасаваных ХССР і Бухарскай ССР) 20.2.1925 прыняў 1-ы Усетуркменскі з’езд Саветаў.
Адначасова створана Камуніст. партыя Т. (КПТ). У 1925—27 праведзена зямельна-водная рэформа, якая скасавала буйное землеўладанне. Калектывізацыя, якая пачалася ў 1929, выклікала новы ўздым басмацкага руху (ліквідаваны да 1933). За гераізм на франтах Вял.Айч. вайны ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 19 тыс. ураджэнцаў Т., званне Героя Сав. Саюза прысвоена больш як 80 воінам з Т., у т. л. за вызваленне Беларусі К.Азалаву, А.Анаеву, М.Байрамаву, Б.Даўлетджанаву, Т.Ніязмамедаву. Былі сфарміраваны нац. туркменскія злучэнні: 2 стралк. брыгады і 2 кав. дывізіі. За гады сав. улады туркмены канчаткова перайшлі да аселага жыцця, у Туркм. ССР створана сучасная прам-сць. Асаблівае развіццё набыла здабыча прыроднага газу (2-е месца ў СССР да 1980-х г.). Узнікла нац. інтэлігенцыя. У той жа час сав. ўлады імкнуліся абмежаваць свабоднае развіццё грамадскай думкі, уплыў мусульм. традыцый (у пач. 1980-х г. легальна дзейнічалі толькі 4 мячэці). З пачаткам у СССРперабудовы ў Т. ўзмацніўся нац. рух. Створаны ў вер. 1989 Нар. фронт («Агзыбірлік») у студз. 1990 забаронены. Ініцыятыву ўтрымала КПТ (са снеж. 1991 — Дэмакр. партыя Т.) на чале з С.А.Ніязавым. У маі 1990 туркм. мова абвешчана дзяржаўнай, 22.8.1990 прынята дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце Т. 27.10.1990 Ніязаў выбраны першым прэзідэнтам Т. На Усенар. рэферэндуме 26.10.1991 насельніцтва Т. выказалася за дзярж. незалежнасць (абвешчана 27.10.1991). Далучыўшыся да Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Т. прытрымліваецца палітыкі строгага нейтралітэту і добрых роўных адносін з усімі суседзямі. Унутры краіны ўсталяваўся рэжым моцнай улады прэзідэнта Ніязава, які ў 1999 атрымаў ад Халк Маслахаты права знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта без абмежавання тэрміну. У Т. дзейнічае адна легальная партыя — Дэмакр. партыя Т. Т. — чл.ААН (з 1992), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1992) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.
Гаспадарка. Т. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2002 склаў 30 млрд.дол. (5000 дол. на душу насельніцтва). Доля прам-сці і буд-ва ў структуры ВУП (2000) — 41%, сельскай і лясной гаспадаркі — 20%, сферы паслуг — 39%. Недзярж. сектар дае каля 35% ВУП. Гал. галіны прамысловасці: газавая (46% паводле кошту прадукцыі), нафтавая (17%), электраэнергетыка, хім., маш.-буд., лёгкая і харчасмакавая. Агульныя прагнозныя запасы вуглевадароднай сыравіны Т. ацэньваюцца ў 23 трлн. м³ газу і 12 млрд.т нафты, прамысловыя — адпаведна ў 13 трлн. м³ і 213 млн.т. Здабыча прыроднага газу ў 2001 каля 60 млрд.м³, экспарт газу (20 млрд.м³, 1999) ажыццяўляе рас. кампанія «Газпрам». Буйныя радовішчы: Шатлык, Даўлетабад, Наіп, Ачак і інш. Здабыча нафты (10 млн.т, 2001) пераважна ў зах. раёнах Т. (Катурдэпе, Барса-Гельмес), каля п-ва Чэлекен з марскога дна. Нафтаперапрацоўка на з-дах у гарадах Туркменбашы, Чэлекен (Хазар), Сейды. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў 14 млн.т нафты за год. Вытв-сць электраэнергіі 10,5 млрд.кВт∙гадз (2001) пераважна на ЦЭС; 1,6 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі штогод экспартуецца ў Казахстан. Хім.прам-сць прадстаўлена здабычай мірабіліту, бішафіту, эпсаміту (Бекдаш), самароднай серы (Гаурдак), вытв-сцю ёду [Небіт-Даг (Балканабат)], сульфату натрыю, суперфасфату (Туркменабат), сернай кіслаты, серы, калійных угнаенняў (Гаурдак), пластмасавых і фармацэўтычных вырабаў (Ашгабат). Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. вырабы, рамонт суднаў, аўтамабіляў, цеплавозаў) у Ашгабаце, Туркменабаце, Дашхавузе (Дашагузе), Мары, Туркменбашы. Лёгкая і харч.прам-сць — прыярытэтны сектар эканомікі Т. Каля 54% замежных інвестыцый накіравана ў гэтыя галіны ў 1997. Асн. галіна лёгкай прам-сці — тэкст., спецыялізуецца на першаснай апрацоўцы мясц. сыравіны — бавоўны, воўны, шаўкавічных коканаў, вытв-сці тканін з іх і трыкатажу. Бавоўнаачышчальныя з-ды ў Мары, Байрам-Алі, Тэджэне, Туркменабаце, Дашхавузе (Дашагузе), Керкі (Агамураце) і інш. Баваўняны камбінат, тэкст., шоўкаматальная ф-кі ў Ашгабаце, шаўковая, шарсцяная, прадзільна-ткацкая, трыкат., швейная, па апрацоўцы каракулевых шкурак ф-кі ў Туркменабаце. Дывановыя ф-кі ў Ашгабаце, Гасан-Кулі, Казанджыку, Небіт-Дагу (Балканабаце), Кізыл-Арваце (Сердары), Мары, Дашхавузе (Дашагузе) і інш. вырабляюць штогод 70 тыс.м² дываноў і дывановых вырабаў. Гарбарна-абутковыя ф-кі ў Ашгабаце і Туркменабаце. У харчасмакавай прам-сці найб. развіта алейна-тлушчавая [Байрам-Алі, Дашхавуз (Дашагуз), Туркменабат], мяса-малочная, вінаробная, саляная, піваварная галіны. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, азбестацэментныя лісты, трубы, жалезабетонныя вырабы, шкло, цэмент і інш.). Нар.маст. промыслы (вырабы з серабра і паўкаштоўных камянёў, ганчарныя вырабы, вышыўка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на бавоўнаводстве і каракульскай авечкагадоўлі. С.-г. ўгоддзі складаюць 32,2 млн.га, з іх ворных зямель 1,5 млн.га (каля 70% арашаецца), пашы 30,7 млн.га. Вял. значэнне для эканомікі Т. маюць Каракумскі канал і вадасх. Хаўз-Ханскае, Сарыязінскае, Тэджэнскае і інш. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства (53% кошту с.-г. прадукцыі), сканцэнтравана пераважна ў аазісах і перадгор’ях. Пасяўныя пл. (тыс.га, 1998) складаюць 1321,4, з іх пад бавоўнікам 544, збожжавымі (пшаніца, ячмень, рыс. джугара) 652, зернебабовымі 93,9, бахчавымі (дыні, кавуны) 12,2, садавінай і агароднінай 19,3. Вінаградарства пашырана ў Ахалскім і Марыйскім вілаятах, пладова-ягадныя насаджэнні ў перадгор’ях Капетдага, Мургабскім аазісе і зоне Каракумскага канала. У далінах р.Атрэк і яго прытока Сумбары вырошчваюць субтрапічныя культуры (гранат, масліны, інжыр, міндаль, айва і інш.). Збор (тыс.т, 1998): бавоўніку — 707, пшаніцы — 1245, фуражу — 174, бахчавых — 122, фруктаў і агародніны — 294,7, вінаграду — 147. У 2001 сабрана звыш 2 млн.т збожжа. Жывёлагадоўля (47% кошту с.-г. прадукцыі) мяса-воўнавага кірунку. На адгонных пашах Каракумаў пераважае каракуля- і вярблюдаводства, на горных пашах — танкарунная авечкагадоўля і козагадоўля; у аазісах гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Племянная конегадоўля (скакуны ахалтэкінскай пароды) у Ахалскім і Марыйскім вілаятах. Пагалоўе (млн. галоў, 2000): авечак — 5,65, буйн. раг. жывёлы — 0,88, коз — 0,38, курэй — 4. Шаўкаводства пераважна ў раёне Туркменабата і Керкі (Атамурат). Рыбалоўства на Каспійскім м. і ва ўнутр. вадаёмах. Пчалярства. Асн. від транспарту — чыгуначны. Даўж. чыгунак 2187 км (1999). Асн. магістралі: Туркменбашы — Ташкент з адгалінаваннем Мары—Кушка; Туркменабат—Кунград—Бейнеў. Даўж. аўтадарог 24 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 19,5 тыс.км. Суднаходства па Каспійскім м., р. Амудар’я, Каракумскім канале. Гал. марскі порт — Туркменбашы, звязаны марскім паромам з г. Баку. Газаправоды: Зах. Т.—Бекдаш—Мангышлак, Майскае—Ашгабат—Безмеін і інш. Курорты: Арчман, Байрам-Алі, Малакара, Фіруза. Замежны турызм. Экспарт (2,5 млрд.дол., 2000) нафты, прыроднага газу, бавоўны, электраэнергіі, тэкстылю, дываноў. Імпарт (1,7 млрд.дол., 2000) машын і абсталявання, хімікатаў, харч. прадуктаў, спажывецкіх тавараў. Асн.гандл. партнёры: Іран, Турцыя, Расія, Казахстан, Украіна, ЗША, Германія, Узбекістан. Знешнегандлёвы абарот Т. з Рэспублікай Беларусь у 2000 склаў 46 млн.дол. Грашовая адзінка — манат.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і Войск ППА, берагавой аховы (ВМС). Агульная колькасць узбр. сіл каля 19 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках каля 16 тыс.чал., 570 танкаў, 1350 баявых браніраваных машын, 560 артыл. гармат, ракетных сістэм залпавага агню і мінамётаў, процітанк. і зенітная артылерыя. У ВПС і Войсках ППА каля 3 тыс.чал., 170 баявых самалётаў, 77 зенітных ракетных комплексаў і інш.
Ахова здароўя ў Т. належыць да кампетэнцыі дзяржавы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 57, жанчын 65 гадоў (2001). Узровень нараджальнасці — 29 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 97 чал., урачамі — 1 на 330 чал. Дзіцячая смяротнасць — 73 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета. У сістэме адукацыі Т. дашкольныя ўстановы (яслі-сады), агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Паводле Закона 1993 агульная адукацыя з’яўляецца абавязковай і набываецца ў школе з 9-гадовым навучаннем. Школьнае навучанне прадугледжвае 2 перыяды — «сават» («грамата», 4 гады навучання) і «білім» («адукацыя», 5 гадоў) і заканчваецца выпускнымі экзаменамі. Атрыманне прафес. і вышэйшай адукацыі магчыма толькі на аснове агульнай адукацыі. Навуч. ўстановы дзярж. і прыватныя. У навуч. установах з тэрмінам навучання 2 гады атрымліваюць падрыхтоўку рабочыя асн. галін прам-сці Т. — нафтавай, газавай, машынабудаўнічай. Сярэднія спец.навуч. ўстановы ў падпарадкаванні ВНУ адпаведных профіляў. У сістэме вышэйшай адукацыі Т. 16 ВНУ (2002), найбуйнейшыя з іх: Туркм.ун-т імя Магтымгулы (з 1950; больш за 2 тыс. студэнтаў), с.-г.ун-т імя С.А.Ніязава, політэхн.ін-т (з 1963), мед. (усе ў Ашгабаце), пед.ін-т у Туркменабаце. У Т. 233 б-кі, найбуйнейшая — Нац.б-ка (з 1895; каля 5,5 млн. адзінак захавання) з’яўляецца цэнтрам навукова-інфарм. дзейнасці краіны. 26 музеяў, найбуйнейшы — Нац. музей Т. Навук. даследаванні вядуцца ў АН Туркменістана і галіновых НДІ.
Літаратура. Развіваецца на туркменскай мове. У культуры туркменаў вылучаюцца 2 плыні: іранская і цюркская. Таму творы фальклору і стараж. помнікі л-ры (на фарсі і цюрк. мовах) агульныя для туркменаў, таджыкаў, персаў, узбекаў, азербайджанцаў, туркаў. З эпічных жанраў фальклору найб. развіты дастан. Найстараж. твор гераічнага эпасу — 12 сказанняў (складаліся ў 9—15 ст.), якія сабраны ў 16 ст. невядомым укладальнікам у «Кнізе майго дзеда Каркуда» («Кітабі дэдэ Каркуд»). Сюжэтнымі элементамі блізкі да яго эпас «Гёраглы» («Кёр-аглы»). Аўтарскай апрацоўкай вядомых сюжэтаў усх. л-ры з’яўляюцца дастаны «Лейлі і Меджнун» і «Юсуф і Зулейха». У стараж. і сярэдневяковай л-ры пераважала дыдактычная паэзія. У 1464 Вепаі (Вефаі) склаў зб. дыдактычнай паэзіі «Светач ісламу». Вядомы паэты-палкаводцы Бурханеддзін Сівасі (14 ст.), Байрам-хан Ханханан і яго сын Рахімхан, паэт Бархудар Туркман (17 ст.) і інш. Ідэямі гуманнасці, дабра і сац. справядлівасці прасякнута творчасць Д.Азадзі. З пач. 18 ст.л-ра развівалася на мове, блізкай і зразумелай народу. Станаўленне самабытнай нар. л-ры звязана з імем паэта і мысліцеля Махтумкулі (Магтымгулы), які стаў пачынальнікам новай туркм. л-ры, увёў у паэзію свецкія матывы, распрацоўваў грамадз. лірыку, літ. мову наблізіў да народнай. У 18—19 ст.асн. жанрам была лірыка (паэты Андаліб, Шэйдаі, Магрупі, Маланепес, Кеміне, Сеідзі, Мятаджы, Міскінклыч і інш.). У пач. 20 ст. выступілі паэты-імправізатары Байрам Шахір, Кёрмала, Маламурт, Шабендэ, Дурды Клыч. У 1920-я г. ў л-ру прыйшлі паэты Ата Саліх, Б.Кербабаеў, Я.Насырлі і інш.Асн. тэмы л-ры 1920—30-х г. — калектывізацыя і звязаная з ёю класавая барацьба, эмансіпацыя жанчыны (паэты А.Аламышаў, Ш.Кекілаў, А.Кекілаў, Ата Ніязаў і інш.). З канца 1920-х г. развівалася проза (А.Дурдыеў, Кербабаеў, Н.Сарыханаў), зарадзілася драматургія (п’есы А.Каўшутава, К.Бурунава, Т.Эсенавай). У 2-й пал. 1930-х г. паявіліся буйныя творы прозы: 1-я ч. 4-томнага рамана Х.Дзер’яева «Лёс» (закончаны ў 1971), 1-я ч. рамана Кербабаева «Вырашальны крок» (закончаны ў 1955). У Вял.Айч. вайну папулярныя былі вершы Ата Саліха, Д.Халдурды, К.Сейтліева, творы Кекілава, Б.Сейтакава, Насырлі, Кербабаева, Б.Салтаніязава, Х.Ісмаілава, П.Нурбердыева. У пасляваен. л-ру прыйшлі А.Атаджанаў, М.Сеідаў, А.Хаідаў, Ш.Барджакаў і інш. Востраканфліктныя п’есы пісаў Г.Мухтараў. У 1960-я — пач. 1970-х г. л-ру ўзбагацілі раманы «Стэпавікі» Б.Худайназарава, «Чорны караван» К.Куліева, «Крэмені» Атаджанава, «Каханне» Кекілава, раман-эпапея «Браты» Сейтакава. Жанр аповесці і апавядання развівалі Т.Курбанаў, А.Акмамедаў, Я.Маметыеў, Т.Джумагельдыеў, А.Таганаў, Н.Джумаеў, К.Тангрыкуліеў і інш. У 1990-я г.л-ра звяртаецца да гіст. каранёў і традыцый, з’явіліся буйныя творы пра сучаснае жыццё туркм. народа, развіваецца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Т.
Туркменска-бел. літ. сувязі зарадзіліся яшчэ ў 19 ст. Ураджэнец Беларусі, паэт, славіст А.Ходзька даследаваў туркм. фальклор, эпас «Гёраглы», паэзію Махтумкулі і Кеміне. Шырокае развіццё гэтыя ўзаемасувязі атрымалі пасля Кастр. рэвалюцыі. На бел. мове выдадзены «Туркменскія народныя казкі» (1960, пер. Я.Бяганская), казка «Гара самацветаў» (1971, пер. С.Міхальчук), зб-кі вершаў, апавяд. і казак «Каракумскія зоркі» (1969), «Аксамітавая ружа» (1980), «Кветкі Каракумаў» (1990), «Мая Туркменія» (1992), раман «Прапашчы чалавек» Джумагельдыева (1984, пер. А.Жук), зб-кі вершаў «Джайранаў кубак» Я.Піркуліева (1976, пер. А.Вольскі), «Чароўнае шкельца» К.Чаліева (1983, пер. Л.Філімонава), «Песні Каракумаў» Тангрыкуліева (1984, пер. Вольскі, Е.Лось, В.Лукша), «Дождж у пустыні» Н.Байрамава (1987, пер. К.Цвірка), кн.выбр. лірыкі «Салавей шухае ружу» Махтумкулі (1983). У бел. перыёдыцы публікаваліся вершы С.Авезбердыева, Р.Аліева, Атаджанава, Байрамава, Г.Зарыпавай, К.Курбанепесава, А.Курдава, Махтумкулі, А.Рахманава, А.Чарыева, К.Эзізава, апавяданні Б.Каюмава, А.Назарава, Таганава, Тангрыкуліева, Хаідава і інш. Творы туркм. паэзіі і прозы перакладалі і перакладаюць У.Караткевіч, Р.Барадулін, Я.Васілёнак, А.Вольскі, С.Гаўрусёў, М.Гіль, С.Грахоўскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, А.Клышка, В.Коўтун, А.Лойка, У.Паўлаў, П.Прыходзька, Ю.Свірка, М.Татур, Х.Чэрня, А.Шаўня, У.Шахавец і інш.Туркм. пісьменнікі ўдзельнічалі ў з’ездах Саюза пісьменнікаў Беларусі, у тыднях л-р, у купалаўскіх і коласаўскіх днях. Беларусі прысвяцілі свае творы Аліеў, А.Кавусаў. На туркм. мове выдадзены зб-кі «Выбраныя вершы і паэмы» Я.Купалы (1941), «Выбраныя вершы» (1941) і «Апавяданні пра мінулае» (1981) Я.Коласа, «Апавяданні» Я.Брыля (1960), раманы «Калі зліваюцца рэкі» П.Броўкі (1962), «Сэрца на далоні» І.Шамякіна (1973) і інш.
Архітэктура. У 4—3-м тыс. да н.э. пераважалі шматпакаёвыя сырцовыя дамы, часам размаляваныя ўнутры. У эпоху бронзы з’явіліся вял. протагар. паселішчы. У 1-м тыс. да н.э. ўзніклі гарады з цытадэлямі (Эрк-Кала ў Мерве), якія абрасталі гар. забудовай. Для раннефеад. часу (5—7 ст.н.э.) характэрны сырцовыя ўмацаваныя сядзібы, 2-павярховыя кёшкі (данжоны) на штучнай платформе і з «гафрыраванымі» сценамі (Кыз-Кала ў Мерве), замкнёныя па перыметры жылыя дамы з унутр. дварамі; вядомы рэшткі хрысц. царквы і манастыра (у Мерве). У 11—12 ст. ва ўмацаваных гарадах са стыхійнай забудовай разрасталіся рабады з караван-сараямі, мусульм. культавымі комплексамі, жылымі кварталамі (Мешэдзі-Місрыян, Шах-Сенем у Харэзме). Будавалі з сырцу, пахсы, абпаленай цэглы, распрацоўвалі скляпеніста-купальныя канструкцыі, у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, стука, арнаментальныя размалёўкі. Для палацаў і караван-сараяў характэрны дваровыя айванныя кампазіцыі (палац у Мерве, Даяхатын). У культавым дойлідстве выпрацаваны мясц. тыпы пятнічнай мячэці, круглых мінарэтаў з узорыстай цаглянай муроўкай, загараднай мячэці «намазга», цэнтр.- і партальна-купальных маўзалеяў (маўзалеі султана Санджара ў Мерве, 1140-я г., арх. Мухамед ібн-Атсыз ас-Серахсі). У 14 ст. ўскладніліся аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі, вылучыўся парадны ўваход-пяштак, у дэкоры з’явіліся разныя наборныя керамічныя мазаікі (маўзалей дынастыі Суфі ва Ургенчы). Нар. жытло аселага насельніцтва — пераважна пахсавыя 2—3-пакаёвыя дамы з лёгкім калонным айванам на фасадзе, плоскім дахам і ўнутр. дваром. Багатыя сядзібы будавалі ў выглядзе невял. крэпасцей. Жытлы памежных з Узбекістанам раёнаў з рысамі туркм. і ўзб. архітэктуры (сядзіба з 2 унутр. дварамі і айванамі на драўляных калонах). Жыллё качавых плямён — юрта, пакрытая лямцам, сцягнутая тканымі ўзорыстымі палосамі. У 19 ст. гарады будавалі паводле рэгулярнага плана. Пераважала 1-павярховая забудова з абліцоўкай абпаленай цэглай. У пач. 20 ст. пашырана буд-вапрамысл. аб’ектаў, распрацаваны тып шматкватэрнага секцыйнага жылога дома з улікам прыродных умоў. У 1930—40-я г. выкарыстоўваліся элементы класіцызму і формы сярэднеазіяцкага дойлідства. Землетрасенне 1948 зруйнавала сталіцу і навакольныя пасёлкі. Праекты сейсмаўстойлівых будынкаў стваралі паводле новых правіл: аб’яднанне прадпрыемстваў у прамысл. раёны, пашырэнне гар. артэрый, стварэнне сістэмы плошчаў, зялёных эспланад, ансамбляў адм. і грамадскіх будынкаў. У горадабудаўніцтве 2-й пал. 20 ст. тэндэнцыя да стварэння сучасных маст.-выразных арх.-прасторавых кампазіцый, функцыян. мэтазгоднасці планіроўкі і афармлення будынкаў, да сінтэзу з манум.-дэкар. мастацтвам, арган. сувязі з ландшафтам (арх. А.Р.Ахмедаў, Ф.А.Аліеў і інш.). Пачынаючы з 1990-х г. для арх-ры характэрны зварот да нац. традыцый у спалучэнні з сучаснымі сусв.арх. тэндэнцыямі, асабліва пры ўзвядзенні манументальных будынкаў — палацаў, мячэцей і інш. Сярод найб. значных пабудоў: мячэць Сапармурата-хаджы ў г.п. Геок-Тэпе, арка Нейтралітэту ў Ашгабаце, мемар. комплекс памяці загінуўшых ад землетрасення 1948 у с. Кіпчак і інш. У 1936 засн. Саюз архітэктараў Т.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. Т. адносяцца да 6—5-га тыс. да н.э. (насценныя размалёўкі, ляпны посуд, статуэткі). У 3—2-м тыс. да н.э. вядома дробная тэракотавая пластыка (жаночыя фігуркі), кераміка з геам. і схематызаванымі зааморфнымі матывамі. У некат. творах 1-га тыс. да н.э. выявіўся ўплыў мастацтва ахеменідскага Ірана. У канцы 4—1-й пал. 3 ст. да н.э. на Пд Т. склаўся лакальны варыянт усх.-эліністычнай культуры, мастацтва паўн. раёнаў развівалася ў рэчышчы маст. культуры Харэзма. З 8 ст.н.э. пашырылася паліваная і непаліваная кераміка, з 12 ст. — танкасценныя пасудзіны з высокакрэменязёмістай масы (кашына) з вытанчаным гравіраваным або ажурным праразным узорам, часам размаляваныя люстрам, з 15 ст. адчувальны ўплыў далёкаўсх. фарфору. Вял. пашырэнне мелі дыванаткацтва, выраб лямцавых дываноў (кошмаў), ювелірная справа. Станаўленне выяўл. мастацтва звязана з адкрыццём у Ашгабаце «Ударнай школы мастацтваў Усходу» (1920). Творам 1920—30-х г. уласцівы пошукі нац. стылю (Г.Бабікаў, С.Бягляраў, Ю.Данешвар, Б.Нуралі, І.Чарынько). Актыўную ролю ў грамадска-паліт. жыцці адыгрывала графіка — плакаты і карыкатуры (Р.Гершанік, М.Касценка, М.Фядура). У Вял.Айч. вайну развівалася агітац. мастацтва («ВокныТуркменТАГа»). Мастацтву 1950—60-х г. уласціва адлюстраванне тагачасных падзей, асаблівасцей грамадскага развіцця (Г.Брусянцоў, І.Клычаў, А.Куліеў, А.Хаджыеў, А.Шчацінін). У 1960—80-я г. склалася і развівалася нац.маст. школа Т., якой уласцівы рысы «суровага стылю». імкненне да засваення нац. спадчыны. Змест і кампазіцыі вылучаліся дакладнасцю рытмаў, вастрынёй ліній, пластычнай выразнасцю і яркай колеравай гамай (А. і Ч.Амангельдыевы, С.Бабікаў, Д.Байрамаў, Клычаў, М.Мамедаў). Развівалася тэатр.-дэкарацыйнае (Ш.Акмухамедаў, Я.Ананураў, Я.Кордыш), манум.-дэкар. (Дж.Джумадурды, К.Ярмамедаў), нар. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Побач з адраджэннем класічных тыпаў арнаментальных ворсавых дываноў вырабляліся партрэтныя і сюжэтна-тэматычныя. З 1990-х г. усе віды мастацтва арыентаваны на ідэю адраджэння нац.маст. спадчыны; вял. ролю адыгрывае манум. скульптура.
Музыка. На песенны і інстр. фальклор туркменаў паўплывала музыка краін Сярэдняй Азіі, Б. і Сярэдняга Усходу. Нар.-прафес. мастацтва дасягнула дасканаласці ў творчасці спевакоў-бахшы, у рэпертуары якіх дастаны на класічныя тэмы з усх. і нац. паэзіі, песні-айдымы на словы туркм. паэтаў. Ладавая будова блізкая да мажорна-мінорнай сістэмы: для нар. музыкі характэрны квартава-квінтавыя гармоніі. Сярод песенных жанраў абрадавыя, каляндарныя, прац., лірычныя песні. Асн. інструменты: дутар (шчыпковы), гыджак (смычковы), цюйдук (духавы). Найб.стараж.вак.-танц. жанр — т.зв. зікр і вытворны ад яго танец кушт-дэпме — адзіны ўзор нар. танца. У пач. 19 ст. зроблены першыя нотныя запісы нар. музыкі, апісанне нар. інструментаў. Прафес.муз. культура пачала складвацца ў канцы 1910-х г. Сярод заснавальнікаў нац. кампазітарскай школы Д.Авезаў. З адкрыццём Туркм.т-ра оперы і балета (1941) звязаны першыя пастаноўкі нац. опер «Захрэ і Тахір» А.Шапашнікава (1941), «Абадан» Ю.Мейтуса і А.Куліева (1943), «Шасенем і Гарыб» Шапашнікава і Авезава (1944), балетаў «Вясёлы падманшчык» К.Карчмарова (1942), «Белая бавоўна» А.Зноска-Бароўскага і В.Мухатава (1945). З 2-й пал. 1940-х г. для муз. твораў характэрна спалучэнне нар. меласу з еўрап. гармоніяй (опера «Лейлі і Меджнун» Мейтуса і Авезава, 1946). У 2-й пал. 20 ст. ў музыцы адбываецца працэс сінтэзу нац. рыс з дасягненнямі сучаснага муз. мастацтва, развіваюцца сімф. і вак.-сімф. жанры. Значны ўклад у муз. мастацтва Т. кампазітараў А.Агаджыкава, Р.Алаярава, Д.Нурыева, Ч.Нурымава, Р.Раджэпава, Н.Халмамедава; дырыжораў Х.Аланурава, М.Мерэдава; спевакоў А.Анакуліевай, М.Куліевай, Х.Анадурдыева, Х.Анаева, А.Курбанава, М.Фараджава; музыказнаўцаў Ф.Абукавай, М.Ахмедавай, Ш.Гулыева. У Т. працуюць: Туркменскі нац.муз.-драм.т-р імя Магтымгулы (да 2001 Туркм.т-р оперы і балета); муз.-драм. т-ры ў гарадах Дашхавуз (Дашагуз; з 1938) і Туркменабат (1979); філармоніі ў Ашгабаце (1938; у яе складзе сімф. аркестр, 1973; аркестр нар. інструментаў, 1978) і г. Мары (1978); ансамбль нар. інструментаў, хор і эстр. аркестр пры туркм. тэлебачанні і радыё; Пед.ін-т мастацтваў (1972), муз. вучылішчы і вучылішча мастацтваў. У 1939 утвораны Саюз кампазітараў Т.
Тэатр. Элементы тэатр. відовішча ў творчасці нар. спевакоў (бахшы) і казачнікаў (гоендзе), у нар. гульнях і абрадах, спарт. спаборніцтвах. З 1918 развіваўся аматарскі т-р. У 1926 арганізавана 1-я нац.драм. студыя, на базе якой у 1929 створаны Туркменскі т-р драмы імя Маланепеса і рус.драм.т-р у Ашгабаце. У 1930-я г. адкрыты т-ры ў гарадах Мары, Керкі (Атамурат), Кізыл-Арват (Сердар), Дашхавуз (Дашагуз), у 1964 — Т-р юнага гледача ў Ашгабаце. Ставяцца нац. творы Б.Аманава, А.Каўшутава, Б.Кербабаева, Г.Мухтарава, К.Сейтліева, Б.Суханава і інш., сусв. класіка, п’есы сучасных драматургаў. Пастаўлены спектаклі бел. драматургіі: «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1961, Туркм.т-р драмы), «Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка (1967), «Радавыя» А.Дударава (1995; абодва ў рус.драм. т-ры). Сярод дзеячаў сцэны: Б.Аманаў, С.Атаева, Н.Бекміеў, К.Бердыеў, Т.Гафурава, І.Громаў, П.Гурніцкі, А.Дурдыеў, К.Дурдыеў, А.Карліеў, Л.Катаўшчыкова, М.Кірылаў, А.Кульмамедаў, Л.Любіна, Сана Мурадава, Сурай Мурадава, Н.Саюнава, М.Сейітніязаў, М.Чэркезаў і інш.
Кіно. У 1926 у Ашгабаце створана кінафабрыка, з 1958 кінастудыя «Туркменфільм». Першапачаткова здымаліся дакумент. фільмы. У 1929 выйшаў дакумент.-маст. фільм «Белае золата» (рэж. А.Уладычук), у 1931 — першы маст. фільм «Забыць нельга» (рэж. Д.Пазнанскі). Сярод стужак 1930-х г.: «Я вярнуся» (рэж. А.Лядашчаў), «Сем сэрцаў», «Людзі даліны Сумбар» (рэж. абедзвюх Н.Ціханаў), «Умбар» (рэж. А.Макоўскі), «Дурсун» (рэж. Я.Іваноў-Баркоў) і інш. У кіно здымаліся вядучыя акцёры туркм.т-ра: А.Дурдыеў, А.Карліеў, А.Кульмамедаў і інш. Вядомасць набыла муз. камедыя «Далёкая нявеста» (1948, рэж. Іваноў-Баркоў). Пасля землетрасення 1948 вытв-сцьмаст. фільмаў адноўлена ў 1950-я г.: «Сын пастуха», «Хітрасць старога Ашыра» (рэж. Р.Перэльштэйн), «Гонар сям’і» (рэж. І.Мутанаў), «Першы экзамен» (рэж. Х.Агаханаў, П.Сыроў) і інш. Кіно Т. 1960—70-х г. вызначалася пашырэннем тэматыкі, пошукамі новых маст. сродкаў, імкненнем да раскрыцця складаных праблем чалавечых узаемаадносін. Стан кінематаграфіі вызначалі рэжысёры Б.Мансураў («Спаборніцтва» 1964; «Наталенне смагі», 1967; «Рабыня», 1970), Карліеў («Вырашальны крок», 1966; «Махтумкулі», 1968; «Тайны мукама», 1974), Хаджакулі Нарліеў («Нявестка», 1972; «Калі жанчына асядлае каня», 1975; «Умей сказаць «не», 1977; «Дрэва Джамал», 1981; «Каракумы, 45° у ценю», 1982; «Фрагі — разлучаны са шчасцем», 1984), Х.Какабаеў («Хлопчык з аслянём». 1974; «Колер золата», 1975; «Выкраданне скакуна», 1979; «Вось вернецца тата»), К.Аразсахатаў і Я.Сеідаў («Кугітангская трагедыя», 1978), Хаджадурды Нарліеў («Белая імгла», 1977; «Ранішнія коннікі», 1981) і інш. Развівалася дакумент. кіно (рэж. А.Геакленаў, В.Гукасаў, К.Курбанклычаў, В.Лаўроў, М.Мэй і інш.). У тэматычным плане кіно 1990-х г. характарызуецца вяртаннем да нац. каранёў і традыцый, фільмам уласціва алегарычнасць, эпічнасць: «Манкурт» (1990, рэж. Хаджакулі Нарліеў), «Анёлак, зрабі радасць» (1992, рэж. У.Сапараў), «Карма» (1994) і «Раскаянне» (1996, рэж. абодвух Какабаеў), «Спаленая душа» (1995, рэж. Л.Сцяпанская, Б.Абдулаеў), «Легенда» (1999, рэж. К.Ананаў). У 1975 створаны першы анімацыйны фільм. У 1963 засн. Саюз кінематаграфістаў Т.
Літ.:
История Туркменской ССР. Т. 1—2. Ашхабад, 1957;
История Туркменистана. Ашхабад, 1966;
Гапуров М.Г. Советский Туркменистан. М., 1982;
Проблемы истории и этнографии советских и зарубежных туркмен: Сб. ст. Ашхабад, 1990;
Юсупов Х. Страницы истории Туркменистана: С древнейших времен до арабского завоевания. М., 1997;
Туркменистан // Содружество Независимых государств: Десять лет спустя. Мн., 2001;
Туркменбашы С. Рухнама: Пер. з рус.Мн., 2003;
Кор-Оглы Х. Туркменская литература. М., 1972;
Очерк истории туркменской советской литературы. М., 1980;
Алиева С.У. Современная туркменская проза. М., 1981;
Архитектура Советского Туркменистана. М., 1972;
Памятники архитектуры Туркменистана. Л., 1974;
Пугаченкова Г.А. Искусство Туркменистана. М., 1967;
Л.В.Лоўчая (прырода. насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура. выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Туркменістана.Да арт.Туркменістан. Пустыня Каракумы.Да арт.Туркменістан. Горад Кушка.Да арт.Туркменістан. Порт Туркменбашы.Да арт.Туркменістан. Маўзалей султана Санджара. 12 ст.Да арт.Туркменістан. Кёшкі Кыз-Кала ў Мерве.Да арт.Туркменістан. Мячэць Сапармурата-хаджы ў г.п. Геок-Тэпе.Да арт.Туркменістан. Арка Нейтралітэту ў Ашгабаце.Да арт.Туркменістан. Мемарыяльны комплекс памяці загінуўшых у час землетрасення 1948 у с. Кіпчак.Да арт.Туркменістан. Б.Нуралі. Партрэт Халіджы. 1926.Да арт.Туркменістан. А.Хаджыеў. Партрэт Махтумкулі. 1947.Да арт.Туркменістан. Дыван-пано «Свята Перамогі» паводле эскіза М.Фядуры. 1947.