Асіпоўка (р.) 1/514; 2/421; 4/398 (к.); 6/45 (к.), 433; 7/323

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ЎКА,

рака ў Беларусі, у Маларыцкім і Жабінкаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Мухавец (бас. Зах. Буга). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 534 км². Пачынаецца ў Маларыцкім раёне з канала, вада падаецца з Лукаўскага вадасх. праз калектар. Даліна невыразная, рэчышча каналізаванае. Ніжэй в. Чарняны Маларыцкага р-на выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1879—81 ва ўрочышчы Асіпоўка Рагачоўскага пав. У 1879 выпушчана 2550, у 1880 — 2500 скрынак аконнага шкла. Працавала больш за 50 рабочых.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Лукава. У Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Лукава. Створана на месцы б. Лукаўскага воз. ў 1980. Пл. 5,4 км², даўж. 3,15 км, найб. шыр. 2,7 км, найб. глыб. 11,5 м, аб’ём вады 23,2 млн. м³. Абгароджана дамбай (даўж. 9,5 км). Дно вадасховішча выслана сапрапелем.

Упадае некалькі меліярац. каналаў, выцякаюць р. Асіпоўка і канал Гусацкі. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,1 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення с.-г. угоддзяў і рыбагадоўлі.

Ф.​М.​Ашэраў.

Лукаўскае вадасховішча.

т. 9, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАВЕ́Ц,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах Буг. Даўж. 112,6 км. Пл. вадазбору 6600 км². Цячэ па Прыбугскай раўніне (вярхоўе) і Брэсцкім Палессі. Пачынаецца ў сутоках рэк Myxa і Вец у г. Пружаны. Уваходзіць у Дняпроўска-Бугскі водны шлях.

Асн. прытокі: Дахлоўка, Жабінка (справа), Дняпроўска-Бугскі канал, рэкі Трасцяніца, Асіпоўка, Рыта (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шыр. ў сярэднім цячэнні 400—600 м, ніжэй 1,5—2 км. Схілы ўмерана стромкія, выш. 4—8 м (у ніжнім цячэнні 3—6 м). Пойма двухбаковая, нізкая, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу. У верхнім цячэнні рака называецца канал Мухавец. Ад г. Кобрын да Брэста рака зарэгуляваная. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля Брэста 34,9 м³/с. Суднаходства ад г. Кобрын (64 км ад вусця), працягласць навігацыйнага перыяду 230—240 сутак. На рацэ гарады Брэст, Пружаны, Жабінка, Кобрын.

Рака Мухавец.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БІНКАЎСКІ РАЁН,

на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,7 тыс. км². Нас. 25,7 тыс. чал. (1997), гарадскога 48,6%. Сярэдняя шчыльнасць 37 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жабінка, 98 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Азяцкі, Крыўлянскі, Ленінскі, Пятровіцкі, Сцяпанкаўскі, Хмелеўскі, Якаўчыцкі.

Раён размешчаны ў межах Брэсцкага Палесся, на Пн заходзіць Прыбугская раўніна. Паверхня нізінна-раўнінная, 80% тэр на вышынях да 150 м. Найвыш. пункт 181 м (за 6 км на Пн ад в. Сцяпанкі). Карысныя выкапні: торф, суглінкі, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -4,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 523 мм за год. Вегетац. перыяд 205 сут. У цэнтр. ч. раёна з У на ПдЗ працякае р. Мухавец з прытокамі Рыта, Трасцяніца, Асіпоўка, Палахва і Жабінка; меліярац. каналы Чорны Роў, Сяхновіцкі, Барысаўскі і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,8%), дзярнова-падзолістыя (18,5%). Пад лесам 18,8% тэр. Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя і інш., штучныя насаджэнні складаюць 10%. Балоты займаюць 0,17% тэр. Найб. балотны масіў Гатча-Восаўскае на Пд. Заказнік мясц. значэння «Непакойчыцы», зона адпачынку Сасновы Бор, 5 помнікаў прыроды — 3 дубы чарэшчатыя, сасна веймутава, ліла драбналістая.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 46,7 тыс. га, з іх асушаных 23 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 10 калгасаў, 2 саўгасы, рыбгас «Сакалова». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць буракі, лён, збожжавыя і бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя і хлебабулачныя вырабы, цукар, безалкагольныя напіткі), Жабінкаўскі цукровы завод; паліўнай (торфабрыкет); будматэрыялаў і камбікормавай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель, аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец; нафтаправод «Дружба», транзітныя газаправоды. У раёне 9 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач., 3 муз. школы, 2 садкі-школы, 13 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, 13 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Буг». Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Азяты, Пакроўская царква (1761) у в. Арэпічы, Мікалаеўская царква (1727) у в. Вял. Сяхновічы, Мікітаўская царква (пач. 16 ст., перабудавана ў 1787) у в. Здзітава, царква (1720) у в. Маціевічы, Міхайлаўская царква (1780) у в. Сцяпанкі, Праабражэнская царква (1725) у в. Хмелева, Уладзімірская царква (1894) у в. Чыжэўшчына, рэшткі замка (17 ст.) у в. Крыўляны.

Выдаецца газ. «Сельская праўда».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)