астра́нцыя

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. астра́нцыя астра́нцыі
Р. астра́нцыі астра́нцый
Д. астра́нцыі астра́нцыям
В. астра́нцыю астра́нцыі
Т. астра́нцыяй
астра́нцыяю
астра́нцыямі
М. астра́нцыі астра́нцыях

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

АСТРА́НЦЫЯ (Astrantia),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, на Каўказе і ў М. Азіі. На Беларусі 1 дзікарослы — астранцыя вялікая (Astrantia major), трапляецца ў Белавежскай пушчы і ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці (занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь) і 4 інтрадукаваныя віды — астранцыя найвялікшая (Astrantia maxima), трохнадрэзаная (Astrantia trifida), Біберштэйна (Astrantia biebersteinii), калхідская (Astrantia colchida), вырошчваюцца ў Цэнтр. бат. садзе АН.

Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце пальчата-раздзельнае (прыкаранёвае доўгачаранковае, сцябловае амаль сядзячае). Кветкі тычынкавыя і двухполыя, у простых парасоніках з буйнымі афарбаванымі звонку лісцікамі абгорткі. Плод — падоўжана-цыліндрычны віслаплоднік. Дакар., лек. і меданосныя расліны; некаторыя ядавітыя.

Астранцыя вялікая.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

астра́нцыя

(н.-лац. astrantia)

травяністая расліна сям. парасонавых з доўгачаранковым лісцем і белымі кветкамі ў парасоніках, пашыраная ў Еўропе і Малой Азіі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная, лекавая, меданосная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАРАСО́НАВЫЯ, сельдэрэевыя (Umbelliferae, Apiaceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін. Каля 300 родаў, больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. колькасць — ва ўмераных і субтрапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 33 роды, 51 від. У Чырв. кнігу занесена 6 відаў П.: астранцыя вялікая, баршчэўнік звычайны, бядрынец вялікі, дзікая пятрушка аленевая, сіела прамая, шчыталіснік звычайны.

Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты або дрэўцы. Лісце звычайна простае, чаргаванае, моцна рассечанае. Кветкі дробныя ў складаных, часам простых, парасоніках ці галоўках. Плод — віслаплоднік. Ва ўсіх органах — эфіраалейныя ходы. Сярод П. шмат агароднінных (кмен, морква, сельдэрэй, пастарнак, пятрушка), тэхн. (каляндра, ферула), эфіраалейных (аніс, каляндра, фенхель), лек. (амі, кмен, ферула), дэкар. (астранцыя, баршчэўнік) раслін. Некат. моцна ядавітыя (балігалоў, цыкута), шэраг відаў (напр., снітка, цьмянец) пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 2. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2). М., 1981.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маркоўнік1 ’расліна, падобная да морквы, Anthriscus silvestris Hoffm.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Растарг., ТС; маг., Кіс.; в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), рус. варон., укр. морковник ’тс’; морко́внік ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella saxifraga L.’ (стол., петрык.; Бейл.), рус. уладз. морковь ’тс’; ’чубатка пустая, Corydalis cava (L.) Schweigg.’ (стол., Бейл.), рус. табол. морковки ’Corydalis caphoides L.’, маркоўнікастранцыя вялікая, Astrantia major L.’ (стол., Бейл.). Да маркоўны < морква (гл.). Стол. морковнік ’сон лугавы, Pulsatilla pratensis Mill.’ (Бейл.) паходзіць з ⁺маркотны ’сонны, маркотны, пахілены’; параўн. чэш. poniclec < прасл. poniknǫti ’схіліцца’.

Маркоўнік2 ’сасновы абалоністы лес’ (слаўг., Яшк.). Магчыма, роднасным да яго будзе рус. новасіб. морковник ’дрэва з тонкім ствалом і вялікім, тоўстым камлём’. Да морква (гл.). Семантычны перанос паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.​У.​Вынаеў.

Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — гарычка веснавая; 2 — тлушчанка звычайная; 3 — венерын чаравічак сапраўдны; 4 — пярэсна еўрапейская; 5 — купальнік горны; 6 — ятрышнік дрэмлік; 7 — ятрышнік мужчынскі; 8 — чараўнік двухлісты; 9 — наперстаўка буйнакветная; 10 — пылкагалоўнік даўгалісты; 11 — пылкагалоўнік чырвоны; 12 — кураслеп лясны; 13 — сон шыракалісты (сон-трава); 14 — цыбуля мядзведжая (чарамша); 15 — лілея кучаравая (царскія кучары); 16 — луннік ажываючы; 17 — лінея паўночная; 18 — неатыянта клабучковая; 19 — каменяломнік зярністы; 20 — астранцыя вялікая.
Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — лабелія Дортмана: 2 — раўнаплоднік пылюшнікавы; 3 — альдраванда пухіраватая; 4 — сальвінія плывучая; 5 — гайнік цёмна-чырвоны; 6 — кадзіла сармацкае; 7 — зубніца клубняносная; 8 — плюшч звычайны; 9 — вадзяны арэх плывучы; 10 — шпажнік чарапіцавы; 11 — рададэндран жоўты; 12 — званочак шыракалісты; 13 — рагулькі высокія; 14 — касач бязлісты; 15 — гарлачык белы; 16 — першацвет веснавы; 17 — пералеска высакародная (пячоначніца звычайная); 18 — валжанка двухдомная; 19 — палушнік азёрны; 20 — ворлікі звычайныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)