АРЭЦІ́НА (Aretino) П’етра
(19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),
італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Арэціна П. 1/498—499; 5/176
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НІ (Bruni) Леанарда
(празваны Арэціна; Aretino; 1369, г. Арэца, Італія — 8.3.1444),
італьянскі гуманіст, пісьменнік, гісторык. У 1410, 1427—44 канцлер Фларэнцыі. У паліт. памфлетах выступаў супраць тыраніі, абараняў рэсп. лад, адстойваў ідэю ўсебаковага развіцця асобы і асуджаў аскетызм. Філас. і эстэт. погляды выклаў у творах, напісаных на лац. мове (трактат «Уводзіны ў навукі пра мараль», дыялог «Спрэчка пра высакароднасць» і інш.). Найбольш вядомыя яго гіст. творы («Гісторыя Фларэнцыі», «Запіскі аб падзеях майго часу»). Аўтар біяграфій Дантэ, Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо на італьян. мове. Перакладаў з грэч. Платона, Арыстоцеля, Плутарха; кн. «Аб правільным перакладзе» — адна з першых спроб стварыць тэорыю перакладу.
т. 3, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)