Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
архі...,
1. Прыстаўка са значэннем вышэйшай і найвышэйшай ступені прыкметы, якая названа ў другой частцы слова, напрыклад: архіасцярожны, архінебяспечны, архіхутка, архіправільна, архіапартуністычны, архімодны.
2. Першая частка складаных слоў, якая абазначае старшынствы праваслаўных і каталіцкіх царкоўных званняў: архіепіскап, архімандрыт, архірэй.
[Грэч. archi.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
А́рхі- ўзмацняльны прэфікс, першапачаткова ў грэчаскіх словах са значэннем ’старшы, галоўны’; параўн. яшчэ ст.-рус., пазней ст.-бел.архидиаконъ, архиепископъ, архимандритъ, архистратигъ, архисинагогъ (Гіст. лекс., 121; Гіст. мовы, 1, 307; Працы IM, 7, 144, 147, 224, дзе даюцца і вытворныя), частка з якіх пазней выпала (Шакун, Гісторыя, 277). На беларускай глебе ўтвораны гібрыдныя словы тыпу архідурны, архіразумны, архімільянер. Гіст. мовы, 1, 134, 229; Фасмер, 1, 90.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АРХІРЭ́Й (ад архі... + грэч. hiereus святар),
агульная назва духоўных асоб вышэйшай ступені правасл.царк. іерархіі (епіскап, архіепіскап, мітрапаліт, патрыярх). Могуць быць епархіяльнымі (якія правяць) і вікарнымі (іх памочнікамі). Сінонім тэрміна «архірэй» — архіпастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІЕПІ́СКАП (ад архі... + епіскап),
духоўная асоба вышэйшай ступені хрысціянскай царк. іерархіі. Тытул уведзены ў Рымскай імперыі ў 4 ст. З заснаваннем патрыярхатаў прысвойваўся патрыярхам і мітрапалітам аўтакефальных епархій. Першы на Русі тытул архіепіскапа атрымаў епіскап наўгародскі ў 1165. На Беларусі першым архіепіскапам стаў у пач. 16 ст. епіскап Полацкай епархіі. У 1994 на Беларусі 2 архіепіскапы (праваслаўнай і рымска-каталіцкай царквы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІКА́РП (ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТРА́Ў (ад архі... + лац. trabs бэлька),
бэлька, якая абапіраецца на капітэлі калон і пілястраў, слупы, інш. апоры і нясе фрыз і карніз; ніжняя частка антаблемента.
Узнік з фарміраваннем стоечна-бэлечнай канструкцыі ў архітэктуры Стараж. Грэцыі; выконваў ролю канструкцыйнага нясучага элемента, на які клалі бэлькі перакрыцця. З развіццём ант. ордэрнай сістэмы з’явіліся варыянты архітрава: у выглядзе гладкай бэлькі ў дарычным і тасканскім, з 3 невял. гарыз. ўступамі (фасцыямі) у іанічным і карынфскім ордэрах. Найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́рцы- ’звыш-’. Прэфіксальны элемент. З польск.arcy‑ у якой праз лацінскую з грэчаскай, якая дала архі- (гл.). Брукнер, 6. Побач з выкарыстаннем прэфікса ў запазычаных словах (арцыбіскуп) можна прывесці і ўласна беларускія ўтварэнні з ім: арцыплут (Нас.).