Ару́ба

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. Ару́ба
Р. Ару́бы
Д. Ару́бе
В. Ару́бу
Т. Ару́бай
Ару́баю
М. Ару́бе

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

АРУ́БА

(Aruba),

уладанне Нідэрландаў на аднайм. востраве ў архіпелагу М. Антыльскіх а-воў у паўд. частцы Карыбскага м. Пл. 193 км², нас. 65 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Араньестад. У складзе насельніцтва пераважаюць негры і мулаты, жывуць таксама іспанцы, галандцы, кітайцы і інш. Афіц. мова нідэрландская, пашыраны мовы мясц. крэолаў (пап’ямента), ісп. і англійская. Пануючая рэлігія — каталіцызм. Нац. свята — Дзень сцяга Арубы (18 сак.).

Вулканічны востраў выш. 188 м, акружаны рыфамі, рэльеф узгорысты. Клімат субэкватарыяльны, сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 м за год. Працуюць прадпрыемствы па ачыстцы нафты, вырабе цыгарэт, спіртных (ром) і безалкагольных напіткаў, суднаверф. Сельская гаспадарка развіта слаба з-за малой урадлівасці глебаў і недахопу прэснай вады. Вырошчваюць алоэ, якое выкарыстоўваюць у касметычных і фармацэўтычных вырабах. Нязначная жывёлагадоўля. Развіта рыбалоўства. Турызм. Асн. частка прадуктаў харчавання імпартуецца. Даўж. аўтадарог каля 380 км. Гал. порт — Араньестад, побач міжнар. аэрапорт. Гандлёвыя партнёры — Венесуэла, ЗША Нідэрланды, Вялікабрытанія. Цесныя эканам. сувязі з федэрацыяй Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. Грашовая адзінка — арубскі гульдэн (фларын).

Задоўга да адкрыцця еўрапейцамі в-аў Аруба насялялі індзейцы, якія ўпрыгожылі пячоры малюнкамі, што па старажытнасці не саступаюць дагістарычным малюнкам у пячорах Альтаміры (Іспанія) і Ласко (Францыя). У 1499 Іспанія аб’явіла востраў сваім уладаннем. У 1634 захоплены галандцамі. Да пач. 19 ст. востраў неаднаразова мяняў дзярж. прыналежнасць, з 1816 уладанне Нідэрландаў. Да 1863 быў буйным цэнтрам гандлю рабамі ў Вест-Індыі. Да 1986 Аруба ўваходзіла ў склад федэрацыі Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. З 1.1.1986 мае статус тэр. Нідэрландаў з унутр. самакіраваннем. Асн. паліт. партыі — Выбарчы рух народа і Народная партыя Арубы; Федэрацыя прафсаюзаў в-ва Арубы і інш.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́НЬЕСТАД,

(Oranjenstad), горад, адм. ц. Аруба (архіпелаг М.Антыльскіх а-воў). 20 тыс. ж. (1988). Гавань. Міжнар. аэрапорт Куін Беатрыкс. Ачыстка нафты. Суднарамонтнае прадпрыемства. Турызм.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)