Камедыя дэль артэ 1/128, 303; 3/319, 575; 5/178, 294, 295; 6/593; 10/368

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ДЫЯ ДЭЛЬ А́РТЭ (Commedia dell’arte),

камедыя масак, від італьян. т-ра сярэдзіны 16—18 ст., спектаклі якога ствараліся метадам імправізацыі на аснове сцэнарыя (сюжэтная схема). Персанажамі былі тыповыя маскі, якія пераходзілі з аднаго спектакля ў другі. Наследавала рэаліст. традыцыі нар. фарса, маскі і буфанаду карнавальных дзеяў, выкарыстоўвала некат. матывы і сюжэты гуманістычнай «вучонай камедыі» («камедыя эрудыта»). Буфонна яркія паказы К.д.а. на нар. дыялектах былі насычаны вулічнымі мелодыямі і песнямі, лацамі (трукамі), плебейскімі кпінамі, мелі сатыр. накіраванасць. Душой спектакля былі слугі — Брыгела, Арлекін, Каламбіна, Пульчынела і інш., аб’ектам пастаяннай сатыры — купец Панталоне, дваранін Капітан, ілжэвучоны Доктар і інш. Вядомыя акцёры К.д.а.: Ф. і І.​Андрэіні (16 ст.), Дж.​Б’янкалелі, Т.​Ф’ярылі (17 ст.), А.​Сакі (18 ст.). К.д.а. паўплывала на фарміраванне нац. камед. драматургіі і сцэн. мастацтва і інш. еўрап. краін (асабліва на драматургію К.​Гальдоні, К.​Гоцы, Мальера).

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕКІ́Н (італьян. Arlecchino). традыцыйны персанаж італьянскай камедыі дэль артэ; слуга-прастак, нязграбны цяльпук, які сваімі недарэчнымі паводзінамі заблытваў інтрыгу камедыі. У сярэдзіне 17 ст. ў Францыі — вобраз хітрага, дасціпнага плеткара, які актыўна ўдзельнічаў у развіцці дзеяння. Далейшая змена маскі арлекіна адбывалася па-за камедыяй дэль артэ. У 18 — пач. 19 ст. ў Францыі арлекін — вытанчаны любоўнік, шчаслівы сапернік персанажа нар. т-ра П’еро.

Да арт. Арлекін. П.​Сезан. П’еро і Арлекін. 1888.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУФАНА́ДА (італьян. buffonata літар, блазнаванне),

від тэатр. паказу і прыём акцёрскага выканання, заснаваныя на рэзкім, камедыйным перабольшанні пераважна вонкавай характарнасці. Асабліва пашырана ў цырку (гл. Клаунада). Узнікла ў народным тэатры (мім, скамарохі, італьян. камедыя дэль артэ), выкарыстоўвалася ў батлейцы. На выкарыстанне прыёмаў буфанады разлічаны і некаторыя творы Мальера, К.​Гальдоні, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Я.​Купалы, У.​Маякоўскага і інш. Элементы буфанады выкарыстоўвалі пры стварэнні камедыйных вобразаў бел. акцёры А.​Ільінскі, Г.​Глебаў, П.​Малчанаў.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІМ (ад грэч. mimos пераймальнік, перайманне),

1) камедыйны жанр у ант. нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр. ці быт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.

2) Акцёр ці актрыса, выканаўцы М.

3) У сучасным т-ры — акцёр пантамімы.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙСЕНСКІ ФАРФО́Р, мейсенскі фарфор,

мастацкія вырабы першага ў Еўропе фарфоравага завода ў г. Майсен каля Дрэздэна, Германія. Завод засн. ў 1710. У 1710—19 выпускаў посуд строгіх форм з каменнай масы і фарфору; у 1720—35 (у «жывапісны» перыяд) пашырана паліхромная надглазуравая і кобальтавая падглазуравая размалёўка посуду; у 1735—63 («скульптурны» перыяд) набылі вядомасць багатыя сервізы, вазы, туалетныя і пісьмовыя прыборы, табакеркі ў стылі ракако, скульпт. фігуры і групы — жанравыя, галантныя, пастаральныя, персанажы «камедыі дэль артэ», жывёл (мадэльеры І.​І.​Кендлер, І.​Г.​Кірхнер, І.​Ф.​Эберлайн). М.ф. ўласцівы вытанчанасць мадэліроўкі, мяккасць пластыкі ў спалучэнні з размалёўкай. Традыцыі керамічнага мастацтва М.ф. захоўваюцца. Марка завода (з 1725) — сінія мячы, нанесеныя падглазуравай размалёўкай. Іл. гл. таксама да арт. Кераміка.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Майсенскі фарфор. Сервіз і дэкаратыўныя кампазіцыі.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАУНА́ДА,

цыркавы жанр, заснаваны на прыёмах эксцэнтрыкі, буфанады, гратэску, пародыі, якімі карыстаюцца ў сваіх выступленнях артысты-клоуны.

Вытокі К. ў ант. пантамімах, нар. фарсах. Традыц. маска «белага клоуна» запазычана з італьян. камедыі дэль артэ, франц. і англ. плошчавых т-раў, «рыжага клоуна» (Аўгуста ў Еўропе) — ад нар. блазнаў. На канфлікце паміж «белым» і «рыжым» клоунамі будуюцца т.зв. антрэ. У стараж. Русі элементы К. прысутнічалі ў выступленнях скамарохаў. Клоуны з 17—18 ст. удзельнічалі ў прадстаўленнях коннікаў, канатаходцаў, дрэсіраваных жывёл і інш. З часам набылі сатырычнае і публіцыст. гучанне.

Клоунаў падзяляюць на сола-клоунаў, «дывановых», клоунаў-буф. У развіццё К. значны ўклад зрабілі клоуны Б.​Саўндэрс, Ж.​Б.​Арыёль, Дж.​Грымальдзі, К.​Ф.​Ларан, Кватліц, Т. і Дж. Джэксан, Грок, Карандаш, А.Папоў, Ю.Нікулін, Ю.Куклачоў, А.Варанецкі, Ф.Гулевіч, дынастыі Фратэліні, Дуравых і інш.

Літ.:

Искусство клоунады. М., 1969.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ ФІЛІ́ПА (De Filippo; сапр. Пасарэлі; Passarelli) Эдуарда

(24.5.1900, г. Неапаль, Італія — 1.11.1984),

італьянскі драматург, акцёр, рэжысёр т-ра і кіно. З сям’і акцёраў, дэбютаваў на сцэне ў 11 гадоў. У 1931—73 кіраўнік і акцёр створанай ім у Неапалі трупы «Камічны т-р Дэ Філіпа». Аўтар п’ес «Філумена Мартурана» (1946; у 1964 паводле яе В.Дэ Сіка зняў фільм «Шлюб па-італьянску»), «Мана на доўгіх нагах» (1948), «Мая сям’я» (1955), «Субота, нядзеля, панядзелак» (1960), «Мэр раёна Саніта» (1961) і інш. У кіно з 1932 выступаў як акцёр (у камедыях, пастаўленых па сваіх сцэнарыях), з 1939 — як рэжысёр. Экранізаваў свае п’есы. Сярод акцёрскіх работ — ролі ў фільмах «Травіята 1953 года», «Дзяўчаты з плошчы Іспаніі», «Золата Неапаля». Лепшы яго фільм «Неапаль — мільянер» (у пракаце «Неапаль — горад мільянераў»). У творчасці спалучаў традыцыі неапалітанскага дыялектальнага т-ра, які ўзыходзіць да камедыі дэль артэ, з прынцыпамі неарэалізму.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫВО́ (Marivaux) П’ер Карле дэ Шамблен дэ

(Carlet de Chamblain de; 4.2.1688, Парыж — 12.2.1763),

французскі пісьменнік, драматург; прадстаўнік ранняга Асветніцтва. Чл. Франц. акадэміі (з 1742). Аўтар галантна-авантурных («Фармазон...», 1712; «Дзіўныя дзеянні сімпатыі», 1713—14), парадыйна-сатыр. («Тэлемак навыварат», 1717) раманаў, бурлескнай паэмы «Іліяда навыварат» (1716). Лепшыя яго творы — рэаліст. раманы «Жыццё Мар’яны» (1731—41), «Удачлівы селянін» (1734—35). Як драматург сфарміраваўся пад уплывам тэатра Мальера і трагедый Ж.​Расіна, італьян. нар. камедыі дэль артэ. Камедыі «Сюрпрыз кахання» (1723), «Востраў нявольнікаў» (1725), «Гульня кахання і выпадку» (1730), «Перамога кахання» (1732), «Ілжывыя прызнанні» (1738) і інш. вызначаюцца лёгкасцю і лірызмам, вобразнасцю і вытанчанасцю мовы. Паўплываў на далейшае развіццё франц. драматургіі. Яго п’есу «Гульня кахання і выпадку» (1945) паставіў Брэсцкі абл. драм. т-р.

Тв.:

Рус пер. — Комедии. М., 1961;

Жизнь Марианны. М., 1968;

Удачливый крестьянин, или Мемуары г-на***. М., 1970.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЦЫ ((Gozzi) Карла) (13.12.1720, г. Венецыя, Італія — 4.4.1806),

італьянскі драматург. Граф. Быў ваенным. Выступіў супраць драматургіі К.Гальдоні і франц. асветнікаў. Падтрымліваў традыцыі Адраджэння. Стварыў новы жанр — філас. тэатр. казку (ф’яба). Першая з іх — «Любоў да трох апельсінаў» (паст. 1760). У казках 1760-х г. «Воран», «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Жанчына-змяя», «Забеіда», «Блакітная пачвара», «Шчаслівыя жабракі», «Зялёная птушка», «Дзэім, кароль джынаў, альбо Верная раба» развіваў свой трагікамічны казачны стыль, спрабаваў, нягледзячы на рэформу т-ра, захаваць традыцыі камедыі дэль артэ. Яго ф’ябы адметныя паэтычнасцю, яркасцю і аптымізмам нар. казачнай фантастыкі. Аўтар 23 п’ес, напісаных пад уплывам ісп. «камедыі плашча і шпагі», у т. л. «Любоўнае зелле» (1777), паэмы «Дзіўная Марфіза» (1772), кн. ўспамінаў «Непатрэбныя мемуары» (1797). Казкі Гоцы паўплывалі на л-ру рамантызму і тэатр 20 ст. П’есы «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Зялёная птушка» неаднаразова ставіліся і тэатрамі Беларусі.

Тв.:

Рус. пер. — Сказки для театра. М., 1989.

С.​В.​Логіш.

К.Гоцы.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)