Артрыты 1/299, 457, 544; 5/502; 7/597; 8/493

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРТРЫ́Т (ад грэч. arthron сустаў + ...іт),

зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),

канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.​Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.

Мачавая кіслата.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,

хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.​Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАМІЭЛІ́Т (ад астэа... + грэч. myelos мозг),

інфекцыйнае запаленне касцявога мозгу і ўсіх слаёў косці. Неспецыфічны астэаміэліт выклікаецца гнаяроднымі мікробамі, спецыфічны туберкулёзнай, бруцэлёзнай, сіфілітычнай і інш. палачкамі. Узбуджальнікі астэаміэліту трапляюць у косць праз кроў (гематагенным шляхам) з аддаленага гнойнага ачага (фурункула, абсцэсу і інш.), праз пашкоджаныя тканкі (адкрытыя пераломы, раненні), з інфіцыраваных тканак (гнойнае запаленне суседняга сустава). Захворванню садзейнічаюць траўмы, пераахаладжэнні, ператамленні, авітамінозы і інш. Пры астэаміэліце ў косці парушаецца кровазварот, закупорваюцца сасуды (трамбоз); косць, пазбаўленая жыўлення, мярцвее. Участкі амярцвелай тканкі паступова адрываюцца і выдаляюцца праз свішчы з гноем. Адрозніваюць астэаміэліт востры гематагенны і хранічны. Востры астэаміэліт пачынаецца раптоўна: высокая тэмпература, дрыжыкі, ірвота, часты пульс, зацямненне свядомасці. Там, дзе пашкоджана косць, узнікае прыпухласць, чырванее скура. Калі гной прарываецца, тэмпература спадае, агульны стан хворага паляпшаецца. Ускладненні: гнойныя запаленні суставаў (артрыты), пераломы касцей, вывіхі, сепсіс, пашкоджанні ўнутр. органаў. Востры астэаміэліт можа пераходзіць у хранічны з перыядычнымі абвастрэннямі. Лячэнне вострага астэаміэліту — тэрапеўтычнае, хранічнага — хірургічнае, фізіятэрапеўтычнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)