АПРО́ШЧАННЕ ў мовазнаўстве,

марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <*ob=vlakъ<*ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл. Фузія). Тэрмін прапанаваны В.​А.​Багародзіцкім.

А.​А.​Кожынава.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЧАЎ (сапр. Марынаў) Марка

(н. 13.2.1932, в. Марча Ловецкай акругі, Балгарыя),

балгарскі пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкуецца з 1946. Аўтар сатырычных і лірычных вершаваных зб-каў «Насенне спее» (1957), «Марсіянскія захапленні» (1960), «Другое прышэсце» (1962), «Бягучае дрэва» (абодва 1969), «Люстэрка адваротнага бачання», «Драпіны» (1975), «Маўклівыя сірэны» (1977), «Прафесія нязгода» (1982), «Ветэраны нічога» (1985), кн. эсэ «Апрошчанне і пракляцце падману» (1991), вершаў і казак для дзяцей. З 1993 пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь. На балг. мову перакладае творы Н.​Гілевіча, Я.​Сіпакова. На бел. мову першы Ганчава перакладае Гілевіч.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)